У дні позняй восені, часта дажджлівай і самотнай, нам не хапае цеплыні. Асабліва душэўнай. Мы шукаем яе ў размовах са сваімі роднымі і блізкімі, здараецца, што знаходзім водгукі ў вершаваных радках, музыцы, кнігах. У лістах, якія адпраўляем на знаёмы адрас – сучасны электронны ці звычайны паштовы.
«Цеплыня – гэта ўменне саграваць людзей святлом сваёй душы. Цеплыня – гэта шчодрасць сэрца, тонкасць пачуццяў і высакароднасць учынкаў», – вось так, магчыма, занадта пафасна, вызначаюць вучоныя-псіхолагі гэты стан чалавека.
«Галоўнае – цеплыня душы», – пагаджаецца з намі і Галіна Пятрушка з пасёлка Кастрычніцкі Баранавіцкага раёна. Піша пра тое, як ёй прыемна вяртацца ў студэнцкія гады. Гэта была сярэдзіна 60-х. Філалагічны факультэт тады яшчэ Белдзяржуніверсітэта імя Леніна. Паркавая магістраль, 9, дзе размяшчаўся студэнцкі інтэрнат. Галіна Мікалаеўна памятае нават нумары пакояў, дзе яны жылі на першым курсе. І дзяўчат памятае: Ліну Шлыковіч, Зінаіду Бокач, Ніну Артамонаву, Зою Міцкевіч, Тамару Сербантовіч, Ірыну Кушнір. Пяць гадоў разам! «Вядома ж, мы не ідэальныя. Былі непаразуменні, недарэчнасці і спрэчкі, але надоўга гэта не зацягвалася. Нехта з нас браў ініцыятыву «мірных перамоў» на сябе, і хутка ўсё забывалася», – дадае аўтар гэтага ліста. На жаль, яны ніяк не могуць сабрацца, сустрэцца, бо жывуць у розных куточках. Раней дзеці былі малыя, цяпер унукі, ды і здароўе часам падводзіць. Галіна Мікалаеўна ўяўляе сваіх дзяўчат вясёлымі і прыгожымі, тымі студэнтачкамі-філфакаўкамі, якімі яны былі 50 гадоў таму! Ад гэтых думак ёй робіцца на душы цёпла і хораша.
Прасякнуты цеплынёй гісторыі, у якіх нашы слухачы распавядаюць пра сваё дзяцінства. «Здаецца, моманты простыя, але западаюць у душу і яшчэ доўга свецяцца, нібыта зорачкі, – зазначае Людміла Трыбуналава з Мінска. – Гэта было ў сярэдзіне 1960-х, мне споўнілася гадоў восем-дзевяць. Я не згаджалася ісці да доктара. Тады тата паабяцаў, што мы абавязкова потым зойдзем у краму і набудзем тое, што мне спадабаецца. Я выбрала статуэтку з пеўнікам. Вельмі радавалася. Усе гады берагла яе, нават калі пераязджала з кватэры на кватэру. І цяпер яна са мной. Вось як бывае».
Сапраўды, здавалася б, дробязь, а цёплы напамінак пра маленства. Мяркую, такія простыя рэчы ёсць і ў вас? Раскажыце пра іх. Як і пра гісторыі, звязаныя з імі.
А колькі цеплыні дораць нам хвіліны, калі мы ўзгадваем пра юнацтва, гады маладосці, першае каханне! Валянціна са Слуцка (прозвішча не называю) упершыню ўбачыла яго ўлетку, на лузе. Увосень сустрэліся ў школе. Вучыліся ў розных класах, ён быў старэйшы. Яна зразумела, што закахалася, але баялася прызнацца і сабе, і яму. «Час ляцеў хутка. Ён закончыў школу, пайшоў у армію. Завязалася перапіска. Калі атрымлівала чарговае пісьмо, лятала нібыта на крылах», – піша Валянціна. І далей пра тое, што ім усё роўна не суджана было быць разам, але ж хвіліны тых першых сустрэч, позіркаў і закаханасці жывуць з ёю і дагэтуль.
«Напэўна ў кожнага чалавека ёсць гісторыя, якую ён памятае ўсё сваё жыццё», – гэта ўжо радкі з пісьма ад Ларысы Д. з Салігорска. І далей пра тое, як яна пазнаёмілася з хлопцам, які служыў непадалёку ад Дзяржынска. Яны былі знаёмы ўсяго адзін вечар. Хадзілі ў кіно, глядзелі фільм «Афіцэры», гулялі. Але ж так склаліся абставіны, што не змаглі абмяняцца адрасамі, таму так больш і не ўбачыліся. Успаміны пра тую сустрэчу і дагэтуль цепляць яе душу. Вось як бывае.
Памятаю і кранальную гісторыю пра тое, як некалі ў вёсцы Дарышча Смаргонскага раёна жыла Ядвіга Ярмак. У глухамані, амаль што ў лесе. З таго часу, як яе муж пайшоў на фронт, яна яго чакала. І на працягу ўсяго жыцця ні разу не зачыніла дзвярэй, ні ўдзень, ні ўначы. Жыла з надзеяй, што ён абавязкова вернецца. І гэта сагравала яе душу. І такіх гісторый нямала.
Успаміны пра нашых матуль і бабуль, гараджанак і вясковых, маладых і старэнькіх, таксама саграваюць нас у такія восеньскія дні. Ёсць свая малітва да Маці і ў вядомага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага. Гэтае слова ён заўсёды піша з вялікай літары. «Матуля – Божая пасланніца на зямлі. У ёй – святы дух», – зазначае Уладзімір Сцяпанавіч.
«Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль. І гэты свет сагрэлі нам матулі», – узгадваецца і гэтае прызнанне нашым маці паэта Рыгора Барадуліна.
Як і разважанні многіх іншых вядомых творчых асоб.
Нашы матулі на ўсё гатовыя дзеля сваіх дзяцей. Мяне вельмі кранула гісторыя пра салдацкую лыжку. Сын напісаў з фронту сваёй маці пра тое, што служба ідзе нармальна, толькі вось... прапала лыжка. І тая прымацавала яе да трохвугольніка палявой пошты і запіску з просьбай уручыць сыну. Вы не паверыце, незвычайная пасылка дайшла да адрасата! Пра гэтую гісторыю нам расказала Наталля Ільінічна Бароўская з Мінска.
Аб салдацкай лыжцы, палявой пошце і цеплыні адносін і пачуццяў слухайце ў чарговым выпуску праграмы «Эпізоды Вялікай вайны» ў гэтую нядзелю, у 16:00.
Чакаю і вашых гісторый. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.