У такой навуцы як краіназнаўства можна сустрэць тэрмін «дзяржавы-суседкі першага парадку». Да іх адносяцца тыя, якія непасрэдна мяжуюць з кожнай пэўнай краінай. Для Беларусі гэта Расія, Украіна, Польшча, Літва, Латвія. І па сутнасці, стасункі з такімі дзяржавамі, як і ў звычайным жыцці, маюць прыярытэтнае значэнне. Нездарма ў народзе кажуць, што «блізкі сусед лепей за далёкіх родзічаў» і «жыць суседзям лепш у добрай бяседзе».
Беларусь так і імкнецца наладжваць адносіны з памежнымі краінамі. Але не ўсе згодныя з народнай мудрасцю. Прыкладаў за апошнія гады назбіралася шмат. Дастаткова ўзгадаць, як Польшча і Літва спяшаюцца адгарадзіцца ад суседзяў-беларусаў, узводзячы на мяжы плот з бетону і металу вышынёў 5 метраў. А Украіна без усялякіх падстаў увяла эмбарга на беларускія авіяпералёты і, як краіны Балтыі, падтрымлівае ўсе санкцыі супраць нас.
Можна прыгадаць і тую шматгадовую падрыўную дзейнасць, і інфармацыйную вайну супраць Беларусі, якія вядуцца на тэрыторыі суседніх краін пры падтрымцы іх улад. І што зусім не мае апраўданняў – у гэтай бесчалавечнай вайне не шкадуюць нават дзяцей.
Вось адна з апошніх навін. Санаторый «Беларусь» у Друскінінкаі не можа зараз прымаць на лячэнне і рэабілітацыю беларускіх дзяцей. Прычына? МЗС Літвы адказвае ў выдачы віз на сумніўнай падставе «ваенных дзеянняў ва Украіне», у якіх, падкрэслю, Беларусь не ўдзельнічае! Абсурднасць такіх паводзін афіцыйных улад не падзяляюць нават у мэрыі Друскінінкая і звярнуліся да прэзідэнта Літвы з просьбай вырашыць пытанне на карысць здароўя дзяцей.
Не грэбуюць уцягнуць малалетніх у свае брудныя гульні і ў Латвіі. Памятаеце, як на «Славянскім базары» юныя журналісты з рыжскай дзіцячай Акадэміі радыё і тэлебачання бралі інтэрв’ю ў нашага Прэзідэнта? Дык вось, зараз дзіцячы калектыў пад пагрозай закрыцця, дагавор рэнты памяшкання перарваны, з падачы кіраўніка МЗС Латвіі яго работу аператыўна праверылі спецслужбы. Вердыкт, на жаль, чаканы: дзейнасць дзіцячай акадэміі прызнана незаконнай. А саміх дзяцей і іх настаўнікаў правяраюць па артыкуле «Здрада»
з-за удзелу ў фестывалі. Такая іх свабода слова па-еўрапейску.
І вось такая чарговая суседская «гасціннасць»: зараз, пры ўездзе на тэрыторыю Латвіі, грамадзяне Беларусі і Расіі падвяргаюцца больш жорсткай праверцы, у некаторых нават патрабуюць на мяжы падпісаць дакумент аб «асабістым асуджэнні спецаперацыі ва Украіне». Пагранічнае ведамства рапартуе: у візе адмоўлена 41 расіяніну і 14 беларусам.
А Эстонія жадае пайсці далей у сваёй «гасціннасці» і прапануе наогул зарабаніць уезд у Еўрасаюз грамадзянам Расіі, падкрэслю, сваім жа суседзям. Такі радыкальны крок будуць абмеркоўваць на бліжэйшай міністэрскай сустрэчы краін ЕС.
Наогул, у сваёй антысуседскай палітыцы Балтыйскія краіны даходзяць да абсурду. Стала вядома, што мерч Прэзідэнта Беларусі ўнеслі ў штогадовую справаздачу аб пагрозах нацыянальнай бяспецы Літвы. Так што адзенню – байкам, майкам, кепкам з мерчам Першага таксама будзе адказана ў візе…
У гэты час вар’яцтва ўлады і палітыкаў краін-суседак Беларусь чарговы раз дэманструе дружалюбныя адносіны: уведзены бязвізавы ўезд для грамадзян Літвы і Латвіі (з 15 красавіка), Польшчы (з 1 ліпеня). Такой нагодай скарысталіся ўжо больш за 158 тысяч гасцей: 102 тысяч літоўцаў, амаль 54 тысяч латышоў, крыху больш за 2 тысячы 200 палякаў. І лічбы гэтыя будуць расці, бо «бязвіз» дзенічае да канца года, абмежаванняў па колькасці наведванняў няма.
Працягваюць прыбываць у Беларусь і жыхары суседняй Украіны. Нямала з іх вырашаюць застацца тут жыць і працаваць, стаць грамадзянінам нашай краіны. І пытанне гэта вырашаецца аператыўна. Мы рады ўсім, хто да нас з добрымі намерамі! Больш за тое, гучаць прапановы ад парламентарыяў увесці спрошчаны парадак набыцця грамадзянства і для жыхароў Польшчы, Літвы, Латвіі.
І сутнасць такіх крокаў зразумелая: Беларусь жадае жыць у міры і згодзе з усімі краінамі свету, але асабліва – з дзяржавамі-суседкамі «першага парадку» На тое і стаяць яны ў першым шэрагу, бо іх не выбіраюць, яны вызначаны геаграфічным становішчам, ходам гісторыі. І грунтуецца гэта на спрадвечнай народнай мудрасці, што «самая благая справа – паскардзіць суседа», а жыць «з суседзямі ў згодзе – да дабра ў агульным карагодзе».
Я так думаю, а вы?