«Зямля блакітная!» – усклікнуў Юрый Гагарын, першы чалавек, які ўбачыў нашу планету з космасу. Такі колер абумоўлены наяўнасцю вялікай колькасці вады на яе паверхні, якая, як вядома, адлюстроўвае сіні колер неба ці атмасферы.
Якая ж яшчэ яна, наша Зямля? Падлічана, што ёй 4,5 мільяды гадоў. Знешні выгляд ці форма – не шар, не сфера, а геоід, бо паверхня няроўная. Па экватары – амаль 40010 кіламетраў, ад паверхні да цэнтра расплаўленага ядра роўна 6378 кіламетраў. Прычым сапраўдныя цвёрдыя пароды (літасфера) фарміруюць пласт усяго каля 70 кіламетраў.
Дарэчы, сучаснай назве планеты больш за тысячу гадоў, яна мае германскае паходжанне і азначае словат «глеба». Раней грэкі назвалі Зямлю Геяй у гонар тытанічнай істоты, а рымляне выбралі слова «тело» – проста аб’ект.
А яшчэ наша планета – жывы арганізм. І як кожны касмічны – падуладная законам Светабудовы, залежыць ад сонечных магнітных хваляванняў, змены фаз свайго спадарожніка Месяца і… адчувальная да дзеянняў чалавека.
Эколагі б’юць трывогу: ідзе забруджванне вод акіяна пластыкам, працягваецца высечка лясоў, інтэнсіўныя метады прыродакарыстання збядняюць глебу і біяразнастайнасць, наогул, апетыты сучаснага грамадства спажывання адмоўна ўплываюць на клімат і разбураюць экасістэму планеты.
Наша Зямля, наш агульны ўтульны дом, просіць дапамогі! І людзі адгукнуліся. Штогод 22 красавіка адзначаецца глабальнае свята – Сусветны дзень Маці-Зямлі, якое абвешчана Генеральнай асамблеяй ААН і накіравана на вырашэнне наспелых экалагічных праблем.
Дарэчы, у нацыянальных календарах многіх краін свету прысутнічаюць падобныя святы. У Паўночным паўшар’і яны адзначаюцца вясной, у Паўднёвым – восенню. Напрыклад, у Японіі «Дзень зеляніны» прызначаны на 4 мая, у Алжыры «Дзень пасадкі дрэва» праходзіць 27 кастрычніка. І ўсе яны накіраваны на захаванне прыроднага ландшафту, садзенічаюць гарманічнаму існаванню чалавека з іншымі насельнікамі Зямлі.
Але галоўнае, думаю, наша планета як жывы арганізм больш за ўсё церпіць ад негатыўнай энергіі, што сабралася за ўсю гісторыю існавання чалавецтва. Ад той агрэсіі, злосці, нянавісці, якую прадуцыруюць некаторыя людзі ў адносінах да іншых і нават цэлых народаў.
Навукоўцы швейцарскага статыстычнага цэнтра падлічылі: за 5000 гадоў чалавечай гісторыі толькі 292 гады на Зямлі не было войн. А падчас больш чым 15500 вялікіх і малых войн былі знішчаны 3 мільярды 640 мільёнаў жыццяў! Зараз, дарэчы, насельніцтва планеты налічвае больш за 8 мільярдаў чалавек.
І сёння ў свеце неспакойна. Ваенныя канфлікты не заціхаюць, лакальныя войны не спыняюцца. Дзяржавы назапасілі столькі зброі, што ўмомант можна знішчыць не толькі ўсё жывое, але і саму планету.
Таму тэма барацьбы за мір зараз выходзіць на першы план. І ў першых шэрагах апалагетаў міру – наша Беларусь. У нас не забыты ўрокі Вялікай Айчыннай вайны, якая каштавала мільёнаў жыццяў нашых грамадзян. Беларусы цвёрда ведаюць і памятаюць: няма на Зямлі нічога даражэй, чым мір!
У сусветны дзень Маці-Зямлі ў нашай краіне рэспубліканскі суботнік. Час стваральнай працы на зямлі, каб яе аздабляць, упрыгожваць, рабіць наш агульны дом больш утульным і прыцягальным для саміх жыхароў і гасцей. Каб выконваць наказ першага касманаўта-зямляніна Юрыя Гагарына: «Абляцеўшы Зямлю ў караблі-спадарожніку, я ўбачыў, якая цудоўная наша планета. Людзі, будзем захоўваць і памнажаць гэтую прыгажосць, а не разбураць яе!»
А так думаю, а вы?