Хачу паспрачацца з народнай мудрасцю, а хутчэй – крыху ўдакладніць яе. Англійская прымаўка сцвярджае, што бясконца можна глядзець на тры рэчы: як гарыць агонь, як цячэ вада і як працуе іншы чалавек. Рэч трэцюю я б трактавала так: бясконца можна глядзець, як смяюцца дзеці! Што можа быць лепей за шчыры, звонкі, залівісты дзіцячы смех, смех ад пачуцця радасці, шчасця, якімі поўняцца маленькія сэрцы ў адказ на дабрыню і спагаду дарослых?!
26-ты раз марафон добрых спраў заклікае рабіць шчаслівым кожнае дзіця. Асаблівая ўвага тым, хто застаўся ў гэтыя святочныя дні без апекі дарослых ці трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. У маштабнай навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» прымаюць удзел працоўныя калектывы і грамадскія аб’яднанні, высокія чыноўнікі і прадстаўнікі мясцовай улады – прыходзяць з падарункамі ў дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем’і, цэнтры рэабілітацыі і бальніцы. І кожны такі візіт – свята і здзяйсненне дзіцячых мар!
Як гэта адбылося ў маленькай Машы з бабруйскага дзіцячага дома, якая марыла сустрэць Новы год у прыгожай сукенцы і туфліках з каменьчыкамі. І добая фея ў асобе кіраўніка народнага тэатра моды «Александрына» абласнога Палаца культуры Таццяны Палазковай, даведаўшыся пра запаветную мару дзяўчынкі, дапамагла ажыццявіць яе.
Колькі такіх сюрпрызаў, шчаслівых імгненняў, яскравых падзей адбываецца ў гэтыя дні! Гульні, ранішнікі, балі, шоу-праграмы, майстар-класы, карагоды ля ёлкі з Дзедам Марозам і Снягуркай…
У Мінскім гарадскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей правялі конкурс «Куфар навагодніх цудаў», а самым маленькім са шматдзетных сем’яў падарылі спектакль-казку «Цуды пад Новы год». На Брэстчыне абласную навагоднюю ёлку правялі ў Белавежкай пушчы, упершыню зрабілі такі падарунак для адораных школьнікаў, рабят са шматдзетных сем’яў, дзяцей-сірот. Іх вітаў беларускі Дзядуля Мароз і разам з губернатарам уручаў салодкія падарункі.
Святы, дабрачынныя акцыі, цікавыя мерапрыемствы ад Беларускага дзіцячага фонду ладзяцца ў кожным рэгіёне, у сотнях устаноў. У Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў удзельнікамі праграмы сталі хлопчыкі і дзяўчынкі з апякунскіх і шматдзетных сем’яў, на спектакль «Папялушка» у Магілёўскі абласны тэатр лялек былі запрошаны выхаванцы карэкцыйна-развіваючых цэнтраў, а Рэспубліканскі гарналыжны курорт «Сілічы» наведалі выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і іх прыёмныя бацькі.
Традыцыйную «Ёлку жаданняў» праводзіць Гродзенская абласная агранізацыя Беларускага Таварыства Чырвона Крыжа для падтрымкі дзяцей з апякунскіх, няпоўных, прыёмных сем’яў. Навагодняе дрэва з дзіцячымі марамі размясцілася ў гандлёвым цэнтры. І кожны жадаючы можа набыць падарунак, які пазначаны на паштоўцы, а валанцёры потым даставяць па адрасе. Так, традыцыйна ў навагодні марафон дабра ўключаюцца валанцёрскія атрады. Добраахвотнікі ідуць з віншаваннямі да тых дзетак, хто ў гэтыя святочныя дні трапіў у бальніцу ці па іншых абставінах не можа прыйсці на свята. Іх акцыя «Дзеці – дзецям» нікога не пакіне без увагі.
Нашы калегі на тэлеканале «Беларусь 4. Магілёў» правялі ўжо сёмы па ліку дабрачынны тэлемарафон пад цудоўнай назвай «Сагрэем дзіцячыя сэрцы». І сагрэлі не адно – святочным настроем, уручэннем запаветных падарункаў адразу ў прамым эфіры. А добрыя і мудрыя кнігі ад выдавецтва «Мастацкая літаратура», якія ўручыў падчас марафону дырэктар установы Алесь Бадак, папоўняць не адну бібліятэку дзіцячых сацыяльных устаноў.
Ёсць свае адрасы дабрачыннасці і ў калектыву Беларускага радыё. Штогод у гэтыя святочныя дні журналісты апранаюць касцюмы Дзеда Мароза, Снягуркі, іншых казачных герояў, пакуюць падарункі з цацкамі, цукеркамі, канцылярскімі прыладамі, іншымі патрэбнымі рэчамі. На гэты раз накіраваліся ў Лагойскі раён і сталі жаданымі гасцямі ў двух дзіцячых дамах сямейнага тыпу, дзе выхоўваюцца 6 і 8 дзяцей. Там іх чакалі і былі вельмі рады. Ну, а добры настрой заўсёды гарантаваны ўсім удзельнікам такіх сустрэч.
Марафон добрых спраў працягваецца, наперадзе яшчэ шмат святочных мерапрыемстваў і навагодніх цудаў. А кульмінацыяй стане, канечне, Прэзідэнцкая ёлка ў Палацы Рэспублікі, куды з’едуцца хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх куткоў краіны – навучэнцы кадэцкіх вучылішчаў і спецыялізаваных ліцэяў, пераможцы алімпіяд і творчых конкурсаў, дзеці са шматдзетных сем’яў і сем’яў бежанцаў, выхаванцы дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў. Дарэчы, Рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» праходзіць пад патранатам кіраўніка дзяржавы, які стаяў ля вытокаў гэтай добрай і адмысловай беларускай традыцыі. Плануецца, што сёлета ў ёй прымуць удзел каля мільёна хлопчыкаў і дзяўчынак.
Далучыцца да яе і ўнесці свой уклад у марафон добрых спраў можа кожны дарослы. Звярніце ўвагу на дабрачынныя рахункі, якія вы пры жаданні знойдзеце на сайце многіх арганізацый, прыміце ўдзел у акцыях, што праводзяцца ў гэтыя дні ў многіх гандлёвых цэнтрах для падтрымкі пэўных дзіцячых устаноў. Можаце разам з сябрамі і блізкімі арганізаваць візіт у адну з іх. А можна праявіць увагу, ўручыць невялічкі падарунак дзіцяці з няпростым лёсам, якое трапілася на вашым жыццёвым шляху.
Як смяюцца дзеці – можна глядзець бясконца! Я так думаю, а вы?