Падзяліцца:
«Зоркі сцвярджаюць, а мы вырашаем! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 03.01.2022
«Зоркі сцвярджаюць, а мы вырашаем! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Рабіць прагнозы справа вельмі няўдзячная. Пра гэта ведае бадай што кожны, і сентэнцыя сёння стала амаль што мемам. Тым не менш, мы любім заглядваць за гарызонт і кожны новы год імкнёмся прагназаваць. Астролагі і іх гараскопы, вешчуны з прадказаннямі, эксперты і навукоўцы нам у дапамогу.

Але нават знакаміты Павел Глоба лічыць, што сёння вельмі складана дакладна вызначыць, што нас чакае, бо у свеце, як ніколі, зашмат дынамічных працэсаў. Можа таму гараскоп новага 2022-га такі супярэчлівы.

Фундатар Microsoft Біл Гейтс лічыць, што сёлета чалавецтва пераможа пандэмію. Вядомы астролаг Міхаіл Левін дае таксама аптымістычны прагноз – кавід паціху ператворыцца ў звычайны грып. А вось той жа Глоба сцвярджае: гаварыць аб перамозе над хваробай рана і пандэмія працягнецца. Вірусолаг Ханс Клюге, заўважце – прафесіянал, – ставіць такую галоўную задачу на гэты год – вакцынацыя і каранцінныя меры.

Што да эканомікі, тут таксама супярэчнасці. Астролагі ў адзін голас прадказваюць крызіс і яго паглыбленне. Адкуль – рост цэн, збядненне насельніцтва ў большасці краін. Навукоўцы ж, якія робяць прагнозы на аснове аналітычных даных і матэматычных мадэлеў, наадварот, мяркуюць на гэты год рост сусветнай эканомікі. І хоць інфляцыя, на іх думку, пойдзе таксама ўверх, але тым не менш чакаецца рост заработнай платы, бо знізіцца узровень беспрацоўя за кошт аднаўлення дзелавой актыўнасці. А падставай гэтаму будзе паўсюднае павелічэнне здабычы нафты і газу. Такія, напрыклад, разлікі спецыялістаў нарвежскай кампаніі Rystad Energy.

І толькі ў палітычных прагнозах усе аднадушныя: з высокай доляй верагоднасці чакаюцца крызісы, якія наспявалі многія гады, сёлета пачнецца іх вострая фаза. На палітычнай арэне некаторых краін з’явяцца новыя асобы, свежыя ідэі, рацыянальныя падыходы. І, як сцвярджае ў адным з беларускіх штотыднёвікаў Галіна Гайдук, доктар філасофіі ў галіне астралогіі, ёсць надзея, што кіраўнікі некаторых краін саспеюць для канструктыўнага дыялогу.

На шчасце, глабальныя і буйныя канфлікты ваеннага характару малаверагодныя, але неспакойная абстаноўка захаваецца ў многіх пунктах планеты. Так лічыць Павел Глоба. І гэта крыху супакойвае. Радуюць і такія радкі з гараскопа 2022 года: чалавецтва пачне дзейнічаць больш свядома, многія змогуць набыць гармонію, прыйсці да неабходнасці самаразвіцця, павышэння прафесійных навыкаў, духоўныя каштоўнасці для многіх стануць асноватворнымі. Нас чакаюць глабальныя пераўтварэнні, тэхналагічныя прарывы, інавацыйныя ідэі, якія, дарэчы, уступяць у супярэчнасць з традыцыйнымі думкамі, але чалавецтва прыме выклік. І прагрэс у жыцці сёлета будзе залежаць ад таго, як мы зможам пераадолець гэтыя канфлікты і выклікі.

Які прагноз для Беларусі? Тут і без астролагаў усё зразумела: краіна выходзіць на новы этап свайго гістарычнага развіцця, таму гэты год напружаны, нас чакаюць цікавыя і лёсавызначальныя падзеі. Мы будзем разам, супольна пісаць Асноўны закон сваёй краіны, у лютым пойдзем на рэферэндум і прагаласуем за абноўленую Канстытуцыю, па якой жыць нам і нашым нашчадкам.

Дарэчы, новы год Чорнага Вадзянога Тыгра па кітайскім календары наступіць 1 лютага і прыўнясе дынаміку ў падзеі. Наогул, з сярэдзіны лютага наступае ўдалы час для асэнсавання далейшага шляху. У тым ліку стратэгіі далейшага развіцця нашай краіны. І ад выбару кожнага з нас будзе залежыць агульны лёс у новым годзе і наша будучыня.

Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: