Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. «Адзінства – гэта гісторыя пра чалавечнасць». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 16.09.2022
«Звычайныя гісторыі. «Адзінства – гэта гісторыя пра чалавечнасць». Радыёблог Валянціны Стэльмах

Сёння пачну вось з гэтага выказвання. Спадабалася, праўда не пазначана аўтарства: «Усе мы жывём разам, нават калі некаторыя гэтага і не заўважаюць. Ва ўсіх нас адны і тыя ж карані, усе мы галінкі аднаго дрэва». Вельмі актуальна, слушна, з асаблівай глыбінёй гучыць напярэдадні Дня народнага адзінства, якое заўтра адзначаецца ў нашай краіне.

Памятаю яшчэ са школьных падручнікаў: «17 верасня 1939 года пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі, вынікам якога стала далучэнне Заходняй Беларусі да БССР». Пазней у гонар гэтай падзеі назавуць вуліцы – у Брэсце і Кобрыне, Стоўбцах і Нясвіжы, Мядзелі, Маладзечне, Валожыне, Ашмянах ды многіх іншых гарадах і пасёлках. У Столінскім, Нясвіжскім раёнах (напэўна, не толькі) ёсць калгасы «17 верасня», цяпер гэта сельскагаспадарчыя прадпрыемствы з аграгарадкамі. У некаторых сем’ях і дагэтуль захоўваюцца ўнікальныя фотаздымкі, на якіх занатаваны будні і святы іх продкаў, якія некалі жылі ў заходніх абласцях. Захаваліся і асобныя рэчы, прадметы ўжытку, усе гэтыя неацэнныя рэліквіі – сведкі той далёкай гісторыі.

Перад гэтым эфірам я зрабіла невялікае апытанне, як разумеюць гэтае паняцце нашы слухачы. І вось меркаванні: «Адзінства – гэта гісторыя пра чалавечнасць, жаданне быць разам, дапамагаць адно аднаму. Не забываць сваю гісторыю, прымаць усю праўду пра яе, не ганьбіць, а вывучаць, ведаць і шанаваць». Ці яшчэ: «Адзінства – гэта любоў і павага, давер і ветлівасць, адкрытасць і сумленне, разуменне і падтрымка адно аднаго».

Узгадваю зараз ліст ад Вольгі Іванаўны з Мінска. Прозвішча не пазначана. «Да 1939-га года мы жылі ў Заходняй Беларусі. У майго дзядулі былі чатыры сыны, мой тата – старэйшы. Не ведаю, хто параіў і як так здарылася, але паехаў дзядуля ў Амерыку шукаць лепшай долі. Вярнуўся, пабудаваў дом, купіў невялікі кавалак зямлі і... зноў паехаў. Каля 10 гадоў правёў на чужыне...» І далей аўтар ліста распавядае пра гісторыю сям’і, любоў і адданасць яе родных і блізкіх зямлі, пра тое, як у 1948 годзе продкі ўступілі ў калгас. «Часам у думках вяртаюся ў мінулае. Лепшымі для мяне былі 70–80-я гады цяпер ужо мінулага стагоддзя: тады я скончыла палітэхнікум, працавала, вырасла да інжынера», – зазначае Вольга Іванаўна.

Сваімі думкамі пра Дзень народнага адзінства падзяліўся з намі загадчык кафедры Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна, доктар гістарычных навук Аляксандр Вабішчэвіч. На працягу многіх гадоў ён даследуе праблематыку нацыянальна-культурнага жыцця беларусаў і іншых народаў заходніх абласцей у 1918-1939 гадах. Аўтар больш чым 300 навуковых і вучэбна-метадычных прац. Выйшла з друку і яго манаграфія «Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі» – вельмі грунтоўнае даследаванне гэтай тэмы на аснове архіўных дакументаў. Мяркую, што і ў яго новай кнізе – гісторыка-краязнаўчым нарысе «Вёска Рубель на Століншчыне» таксама ёсць вяртанні да гісторыі Заходняй Беларусі.

«Для развіцця беларускай дзяржаўнасці, усяго нашага народа значэнне падзеі, якая адбылася 17 верасня 1939 года, нельга пераацаніць», – дзеліцца з намі навуковы супрацоўнік Слонімскага краязнаўчага музея імя Стаброўскага Аліна Процак. Дарэчы, вучоны-археолаг, краязнавец Іосіф Стаброўскі (а менавіта яго імя носіць музей) сабраў першую калекцыю, стаў заснавальнікам і кіраўніком гэтага музея. Найцікавейшая асоба нашай мінуўшчыны! Нарадзіўся на Слонімшчыне, на хутары Орлавічы.У 1939 годзе, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, Стаброўскі бязвыплатна перадаў гораду ўсе свае калекцыі – 5 тысяч экспанатаў! Сярод іх унікальныя рэчы: пісьмы Пушкіна да жонкі, аўтографы Дзяржавіна і Карамзіна, грашовыя скарбы ды іншыя. Так і просіцца яшчэ адно выказванне пра адзінства: «Вялікія і добрыя справы яднаюць людзей» (Стэфан Цвейг).

І яшчэ. І гэта таксама пра адзінства. Ва ўсе часы трывалая сувязь з роднымі, пастаянная падтрымка і бескарыслівая дапамога лічыліся надзейным і гуманным пачаткам чалавечых адносін. Адзінства ў сям’і, яе духоўныя каштоўнасці і традыцыі нітуюць цэлыя пакаленні, даюць адчуванне ўпэўненасці і абароненасці. Як важна жыць у згодзе, разумець адно аднаго, даражыць гэтым адзінствам.

Не памятаю, але ж нехта таксама паспрабаваў запэўніць нас ў тым, што і дагэтуль «толькі камяні і расліны разумеюць, што ўсё на свеце існуе ў адзінстве». У гэтым таксама ёсць свой сэнс і жыццёвая мудрасць. І так хочацца, каб мы, людзі, таксама гэта разумелі, выбудоўвалі прыязныя, добрасуседскія адносіны, бо, напэўна, няма на нашай планеце чалавека, які б не марыў аб упэўненасці ў заўтрашнім дні, мірным і спакойным жыцці, без войнаў і канфліктаў.

Падзяліцеся і вы сваімі думкамі. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: