Падзяліцца:
«Жывём па новай Канстытуцыі! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 03.03.2022
«Жывём па новай Канстытуцыі! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Рэферэндум-2022 адбыўся пры высокай грамадзянскай актыўнасці. Яўка склала больш за 78%, прычым датэрмінова прагаласавалі амаль 43% выбаршчыкаў. Беларусы дружна сказалі “так” абноўленай Канстытуцыі – амаль 83% галасуючых. А гэта значыць, што наперадзе вялікая заканатворчая праца. Чаму, спытаецеся? Лічыце самі.

Абноўлены дакумент утрымлівае 156 артыкулаў замест 147 ранейшых. З’явіліся змяненні ў прэамбуле і 81 артыкуле (а гэта 178 палажэнняў). Два артыкулы наогул выключаны. Затое з’явіліся 11 зусім новых, у тым ліку асобная глава аб Усебеларускім народным сходзе, якая змяшчае 47 норм. У выніку мы атрымалі Асноўны закон, які поўнасцю адпавядае ўнутраным палітычным, сацыяльным і эканамічным працэсам, адлюстроўвае патрэбы беларускага грамадства, адпавядае патрабаванням часу.

І зараз неабходна ў развіцці прынятай Канстытуцыі стварыць адпаведнае заканадаўства, а гэта парадку 90 законаў. І толькі ў першы год будзе распрацавана і прынята парламентам не менш за 50 дакументаў. Гэта сур’ёзная і шырокамаштабная работа, якая асабліва тычыцца рэформы палітычнай сістэмы і сістэмы дзяржкіравання.

Возьмем узгаданую главу аб Усебеларускім народным сходзе, які становіцца вышэйшым прадстаўнічым органам і будзе выконваць стабілізуючую і кансалідуючую ролю ў грамадстве. Яго кампетэнцыі, парадак фарміравання і дзейнасці вызначыць адпаведны закон. Але ўжо зараз у новай Канстытуцыі прапісана, што яго дэлегатамі акрамя кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў заканадаўчай, выканаўчай, судовай улады будуць таксама і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Гэта новы тэрмін для нашай палітычнай сістэмы і ён знойдзе абгрунтаванне ў адпаведным законе, над якім зараз працуюць парламентарыі і эксперты.

Дарэчы, некаторыя навэлы ўжо знайшлі ўвасабленне ў дэрэктыўных дакументах. Як, напрыклад, закон «Аб абароне персанальных даных», для аховы якіх, па Канстытуцыі, дзяржава стварае неабходныя ўмовы.

Ці такая вельмі актульная тэма, як захаванне гістарычнай памяці, гераічнага мінулага нашага народа. Яна неаднаразова ўздымалася не толькі сярод экспертнай супольнасці, але і нераўнадушнымі грамадзянамі падчас дыскусій на дыялогавых пляцоўках, у сродках масавай інфармацыі, пры сустрэчах у калектывах. Напрыканцы мінулага года парламент прыняў закон «Аб генацыдзе беларускага народа», які накіраваны супраць фальсіфікацыі падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны, на захаванне гістарычнай праўды і ўмацаванне нацыянальнай бяспекі. І гэта знайшло адлюстраванне ў некалькіх артыкулах абноўленай Канстытуцыі.

3 сакавіка Цэнтрвыбаркам абвяшчае канчатковыя вынікі рэферэндуму. І згодна з дзеючым Выбарчым кодэксам (які, дарэчы, таксама будзе перароблены), рашэнне, прынятае ўсенародным галасаваннем, праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання набудзе юрыдычную сілу. Парламентарыі хутка збяруцца на чарговую сесію. Дарэчы, работа заканадаўчага органа набывае новы фармат. Замест двух традыцыйных сесій у год, вясенняй і асенняй, будзе адна. Абедзве палаты Нацыянальнага сходу на яе збіраюцца ў дакладна вызначаны тэрмін – у трэці аўторак верасня і працаваць будуць да апошняга рабочага дня чэрвеня будучага года з наступнымі канікуламі. У Канстытуцыі таксама замацаваны і адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў. Адпаведным законам, які прыняты мінулай восенню, ён прызначаны на 4 кастрычніка.

Так паступова фарміруецца сучасная нацыянальная сістэма кіравання дзяржавай, палітычнае ўладкаванне. І работа вядзецца не па чужых лякалах і падказках звонку, а на базе гістарычнага вопыту, з улікам трацыдыйных каштоўнасцей і на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці, спакон веку ўласцівай беларускаму народу. І праходзіць па-сапраўднаму дэмакратычна, публічна, з удзелам грамадства, кожнага нераўнадушнага. Пасля такога шырокага ўсенароднага абмеркавання праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, парламентарыі скіраваны на далейшую адкрытую работу над законапраектамі. Гэта асабіста падкрэсліў у эфіры нашай праграмы «Актуальны мікрафон» член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Клішэвіч. Ён заклікаў усіх неабыякавых да лёсу краіны грамадзян не губляць актыўнасці, якую прадэманстравалі падчас рэферэндуму, разам і надалей мацаваць дзяржаву сваёй стваральнай працай.

Выдатны пасыл! Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: