Адна з найбольш абмяркоўваемых зараз у грамадстве тэм – канстытуцыйная рэформа. Напярэдадні ў Мінску на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі разглядалі розныя варыянты ўдасканалення выбарчай сістэмы Беларусі.
Свае заўвагі і прапановы – якім павінен быць абноўлены Асноўны закон – рэгулярна выказваюць палітыкі, эксперты і палітолагі. Так, у адной з перадач «Акцэнты» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё эксперт РГА «Белая Русь» Пётр Пятроўскі агучыў такую думку: цяперашнюю канстытуцыйную сістэму неабходна ўдасканальваць, а не ламаць і выбудоўваць нанава. Канстытуцыя Беларусі за гады існавання прадэманстравала сваю эфектыўнасць. І большасць беларускіх грамадзян прытрымліваецца такой пазіцыі.
Безумоўна, у Асноўным законе ёсць што ўдасканальваць. Аднак тое, што раскручваюць замежныя СМІ з падачы беларускай апазіцыі, прапануючы нерэальныя змены, – разыходзіцца з патрэбамі большасці насельніцтва краіны. Гэта відаць нават па тых прапановах, што паступілі ў Канстытуцыйную камісію. Мяняць беларускую мадэль развіцця і беларускую палітычную сістэму, якая вытрымала націск самых розных узрушэнняў, наўрад ці будзе рацыянальным крокам. Станоўчыя рысы цяперашняй сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сістэмы трэба адлюстраваць у Канстытуцыі і заканадаўстве як магістральны напрамак. Зараз прыспеў час ўсе сабраныя прапановы разгледзіць з пазіцыі патрэбнасці і рэалізацыі ў канстытуцыйнай рэформе такім чынам, каб захаваць пераемнасць і максімальна ўлічыць інтарэсы і думкі грамадзян. У любым выпадку да дыялогу пра канстытуцыйную рэформу павінна быць далучана грамадзянская супольнасць.
За перыяд работы дыскусійных пляцовак склаліся механізмы, як данесці да ўлады прапановы грамадзян. Шмат зроблена дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў. Гэта камунікацыя па электроннай пошце і месенджэрах, традыцыйныя сустрэчы ў выбарчых акругах, працоўных калектывах. Частка дэпутатаў была дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу. Яны на сустрэчах у працоўных і навучэнскіх калектывах даносілі ідэі, агучаныя на Сходзе. У любым выпадку павінен быць знойдзены рэальны механізм змен, які б удасканальваў Асноўны закон, а не ламаў яго.
На думку загадчыка кафедры канстытуцыйнага права БДУ Рыгора Васілевіча, галоўнае не ў тым, якая рэспубліка (прэзідэнцкая ці парламенцка-прэзідэнцкая) будзе, а ў тым, каб было па-ранейшаму забяспечана права грамадзян на добрае кіраванне і на рэалізацыю канстытуцыйных правоў. А загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага кіравання Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай Шчокін упэўнены: такая сур'ёзная справа, як канстытуцыйная рэформа, не павінна быць паспешлівай, каб нашчадкі потым не вінавацілі нас у нядобрасумленнасці.
Увогуле ўдзельнікі працэсу заўважаюць: важна дэмакратычнае абмеркаванне Канстытуцыі. Так, ужо зараз уся інфармацыя, якая прыходзіць у канстытуцыйную камісію, грунтуецца выключна на прапановах беларусаў.
Прычым грамадзяне дастаткова актыўна выступаюць з прапановамі. Зацікаўленасць выказваюць усе – і моладзь, і старэйшае пакаленне.