Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. А вы адзначаеце Дзень суседзяў?» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.05.2022
«Звычайныя гісторыі. А вы адзначаеце Дзень суседзяў?» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Напэўна, многія і не здагадваюцца аб тым, што сёння, 27-га мая – Еўрапейскі дзень суседзяў. Упершыню гэтае свята арганізаваў жыхар Парыжа Антанасе Перыфан. Ён знайшоў спонсараў, здолеў дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу, уладкаваў на працу некалькі чалавек, знайшоў транспарт для інвалідаў, дапамог людзям вырвацца з адзіноты, сустрэцца з суседзямі. Праз пэўны час гэты дабрачынны праект падтрымалі жыхары іншых краін.

Так што гэты дзень – нагода ўзгадаць пра сваіх суседзяў і тое, каб наладзіць і падтрымліваць з імі добрыя, прыязныя адносіны, бо нездарма ж кажуць, што суседзяў, як і бацькоў, не выбіраюць.

«Суседства ў прыватных дамах і гарадскіх шматпавярхоўках – гэта розныя гісторыі, – дзеліцца з намі наша пастаянная слухачка Ірына з Мінска, – можна гадамі не ведаць сваіх суседзяў па лесвічнай пляцоўцы, а знаёмства з тымі, хто паверхам вышэй, часам здараецца пры непрыемных абставінах, калі цябе заліваюць ці не даюць спакойна жыць пастаяннымі лаянкамі, п’янкамі ды ўсялякімі застоллямі, уключэннем тэлевізара на поўную гучнасць». Сюды можна дадаць і рамонты позна ўвечары ці раніцою, хаця ж існуюць пэўныя правілы і законы, якіх павінны прытрымлівацца ўсе. Ёсць і самы галоўны закон – павага да таго, хто жыве побач. Ад унутранай культуры і выхаванасці залежаць прыязныя і па-чалавечаму добрыя адносіны з суседзямі.

У вёсках, асабліва раней, людзі жылі адкрыта, па-суседству дапамагалі адно аднаму, самыя цяжкія справы абавязкова рабілі талакой. І адпачывалі разам. Зазірнуць да суседкі проста так, без асаблівай патрэбы, лічылася звычайнымі чалавечымі ўзаемаадносінамі. Пра гэта вы не раз распавядалі ў сваіх лістах.

Наша пастаянная слухачка Алена Іванаўна Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна таксама захапляецца традыцыямі продкаў, талакой і вячоркамі, мясцовымі павер’ямі, якія суправаджалі гэтыя дзеі.

Моцна ўрэзалася ў памяць гісторыя пра вёску Бармуты Бярозаўскага раёна. Узгадаю пра гэта і сёння. У пачатку чэрвеня за сувязь з партызанамі былі расстраляны 16 яе жыхароў. Ніхто з прызваных на фронт мужчын так і не вярнуўся дадому... Вайна ператварыла вёску ва ўдовін хутар. Штогод збіраюцца ў Бармутах яе землякі, нашчадкі былых суседзяў. Пабачыцца, успомніць сваіх аднавяскоўцаў, пахадзіць па ваколіцах, наталіцца прыгажосцю краявідаў.

«Шмат непаразуменняў здараецца паміж суседзямі, калі хтосьці грае ці займаецца на тым ці іншым інструменце. Добра, калі гэта піяніна ці гітара, а калі саксафон, труба?.. – Падзяліўся з намі цяперашні кампазітар (прозвішча сваё вырашыў не называць), а тады навучэнец музычнага вучылішча. – Мне даводзілася займацца па некалькі гадзін запар. Незадаволеныя суседзі званілі, прасілі, некаторыя нават пагражалі, іншыя проста цярпелі. Я зараз думаю аб тым, што ў маіх сціплых поспехах, акрамя маёй працы і настойлівасці, ёсць і доля цярпення тых, цяпер ужо далёкіх суседзяў». І такіх выпадкаў нямала.

А вось якую гісторыю расказала мне мая суседка. «Стаю я ў краме, – кажа яна, – набываю спанбонд для ўкрыцця градак. Жанчына перада мной бярэ матэрыял цёмнага колеру, у дробную сетачку. Пытаюся, маўляў, на вішні, каб дразды не збіраліся і не збівалі ягаду?.. – Не, – адказвае тая, – ад суседзяў, каб закрыцца і не бачыць іх...»

І яшчэ. Існуе нямала песень пра суседзяў, іх адносіны. Уражвае «Песенка молодых соседей» на вершы паэта Мікалая Дарызо. Проста нейкая ідылія ды і толькі! У ёй пра тое, што ў ціхім гарадку жывуць па суседстве двое, вокны насупраць, «глядзяць адно на аднаго, і вечарам, і днём». І гэтак жа па суседстве «б’юцца побач два гарачыя сэрцы». Вось бы ва ўсіх суседзяў так было ці хаця б прыкладна!.. Магчыма ў іх менавіта так складваюцца адносіны, што яны – маладыя суседзі?

Парыжанін Антанасе Перыфан, які арганізаваў Дзень суседзяў, ставіў на мэце супрацьстаяць раз’яднанасці людзей, іх адчужанасці, страце сацыяльных сувязей. Ён лічыць, каб наладзіць Дзень суседзяў, дастаткова сабрацца за адным сталом. У гарадскім дворыку ці на вясковым падворку. Кожны гатуе свой невялікі пачастунак, а самае галоўнае –дорыць усім выдатны настрой.

Раскажыце і вы пра сваіх суседзяў. А гісторыі дасылайце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: