Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Адкрыццё сваёй зоркі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.06.2021
«Звычайныя гісторыі. Адкрыццё сваёй зоркі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Мяне здзівіла і адначасова ўзрадавала тое, што, аказваецца, якраз сёння, 11 чэрвеня – Дзень адкрыцця новай зоркі! Вось якое неафіцыйнае і дзіўнае свята можна адшукаць у інтэрнэт-прасторы. Праўда, не пазначана, хто, дзе і калі яго прыдумаў. Мне падаецца, гэта ж не толькі пра астранамічныя зоркі, а і адкрыцці ў прафесіі, любімым занятку, пра новыя таленты ў мастацтве, уменне заўважаць прыгажосць і свячэнне сваёй зорачкі ў прыродзе, на зямлі, вадзе, у паветры, усюды. А яшчэ ў каханні, чалавечых стасунках і г.д.

Напярэдадні гэтага эфіру я і паспрабавала распытаць сваіх знаёмых, сяброў, некаторых вядомых людзей нашай краіны пра тое, якую б зорку ім хацелася б абавязкова адкрыць?

«Адшукаць сваю зорку – гэта знайсці сваё прадвызначэнне ў гэтым свеце, – дзеліцца з намі Ірына з Мінска. – Калі ты знаходзішся ў стане любові і захаплення сваёй справай, ты робішся карыснай для людзей. Можна знайсці сябе і ў іншых сферах. Напрыклад, прысвяціць жыццё сям’і, нараджаць і гадаваць дзяцей. Гэта адна з галоўных місій жанчыны на зямлі. Ды і проста варта рабіць добрыя, карысныя ўчынкі, нічога не патрабуючы ўзамен. Нарадзіцца са сваёй адкрытай зоркай немагчыма, для таго, каб яе знайсці, трэба прайсці праз пэўныя выпрабаванні. Я пакуль што не адкрыла сваю зорку, але веру, што гэта абавязкова збудзецца», – дадае Ірына.

«Калі я была б чараўніцай, адкрыла б зорку чалавечнасці, – зазначае жыхарка горада Асіповічы, педагог, паэтэса, адна з гераінь радыёпраграмы «Галерэя» Тамара Кавальчук, – яна (гэтая зорка) належала б усяму зямному шару, на ёй гаспадарылі б любоў і павага, спачуванне і ўзаемадапамога, адкрытасць і шчырасць. У маіх творах (выйшла 13 кніг) я таксама разважаю пра гэтыя вечныя ісціны, пра тое, каб мы былі бліжэй адно да аднаго, вучыліся чуць, разумець, паважаць думкі і пазіцыю іншых людзей, жылі ў еднасці і згодзе. Цяпер нам усім гэтага вельмі не хапае».

Народны майстар Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, аўтар кнігі «Лозапляценне» Алена Гурэцкая разам з мужам вынайшлі лагатып сумеснай працы і назвалі яго «лазовая зорка» ці «лазорка». У гэтых словах закладзены вялікі сэнс: сувязь з народнай памяццю, ведамі продкаў у старажытным рамястве – лозапляценні, жаданне перадаць веды і навыкі новым пакаленням, тым самым знітаваць іх духоўнай еднасцю. Вось і не вельмі даўно, падчас мерапрыемстваў у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Алена Гурэцкая са сваёй вучаніцай вырабілі з лазы чароўную папараць-кветку, сімвал веры чалавека ў шчасце, яго імкненне да спазнання навакольнага свету, адкрыцця зямных таямніц. І хаця мы ведаем, што папараць не цвіце, нават у купальскую ноч, але ж часам яе споры выпраменьваюць свячэнне, таму ніхто і ніколі не зможа адабраць у чалавека гэтую шчымлівую і спрадвечную мару.

Покліч продкаў прывёў Веньяміна Бычкоўскага ў вёску Бабровічы Івацэвіцкага раёна. У сярэдзіне 90-х ён набыў там невялікі дамок, у якім стварыў музей, непадалёку пабудаваў капліцу. Палюбіў гэты ціхі палескі куточак, вывучае ваколіцы, возера, старое капішча, праводзіць экскурсіі для мясцовых школьнікаў, вучыць іх любіць і шанаваць мінулае. Па архівах і царкоўных кнігах Веньямін Бычкоўскі даведаўся, што на беларускім Палессі жылі некалі яго продкі. Праз шмат-шмат гадоў менавіта тут ён і знайшоў сваё, магчыма не ўсім зразумелае, шчасце чалавека-адзінотніка. Сваю зямлю і сваю пуцяводную зорку.

Жыццёвая зорка знакамітага пісьменніка і публіцыста Уладзіміра Ліпскага запалілася на Гомельшчыне, у Шоўкавічах. Пра што б ні распавядаў Уладзімір Сцяпанавіч, заўсёды звяртаецца да сваёй дарагой і знакавай мясціны. Адтуль пачатак яго глыбокіх роздумаў над жыццём – штодзённым і духоўным. «Важней за ўсё спазнаць самога сябе. Жыццё вымяраецца не гадамі, а справамі, а самая вялікая каштоўнасць чалавека – яго карысць на зямлі», – лічыць ён. Яго жыццёвы набытак – 90 кніжак (пакуль што), і амаль што ўсе яны для дзяцей, як і часопіс «Вясёлка», якому ён аддаў вось ужо каля 40 гадоў свайго жыцця. А ў яго «Малітвах» (новая кніга, якая называецца «Памілуй і ўзвысь») – зварот да ўсіх нас берагчы і захоўваць памяць пра свае карані, спадчыну продкаў, пра веру і зорку надзеі, тую, што ні пры якіх абставінах не павінна пакідаць чалавека.

Заўважана, наша галактыка змяшчае да 400 мільярдаў зорак, а вось чалавеку нават пры наяўнасці тэлескопа даступна разгледзець усяго толькі 15 мільёнаў. Але ж гэта астранамічныя нябесныя аб’екты, якімі займаюцца вучоныя-даследчыкі, да якіх выпраўляюць сваіх герояў пісьменнікі-фантасты, у пошуках яркіх вобразаў звяртаюцца мастакі ды іншыя творцы.

Дзень пошуку новай зоркі (а менавіта такім з’яўляецца 11 чэрвеня) – гэта, мне думаецца, своеасаблівы заклік задумацца над жыццём, яго сэнсам, над тым, каб разабрацца ў сабе і вызначыць накірункі для адкрыцця менавіта сваёй зоркі. І як тут не ўзгадаць запаветныя словы Максіма Багдановіча: «Нашто ж на зямлі сваркі ды звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: