Падзяліцца:
«Зімовыя забавы – толькі на радасць. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.01.2021
«Зімовыя забавы – толькі на радасць. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

У маім дзяцінстве зімы былі снежныя, марозныя. І ўжо з першым снегам дзядуля Васіль пачынаў майстраваць у двары горку для катання. Што ні дзень, матэрыялу нябесная канцылярыя падкідвала ўсё больш, і горка паступова расла ў вышыню, а з бакоў прыбаўлялася прыступак: тры, чатыры, пяць… Даходзіла і да 10 ледзяных прыступак. Скочвацца з такой вышыні было адно задавальненне: хутка, з ветрыкам. Адно засмучала: у канцы спуску санкі ўпіраліся ў вароты. Аднойчы з сябрамі (а катацца прыходзілі ўсе суседскія дзеці) мы вароты адчынілі і атрымалі шыкоўны парадны выезд. Радаваліся нядоўга. На нашыя гучныя воклічы выйшаў дзядуля, зачыніў вароты і патлумачыў, што выязджаць на вуліцу небяспечна, можна трапіць пад колы. Тое, што машыны на нашай ціхай вуліцы райцэнтра ў той час з’яўляліся толькі раз-другі на дзень, у разлік не бралася. Небяспечна, нельга – і кропка.

Гэты эпізод з дзяцінства мне ўзгадаўся, калі днямі прыйшла трывожная інфармацыя пра дарожна-транспартнае здарэнне з пяцігадовым хлопчыкам. Ён спускаўся з горкі на санках-лядзянках і трапіў пад колы «Рэно». Траўмы, шпіталізацыя…

Санкі, лыжы, канькі – любімыя зімовыя забавы дзяцей. Да іх апошнім часам далучыліся цюбы. Такія круглыя надзьмутыя санкі ў выглядзе камеры да аўтамабільнага кола. Іх яшчэ называцюь ватрушкамі ці абаранкамі. Цюбінг – катанне на ім – набыў вялікую папулярнасць і стаў, на жаль, прычынай многіх трагедый. Цюбінгавая траўма нават выйшла на першае месца сярод астатніх зімовых. Толькі за апошнія выхадныя больш за 40 дзяцей звярнуліся па дапамогу ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі пасля катання на цюбах. І амаль усе каталіся з дваравых горак і ў іншых стыхійных месцах. Мабыць, многія з нас назіралі ў гэтыя марозныя дні шматлікіх аматараў круглых санак ля дома, у паркавых зонах. Сярод іх – дарослыя, падлеткі, зусім маленькія дзеці. А між іншым, дзецям да 6 гадоў не раяць такія забавы. Бо цюб, як паказвае вопыт і сцвярджаюць спецылісты, больш небяспечны, чым звычайныя санкі ці лядзянкі. Ім цяжка кіраваць, ён развівае вельмі вялікую хуткасць, лёгка пераходзіць на бескантрольны рух, можа круціцца. Нездарма існуюць спецыяльныя правілы бяспекі пры карыстанні ім. І адно з галоўных – катацца ў адведзеных для гэтага месцах.

Дарэчы, у кожным раёне сталіцы яны ёсць. У Заводскім, напрыклад, такіх 5, Першамайскім – 6, а ў Фрунзенскім нават 20 лакацый. Гэта і натуральныя схілы, і штучныя снежныя горкі. У некаторых месцах абсталяваны спецыяльныя трасы для дзяцей з невялікім ухілам, а для дарослых – больш крутыя. Улічваюцца і рэкамендацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях – ухіл не навінен перавышаць 20 градусаў. На некаторых трасах з бакоў усталёўваюць драўляную агароджу. Выдзяляюць зоны для пад’ёму і спуску, каб раздзяліць патокі людзей, як гэта зроблена ля гасцініцы «Арэна». Адным словам, мясцовыя ўлады і камунальныя службы імкнуцца максімальна гарантаваць бяспеку.

А што мы самі робім для гэтага? Часта выкарыстоўваем ахоўныя сродкі – шлемы, накаленнікі, налакотнікі, асабліва для дзяцей? Ці памятаем, што маленькія катаюцца толькі пад наглядам дарослых і на меншым па памерах цюбе? Гэта мы, дарослыя, павінны растлумачыць дзецям, што нельга катацца паблізу аўтадарог, чыгуначных пуцей, ля вадаёмаў, сярод дрэў, пры наяўнасці розных перашкод на шляху спуску. А бацькам належыць пракантраляваць месцы, дзе гуляюць іх дзеці зімой, каб тыя не выляталі на санках на праездную частку ці на тратуар пад ногі прахожым. Ну, і канечне, самім выконваць правілы бяспекі. Не паўтараць, напрыклад, такіх забароненых трукаў, як катанне на цюбе, прычэпленым да аўтамабіля. Так зрабіла адна жыхарка Крупскага раёна і атрымала цяжкія траўмы.

Дарэчы, няхітрыя правілы карыстання цюбам можна знайсці ў інтэрнэце. Там ёсць і карысныя парады, як навучыць дзіця самастойна спускацца з горкі, пералік таго, што можна і што нельга рабіць пры цюбінгу дарослым і дзецям. Можна звярнуцца да інструктараў, якія працуюць у нашых гарналыжных цэнтрах, там навучаць і выдадуць неабходны інвентар.

Давайце разам зробім ўсё, каб зімовыя забавы дзяцей былі па-сапраўднаму радаснымі і шчаслівымі! Гэта наш бацькоўскі прыярытэт і ў нашых руках! Як так думаю! А вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: