Падзяліцца:
Юрый Пунтус пра кар'еру і не толькі - «Беларусь спартыўная»
  • Перадача: Беларусь спартыўная
  • Дата: 27.01.2021
Юрый Пунтус пра кар'еру і не толькі - «Беларусь спартыўная»

У свой час ён узначальваў барысаўскі БАТЭ, а з маладзёжнай зборнай упершыню ў айчынным футболе прабіўся на топ-турнір. У мінулым сезоне гэты спецыяліст заваяваў з жодзінскім «Тарпеда-БелАЗ» бронзавыя медалі Вышэйшай лігі. Знакаміты футбольны трэнер Юрый Пунтус падзяліўся сваімі яскравымі момантамі.

Сваю гульнявую кар’еру Юрый Пунтус пачынаў у сталічным «Трактары». Потым былі мікашэвіцкі «Граніт», баранавіцкі «Лакаматыў», мінскі «Спадарожнік». Аднак Юрый Іосіфавіч праявіў сябе ў якасці футбольнага менеджара. Паваротным момантам у трэнерскай кар’еры спецыяліста стаў 1996-ы. Тады ён узначаліў барысаўскі БАТЭ і прайшоў з камандай шлях ад другой лігі айчыннага клубнага футбола да Вышэйшай. Двойчы настаўніку ўдалося заваяваць з «жоўта-сінімі» залатыя медалі Чэмпіянату Беларусі. Яшчэ барысаўчане пад кіраўніцтвам Пунтуса станавіліся сярэбранымі прызёрамі і бронзавымі. Папрацаваў настаўнік і з маладзёжнымі зборнымі розных скліканняў. Тут узгадаем кваліфікацыю да Еўра–2004. У складзе той залатой каманды Пунтусу было на каго разлічваць: Юрый Жаўноў, Аляксей Бага, Аляксандр і Вячаслаў Глеб, Цімафей Калачоў, Павел Бяганскі, Максім Цыгалка і іншыя. З гульцамі такога ўзроўню настаўнік змог упершыню адабрацца на кантынентальны форум, а вось у асноўнай сетцы беларусам крыху не хапіла, каб прабіцца ў плэй-оф. Потым настаўнік паспрабаваў свае сілы ў нацыянальнай камандзе. Усе свае хатнія матчы зборная праводзіла на стадыёне «Дынама». Юрый Іосіфавіч прызнаецца, што гэта адно з самых любімых яго месцаў у нашай сталіцы.

Пунтус узначаліў нацыянальную зборную Беларусі ў лютым 2006-га года. Перад кваліфікацыяй да Чэмпіянату Еўропы 2008. Па выніках жараб’ёўкі нашы футбалісты трапілі ў квартэт «Джы» разам з Нідэрландамі, Румыніяй, Балгарыяй, Славеніяй, Албаніяй і Люксембургам. Першай вікторыі ў гэтым адборы балельшчыкам прыйшлося пачакаць. У чацвёртым туры беларусы прымалі на «Дынама» славенцаў і ў напружаным матчы святкавалі поспех. Юрый Пунтус узгадвае той паядынак.

Аднак Юрый Пунтус не доўга ўзначальваў нацкаманду. Два паражэнні ад балгар: у Мінску – 0:2 і ў Сафіі – 1:2 вельмі панізілі шансы зборнай на паспяховае завяршэнне гэтай адборачнай кампаніі. 14-га ліпеня 2007-га было абвешчана аб адстаўцы спецыяліста. На пасадзе галоўнага трэнера Пунтуса змяніў нямецкі спецыяліст Бернд Штанге. Аднак ракіроўка на капітанскім мосціку не дапамагла нашым футбалістам кваліфікавацца на Еўра. Юрый Іосіфавіч расказвае, што не атрымалася ў яго ў галоўнай камандзе краіны.

У зборную заўсёды выклікаюцца гульцы, якія з’яўляюцца на пэўны момант наймацнейшымі. У нацкамандзе 2000-ых была вялікая канкурэнцыя: Сяргей Гурэнка, Максім Рамашчанка, Віталь Кутузаў, Аляксандр Глеб, Сяргей Штанюк, Андрэй Лаўрык, Цімафей Калачоў… Усе яны ў сваіх клубах былі на вядучых ролях. Аднак да кожнага футбаліста трэба знайсці асаблівы падыход. Юрый Пунтус прызнаецца, што з некаторымі гульцамі адбываліся канфлікты падчас гэтай адборачнай кампаніі.

На жаль, апошнім часам зборныя Беларусі розных узростаў не радуюць балельшчыкаў добрымі вынікамі. Летась зборная мела добры шанс прабіцца ў топ-турнір, але ў паўфінале Лігі Нацый нашы футбалісты саступілі грузінам – 0:1. Другі год запар айчынныя клубы не могуць прабіцца і ў групавыя этапы еўракубкаў. Юрый Пунтус лічыць, што трэба звярнуць больш пільную ўвагу на дзіцяча-юнацкі футбол.

Вядучы Яўген Калечыц і аўтар Павел Вішнякоў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: