Падзяліцца:
«Выбар – правільны! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 09.08.2021
«Выбар – правільны! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Год таму грамадзяне Беларусі стаялі перад выбарам: разам з моцным лідарам далей спакойна і мірна будаваць сваю суверэнную дзяржаву ці апынуцца ў віры анархіі і страціць незалежнасць. Грамадства расхіствалі звонку і знутры. Некторыя, разагрэтыя варожымі тэлеграм-каналамі, паддаліся на правакацыі, але большасць зрабіла правільны выбар. Не здрыганулася сама ўлада, сілавыя структуры аказаліся верныя прысязе.

«Лицом к лицу лица не увидать. Большое видится на расстояньи» – справядліва сцвярджаў Сяргей Ясенін. У гэтым кантэксце правільнасць мінулагодняга жнівеньскага выбару добра ілюструюць вынікі маштабнага сацыялагічнага апытання, праведзенага літаральна праз паўгода.

Яно, нагадаю, было арганізавана Аналітычным цэнтрам ЕсооМ сумесна з акрэдытаванымі ў Беларусі сацыялагічнымі цэнтрамі. Гэта было двухэтапнае палявое даследаванне – з пілатажным тэлефонным апытаннем, выкарыстаннем папяровых анкет і планшэтаў. Апытана каля 10 тысяч чалавек у 108 населеных пунктах з выкарыстаннем усіх прынцыпаў рэпрэзентатыўнасці: пол, узрост, адукацыя і г. д. Акцэнт быў на адкрытых пытаннях, што дазваляла максімальна ўлічыць меркаванні рэспандэнтаў і стварыць аб’ектыўную карціну грамадскай думкі.

Аказалася, што грамадзяне Беларусі больш за ўсё шануюць стабільнасць і парадак, суверэнітэт і незалежнасць. А затым сярод галоўных каштоўнасцей выбіраюць сям’ю, здароўе, душэўны спакой і камфорт. Да таго ж зацікаўлены ў моцнай дзяржаве-абаронцы і накіраваны на салідарнасць, праяву асабістай ініцыятывы. Падтрымліваюць сацыяльную ўнутраную палітыку, вітаюць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з Расіяй. І што важна – аказваюць высокі давер абранаму Прэзідэнту.

Але спробы расхістаць наша грамадства працягваюцца, супраць Беларусі развязана сапраўдная гібрыдная вайна: інфармацыйныя атакі, знешнепалітычны ціск, ваенная пагроза з правакацыямі на мяжы, задейнічанне так званай «мяккай сілы» праз няўрадавыя грамадскія аб’яднанні, фінансуемыя з-за мяжы, спробы знішчыць эканоміку з прымяненнем розных санкцый. І што асабліва абуральна і цынічна – да эканамічных санкцый заклікаюць лідары беглых «змагароў». Санкцыі супраць сваёй краіны, свайго народа – незразумела, алагічна, неверагодна. Нездарма яны сябе так і называюць «неверагодныя».

Зразумела, такія подлыя, бессаромныя паводзіны асуджаюць разважлівыя беларусы. І разумеюць, каму гэта выгадна. Даныя апошняга, ліпеньскага сацыялагічнага даследавання Аналітычнага центра ЕсооМ паказваюць: пераважная большасць апытаных адмоўна ставіцца да санкцый, амаль палова правільна прадбачыць, што санкцыі пагоршаць жыццё беларусаў і могуць парушыць нашу незалежнасць.

Ну, а што да мэт апанентаў улады, то адказы рэспадэнтаў красамоўна сведчаць: за дзеяннямі лідараў апазіцыі стаяць іх асабіснтыя інтарэсы і інтарэсы іншых краін. І што цікава, колькасць тых, хто так мяркуе зараз, значна вырасла ў параўнанні з лютаўскім апытаннем. Значыць, усё больш людзей пераасэнсоўвае падзеі паслявыбарчага перыяду, аналізуе, што адбывалася, робіць вывады і разумее, за кім праўда.

Гэты градус грамадскай думкі дэманструе калектыўнаму Захаду, што ў развязанай ім гібрыднай вайне супрацьстаіць вялікая сіла – адзінства беларускага народа і ўлады. І як бы не хацелі знешнія сілы і беглыя апазіцыянеры раздзяліць нас на «нашых» і «нянашых», беларускае грамадства захавала сваё адзінства па ключавых каштоўнасцях – гістарычная памяць і пераемнасць пакаленняў, хрысціянскія ідэалы і гарантаванне базавых правоў чалавека, годнасць беларускай нацыі і незалежнасць краіны.

Абвяшчэнне 2021-га Годам народнага адзінства, усталяванне новага свята Дня народнага адзінства 17 верасня – гэта яшчэ крокі да кансалідацыі наша грамадства і далейшага развіцця роднай Беларусі.

Год таму мы зрабілі правільны выбар. Я ўпэўнена ў гэтым. Думаю, і вы таксама.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: