Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Беларусь у асобах. Да Году гістарычнай памяці». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 08.04.2022
«Звычайныя гісторыі. Беларусь у асобах. Да Году гістарычнай памяці». Радыёблог Валянціны Стэльмах

Гэтым разам мы зноў зазірнём у гісторыю. Далёкую і блізкую. Звернемся да старонак жыцця некаторых нашых знакамітых землякоў, якія ў свой час праславілі не толькі свае імёны, а і Беларусь.

Прыгадваю размову з жыхаркай вёскі Савічы Пастаўскага раёна Рэгінай Ластоўскай: «Кожны, хто любіць Беларусь, павінен абавязкова наведаць Паставы. Хоць наш гарадок і невялікі, затое, што ні дом, вуліца – свая гісторыя». Сапраўды, тут уражвае ансамбль гістарычнага Рынку, Касцёл Святога Антонія Падуанскага і царква Святога Мікалая, млын сярэдзіны XIX стагоддзя і палацава-паркавы комплекс. З Паставамі звязана імя славутага рэфарматара ХVIII стагоддзя Антонія Тызенгаўза. На месцы вёскі Гарадніца ён пабудаваў прамыслова-культурны цэнтр з 85 будынкаў: тут былі буйныя мануфактуры, склады, жыллёвыя забудовы. Тызенгаўз заснаваў медыцынскую акадэмію, разбіў батанічны сад, адкрыў тэатр. Як сведчаць летапісныя крыніцы, на вялікі жаль, з фінансавага боку многія яго рэформы аказаліся правальнымі, затое прадстаўнікі роду Тызенгаўзаў зрабілі вялікі ўклад у развіццё культурнага і духоўнага жыцця гэтага населенага пункта.

На Пастаўшчыне, у вёсцы Агароднікі, у 1900 годзе нарадзіўся вядомы беларускі паэт Уладзімір Дубоўка. У 2018 годзе ў яго гонар устаноўлены знак, на камені-валуне надпіс: «О Беларусь, мая шыпшына...» (словы з верша Уладзіміра Дубоўкі). Пра гэты куточак, ды многія іншыя, можна даведацца, пагартаўшы энцыклапедычнае выданне мясцовага гісторыка і краязнаўцы Ігара Пракаповіча «100 адметных мясцін Пастаўшчыны», якое выйшла напрыканцы мінулага года.

Мяне вельмі ўразіла жыццё і дзейнасць вядомага вучонага-фізіка, акадэміка, тройчы Героя Сацыялістычнай Працы Якава Барысавіча Зяльдовіча, які нарадзіўся ў Мінску. Нягледзячы на тое, што ў яго не было дыплома аб вышэйшай адукацыі (хаця ёсць звесткі, што ён вучыўся экстэрнам на фізіка-матэматычным факультэце Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта), яго залічылі ў аспірантуру Інстытута хімічнай фізікі Акадэміі навук СССР. Абараніў кандыдацкую, а праз некалькі гадоў – доктарскую дысертацыю. Незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны перад Якавам Зяльдовічам паставілі задачу стварыць новую ракетную зброю. Ён зрабіў гэта так хутка, што многія вырашылі, што над ажыццяўленнем гэтай задачы працаваў цэлы калектыў вучоных. Восенню 1941 года пад Оршай батарэя залпавага агню ўпершыню выйшла на баявыя пазіцыі і нанесла адчувальны ўдар праціўніку. Да канца вайны гітлераўцам так і не ўдалося разгадаць тайну снарада, які прыдумаў Зяльдовіч. Якаў Барысавіч удзельнічаў у «Атамным праекце СССР» пад кіраўніцтвам Ігара Курчатава ды многіх іншых. Адным з яго захапленняў была астраномія.

Перад гэтым эфірам я размаўляла з былым настаўнікам, гісторыкам і краязнаўцам з вёскі Любань Лунінецкага раёна Сцяпанам Паўлавічам Нефідовічам. Яму крыху больш за 80 гадоў, ён шмат ведае пра гэты палескі край і бязмежна любіць. Прысвячае яму свае вершы, пейзажныя замалёўкі. У яго некалькі зборнікаў паэзіі і прозы. «Я ведаю тут кожны куточак, кожную мясціначку-балаціначку», – кажа ён і з задаваленнем распавядае пра славутыя мясціны і вядомых землякоў. У друкаваных крыніцах першае ўпамінанне пра Любань датуецца 1588 годам. Вёска належала маёнтку Лахва і ўладальнікам тых зямель – роду Кішкаў. Варта ўзгадаць і пра больш бліжэйшую па часе старонку гісторыі. У 1928 годзе польскія ўлады пачалі масавае перасяленне насельніцтва з вёсак на хутары. Любанскія жыхары працавалі на нарыхтоўцы і пасадцы лесу, на будаўніцтве грэблі Лахва –Давыд-Гарадок, на капанні канаў і насыпанні дамб у рыбгасе «Лахва». Абслугоўванне паромнай пераправы праз раку Прыпяць (Лахаўскі перавоз) вялося таксама брыгадай любанцаў.

У 60-70-я гады мясцовую калгасную гаспадарку «Новае Палессе» узначальваў Уладзімір Сцепчанка. Тут неаднаразова бываў Пётр Машэраў, прыязджалі Ніл Гілевіч, Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Анатоль Вярцінскі ды іншыя. Андрэй Макаёнак па сямейных абставінах некаторы час жыў у Любані. Якраз тады ён і напісаў п’есу «Таблетку пад язык», прататыпам галоўнага героя якой з’яўляецца старшыня калгаса Уладзімір Сцепчанка. Таксама асобы, далёкія па часе і больш блізкія.

А зусім нядаўна я трапіла ў своеасаблівы музей, дзе столькі знакамітых людзей! Скульптурныя партрэты касманаўтаў, макеты новых твораў, графічныя малюнкі, медальёны, фотаздымкі, аўтографы!.. Усё гэта – космас скульптара, народнага мастака Беларусі Івана Міско. Дарэчы, сустрэча з ім адбудзецца заўтра, у суботу, у 9:05 у праграме «Галерэя». Яна прымеркавана да Дня касманаўтыкі і ў сувязі з 90-годдзем з дня нараджэння Івана Якімавіча Міско.

І яшчэ. Варта прыгадаць выказванне пісьменніка Уладзіміра Караткевіча: «Хто не памятае мінулага, хто забывае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў». Так што будзем памятаць сваю гісторыю і асоб з нашай мінуўшчыны. І да наступнай сустрэчы!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: