Усё больш відавочна: аднапалярны свет разбураецца. І неабходна ўжо зараз выпрацоўваць прынцыпы пабудовы новага шматпалярнага. Гэта і адбывалася на палях 146-ай Асамблеі Міжпарламенцкага саюза, якая днямі праходзіла ў Манаме, сталіцы Каралеўства Бахрэйн. Дарэчы, у цырымоніі адкрыцця форуму прымаў удзел Кароль Бахрэйна Хамад ібн Іса Аль Халіфа.
Удакладню: Міжпарламенцкі саюз – адна з самых найстарэйшых і аўтарытэтных міжнародных арганізацый, якая служыць для каардынацыі дзеянняў парламентаў свету. Заснавана яшчэ ў 1889 годзе і аб’ядноўвае цяпер 178 дзяржаў, мае 14 асацыіраваных членаў. Беларусь – член Міжпарламенцкага саюза з 1995 года.
Сёлета ўдзел у Асамблеі прымалі амаль 2 тысячы дэлегатаў са 140 краін, у тым ліку і дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі. Удзельнікі форуму адзначылі складанасці і непрадказальнасць сусветнага кантэксту. Этнічныя, рэлігійныя, лакальныя войны, тэрор, рэсурсныя спрэчкі абцяжарваюцца кліматычнымі і стыхійнымі бедствамі. У гэтых умовах, замест праяў нецярпімасці і рознага віду ціску з боку глабальных ігракоў, неабходна еднасць намаганняў усіх дзяржаў для вырашэння актуальных праблем чалавецтва.
Сёлета МПС заклікае ўрады і заканадаўчыя органы краін садзейнічаць мірнаму суіснаванню, фарміраванню справядлівага, інклюзіўнага грамадства, умацаванню эканамічных сувязей на аснове раўнапраўнага партнёрства і ўзаемнай павагі.
Наколькі такія канструктыўныя і міралюбныя заявы адрозніваюцца ад ваяўнічай рыторыкі дэпутатаў Еўрапарламента, якія ў чарговы раз заклікалі да пашырэння санкцый у адносінах да Беларусі! Наколькі паважлівы, добразычлівы тон дыскусій на палях Міжпарламенцкага саюза прагучаў дысанансам крыклівай, абразлівай атмасферы ў калідорах Еўрасаюза! Дастаткова ўзгадаць правакацыю, якую ўчынілі некаторыя еўрапейскія палітыкі падчас выступлення беларускай дэлегацыі на лютаўскай сесіі Парламецскай асамблеі АБСЕ. Замест таго, каб па-сапраўднаму вырашаць праблемы міру і вайны, тыя займаюцца апошнім часам уласным піярам і наўмысна ўносяць разлад у сумесную работу.
Наогул, міжнародныя структуры ствараліся ў свой час менавіта як пляцоўкі для дыялогу. Каб прадстаўнікі розных краін з рознымі пунктамі гледжання, нават з дыяметральна супрацьлеглымі, маглі слухаць і чуць адзін аднаго, каб разам знаходзіць рашэнні актуальных праблем на карысць усяго чалавецтва. На гэтых прынцыпах, дарэчы, фарміравалася ў тым ліку і ААН.
Між іншым, і гісторыя АБСЕ пачыналася ў перыяд разрадкі міжнароднай напружанасці (гэта пачатак 1970-х гадоў), калі была заснавана Нарада па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, закліканая служыць шматбаковым форумам для дыялогу і перамоў паміж Усходам і Захадам. З часам Нарада стала называцца Арганізацыяй і страціла адпаведнасць сваёй сферы адказнасці – служыць бяспецы і супрацоўніцтву.
На жаль, зараз мы бачым дэградацыю некаторых іншых міжнародных інстытутаў, якія праводзяць дэмантаж агульнапрынятых прынцыпаў зносін – зневажэнне міжнароднага права, прыёмаў дыпламатыі, этыкі паводзін. Але ж такая палітыка, у тым ліку еўраструктур – тупіковая. І калектыўны Захад з іх ваяўнічай каланіяльнай палітыкай – далёка не ўвесь свет. Фарміруюцца зараз новыя цэнтры эканамічнай і палітычнай сілы, узрастае значнасць такіх парламенцкіх рэгіянальных арганізацый, як Лацінаамерыканскі парламент (Парлаціна), Панафрыканскі парламент (ПАП), Парламенцкае вымярэнне АСЕАН і многія іншыя. Аснова для дыялогу ў нашым рэгіёне – Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, Парламенцкая Асамблея АДКБ, Міжпарламенцкая Асамблея СНД.
Часам гучыць думка, маўляў, навошта нам такія міжнародныя пляцоўкі, дзе нельга весці раўнапраўны дыялог, дзе навешваюць безпадстаўныя ярлыкі і могуць нават абразіць? Але Беларусь не адмаўляецца ад удзелу ў іх рабоце. Бо такім чынам мы даносім сваю пазіцыю як мага большай аўдыторыі, адстойваем сваё бачанне ўладкавання справядлівага свету, імкнёмся знайсці саюзнікаў у падтрымку гэтага працэсу і дапамагаем пераадолець крызіс глабальных інстытутаў.
Уявіце, зараз глабальны індэкс міралюбнасці на самым нізкім узроўні за апошнія 15 гадоў. Таму думаю, кожнаму з нас неабходна ўсвядоміць, наколькі важна цяпер аб’яднаць намаганні, каб пазбегнуць новай вялікай вайны, каб палітыка ў інтарэсах большасці насельніцтва планеты стала рэальнай сілай.