Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Ад зярнятка да каравая». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.11.2022
«Звычайныя гісторыі. Ад зярнятка да каравая». Радыёблог Валянціны Стэльмах

Сёння – пра хлеб! Напэўна, у кожнага ёсць пра яго свая цёплая і шчымлівая гісторыя. Як і той незабыўны малюначак, што жыве з намі і праз гады: жытнёвае поле, хвалі спелай збажыны, дзень-другі, і ўжо разгульваюць па пожні цыбатыя буслы. «І цяпер не магу без слёз глядзець, як на жнівеньскае поле выязджаюць камбайны... Гэта ні з чым не параўнаныя эмоцыі», – чытаю ў вашых лістах.

«Калі я была маленькай, у бацькоў не хапала грошай на хлеб ды іншую ежу. Яго выпякалі самі. У хаце за печчу стаяла дубовая дзежка, у якой разводзілі і мясілі цеста. Невысокая, шырокая, дзежачцы той было больш за 100 гадоў! У ёй мясіла цеста яшчэ мая прабабуля Лізавета, потым бабуля Зося, – радкі з ліста ад Валянціны Бабко-Аляшкевіч з вёскі Радкава Салігорскага раёна. – Я вельмі любіла назіраць за тым таямнічым працэсам. Памятаю і моманты, калі бабуля даставала хлеб з печы! Не было на свеце нічога больш смачнейшага за яго!..»

А колькі такіх ды іншых гісторый пра хлеб захоўваецца ў гісторыка-краязнаўчых музеях нашай краіны! Ёсць у нас і Музеі хлеба. У мястэчку Моталь Іванаўскага раёна, у аграгарадку Батвінава Чачэрскага ды іншых. Што да апошняга, ён адкрыўся ў 2014 годзе. Там можна ўбачыць самыя розныя старажытныя прылады працы: млынавыя жорны, чыгункі, ступы для драбнення, шалі, лямпы-газніцы ды іншае.

Апошнім часам Музеі хлеба з'яўляюцца ў школах і дзіцячых садках. «Гэта выхоўвае ў нашых дзяцей пачуццё любові да сваёй зямлі, знаёмства з традыцыямі вырошчвання збажыны, выпякання хлеба», – дзеліцца з намі дырэктар Вымнянскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Таццяна Цітова. Таццяна Альбертаўна расказала пра тое, што ідэя стварэння Музея хлеба (яго назвалі «Ад зярнятка да каравая») узнікла некалькі гадоў таму на дажынках. Пачынаўся з невялікай экспазіцыі. Цяпер у школе створаны цэнтр «На скрыжалях часу», дзе школьнікі атрымліваюць дадатковую адукацыю, займаюцца краязнаўствам, гісторыяй сваёй малой радзімы, традыцыямі. Тут праводзяцца розныя майстар-класы. У музеі ёсць унікальны куточак, дзе сабраны караваі, у тым ліку вясельныя, на «улазіны», прымеркаваныя да іншых адметных дат і свят. Тут можна пачуць пра снапы-«дзядухі», «крупенікі», дамавічкоў. Пабачыць жорны, лапаты для пасадкі хлеба ў печ ды іншыя прылады працы, якія меліся ў сялянскай гаспадарцы. «Хлеб – гэта аснова жыцця, сімвал дабрабыту, гэта наша святыня», – дадае Таццяна Альбертаўна.

«Памятаю, як мая бабуля распавядала пра жнівеньскую пару, калі ўбіралі збажыну», – дзеліцца з намі Вольга Казлоўская з Пінскага раёна. – «Вяскоўцы прыбіраліся як на свята. Працавалі талакой. Асаблівае значэнне надавалася першаму зжатаму снапу, а таксама апошняму кавалачку жытнёвай паласы, так званай, барадзе. Вяскоўцы стараліся захаваць рытуалы, песенныя звароты да зямлі, якія надавалі гэтай дзеі магічны сэнс».

«Мне ж узгадваюцца 1950-я гады. Хлеба тады не хапала, стаялі вялікія чэргі», – радкі з ліста ад Генадзя Маркоўскага з Маладзечна. – «Прывозілі яго па чыгунцы з Мінска, а потым на спецыяльных конскіх павозках са скрынямі развозілі па чыгуначных крамах. У тыя гады людзі вельмі дбайна ставіліся да хлеба, бераглі кожную скарыначку. А цяпер часам на сметніку (Божа, як прыкра пра гэта казаць!..) не тое, што хлеб можна ўбачыць, а пірагі, абаранкі, пернікі... Хлеб – гэта дарунак Божы! І ставіцца да яго трэба беражліва, з любоўю і пашанай».

Не сакрэт, што выпяканне хлеба – гэта своеасаблівы, нават патаемны рытуал, які патрабаваў ад гаспадынь уважлівасці, спакойных рухаў і нават цішыні. Калі падыходзіла цеста і хлеб садзілі ў печ, нельга было шумець, гучна размаўляць. Лічылася, што ў такія адказныя хвіліны не варта нікога пускаць у хату, таму што ў такім разе сям'я можа пазбавіцца дабрабыту. Пра гэта (і не толькі) мы размаўлялі з Ірынай Жудрык з вёскі Жораўка Любанскага раёна. Ірына Міхайлаўна – кіраўнік аматарскага аб'яднання «Клуб традыцыйнага хлебапякарства «Кулітка» пры мясцовым Доме народных традыцый. Кулітка… Якое прыгожае і дасціпнае слоўца! Так у тых мясцінах называюць бохан хлеба. Дарэчы, дзякуючы намаганням Ірыны Жудрык і яе аднадумцаў, выпяканне хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. «Быць адмысловым пекарам – гэта талент, веданне старадаўніх беларускіх рэцэптаў, а самае галоўнае, каб душа была добрай і светлай, тады ўсё атрымаецца. Хлеб – гэта ж не толькі яго матэрыяльная значнасць, а і духоўная», – кажа Ірына Міхайлаўна.

І яшчэ. Якраз у гэтую нядзелю, 20 лістапада – Дзень працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Менавіта ім наш «зямны паклон, падзяка і пашана», як сказаў некалі вядомы паэт Сяргей Грахоўскі, які таксама заклікаў цаніць і паважаць працу хлебароба, да хлеба ставіцца як да святыні, захапляцца ім, пакланяцца яму і праслаўляць яго.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: