Абвяшчэнне 2021-га Годам нацыянальнага адзінства і падрыхтоўка да Усебеларускага народнага сходу — важныя падзеі ў жыцці краіны, для кожнага беларуса і нашай агульнай гісторыі. Аб’яднальная роля форуму не выклікае сумненняў. Падрыхтоўка да яго завяршаецца. Абраны дэлегаты. Аргкамітэт працуе над ініцыятывамі, якія будуць агучаны на форуме. Паступіла каля 17 000 прапаноў.
Усебеларускі народны сход павінен выпрацаваць стратэгію развіцця нашай дзяржавы. Падрыхтаваны праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021–2025 гады. Ён прадугледжвае паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, што і будзе прыярытэтам для Беларусі ў новай пяцігодцы. Вырашэнне гэтай задачы забяспечваецца праз нарошчванне эканамічнага патэнцыялу галін і рэгіёнаў. Дэлегаты форуму за некалькі тыдняў да яго азнаёмяцца са зместам праекта, каб прапановы былі канкрэтнымі.
На думку экспертаў, важная задача Сходу — прыняць палітычныя рашэнні: як у дзяржаве будуць пераразмеркаваны паўнамоцтвы, якія прапановы па рэфармаванні канстытуцыйнага ладу лічыць слушнымі — і прыняць рашэнне аб рэферэндуме, на якім яны будуць зацверджаны.
У праграме «Грамадства і ўлада» прымае ўдзел кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Яўген Крыштаповіч.