Вясна, як многа ў гэтым гуку… І радасны птушыны спеў, і цурчанне ручая, і звон капяжу. Гэта і наш унутраны радасны голас, новыя яркія эмоцыі, якія рвуцца вонкі і пераўтвараюцца ў музычныя шэдэўры, як кантата «Вясна» Рахманінава ці «Песня жаўрука» з фартэпіяннага цыклу «Поры года» Чайкоўскага. Ёсць нямала і ўзнёслых вершаваных радкоў, напрыклад, такія Якуба Коласа:
Ну, а калі гаварыць прозай, то вясна – адна з чатырох пор года, пераходны сезон паміж зімой і летам. Ёсць некалькі класіфікацый гэтага перыяду і розныя метады вызначэння пачатку і заканчэння, якія залежаць ад мясцовага клімату, культур і звычаяў.
Вядома, што калі ў Паўночным паўшар’і вясна, то ў Паўднёвым – восень і наадварот. Каляндарная вясна складаецца з трох месяцаў, у нашым паўшар’і гэта сакавік, красавік і май, у Паўднёвым – верасень, кастрычнік і лістапад. Астранамічная вясна наступае ў час вясенняга раўнадзенства (сёлета гэта 20 сакавіка) і працягваецца да летняга сонцастаяння, 21 чэрвеня. Кліматычную вясну метэаролагі вызначаюць па сярэдніх штомесячных тэмпературах сезона. У нашай кліматычнай зоне лічыцца, што вясна прыйшла, калі сярэднясутачная тэмпература пачынае перавышаць 0 градусаў. А феналагічную вясну звычайна звязваюць з абуджэннем прыроды: пачаткам вегетацыі, вяртаннем пералётных птушак, выхадам са спячкі жывёл.
У чалавека вясна ў кожны перыяд жыцця выклікае розныя пачуцці. У дзяцінстве, узгадаем, мы вясну адчуваем вельмі ярка: гучна радуемся яркаму сонейку, кожнай лужыне і першай кветцы. У юнацтве яна набывае іншы водар, водар кахання і страсці, калі сэрца фантаніруе магутнай энергіяй. У сталым узросце вясной больш вабіць прырода, свежае паветра, спакойнае сузіранне перамен навокал. Але яна ніколі не праходзіць незаўважна. Больш за тое, яе чакаюць, гукаюць, сустракаюць. І ў кожнай краіне ёсць свае традыцыі, рытуалы, абрады.
Ва ўсіх на слыху малдаўскае свята Марцішор, якое носіць назву ад традыцыйнага ўпрыгажэння – маленькіх кветачак і амулетаў з яркіх нітак. Іх пачынаюць дарыць адно аднаму з першага сакавіка, а ў канцы месяца вешаюць на квітнеючыя дрэвы.
Не менш вядомае японскае свята Ханамі – любаванне цвіценнем сакуры, якое суправаджаюць сустрэчы з роднымі і сябрамі на прыродзе пад сакэ і пышныя фестывалі.
Па-сапраўднаму феерычна сустракаюць вясну ў Індыі: свята фарбаў Холі праходзіць у канцы другой дэкады сакавіка з масавымі гуляннямі.
У Мексіцы надыход вясны вітаюць ля пірамід Сонца і Месяца. Лічыцца, што той, хто падняўся па шматлікіх прыступках на вяршыню піраміды і пагрэўся у промнях цёплага сонейка, заручыўся ўдачай на ўвесь год.
У Грэцыі да сустрэчы любімай пары рыхтуюцца грунтоўна: упрыгожваюць дамы кветкамі, гірляндамі, на вуліцах ладзяць карнавальныя шэсці з галоўным сімвалам свята – драўляным жазлом.
У кожнай зямлі Германіі свае традыцыі, якія залежаць ад рэлігійнай канфесіі. У католікай – некалькі дзён яркага Фашынгу: карнавал, пышныя аладкі, баварскія каўбаскі з традыцыйнай тушанай капустай і рэкі піва з глінтвейнам.
Сціпла, у адзін дзень, французы адзначаюць Мадры Гра, але пры поўным стале, на якім шмат закусак, блінцы-крэпы і традыцыйная цяляціна, якой дзеляцца з гасцямі. Ёсць у іх традыцыя спальвання саламянага пудзіла зімы, якая захавалася і ў славянскіх народаў.
На нашых землях здаўна з зімой развітваюцца падчас Масленіцы. А вясну клікаюць-гукаюць у дзень вясновага раўнадзенства. Згодна з павер’ем, у гэты дзень са Светлага Ірыя прылятаюць 40 птушак, першы з іх – жаўрук. У адной з беларускіх песень-вяснянак так і пяецца:
Беларускія абрады гукання вясны багатыя на шматлікія прыпеўкі, заклінанні, у якіх побач з рытуальнымі матывамі – абудзіць жыватворную сілу прыроды – знайшлі ўвасабленне тэмы любові да роднай зямлі і стваральнай працы чалавека.
Гэты тыдзень – якраз масленічны. Час пячы блінцы, хадзіць у госці, ладзіць гулянні і забавы, абменьвацца падарункамі і разам радавацца першым веснавым дням. Дарэчы, у Круглянскім раёне ёсць вёска Вясна, як, між іншым, і ў Цвярской вобласці Расіі. Думаю, там свята заўсёды адзначацца шырока. А яшчэ мне ўзгадалася дзяўчына з імем Весна, па-мясцоваму з націскам на першы складзе. Яе сустрэла ў Чарнагорыі. І хаця тады было лета са жнівеньскай спякотай, мне яна адразу нагадала вясну: капа рудых валасоў, вяснушкі на ўвесь твар і радасны залівісты смех. Уся такая рухавая, хуткая на хаду і працу, яна ўвасабляла сабою ўсё самае лепшае, светлае, шчырае. Таму яе вобраз так запаў у душу і памяць…
Няхай жа сёлетняя вясна абудзіць у нашых сэрцах самыя лепшыя чалавечыя якасці і пачуцці – душэўнасць, спагаду, міралюбства, жаданне рабіць дабро, здзяйсняць высакародныя учынкі, займацца стваральнай працай. Тады доўгачаканы, любімы час года расквітнее больш яркімі фарбамі, а мы самі станем духоўна больш багатымі і шчаслівымі. Я так думаю. А вы?