Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Беларускі партызанскі край». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 10.09.2021
«Звычайныя гісторыі. Беларускі партызанскі край». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Нашу Беларусь здаўна называюць краінай-партызанкай. Якраз сёлета спаўняецца 80 гадоў з пачатку партызанскага руху ў Беларусі. Таму мы вырашылі сёння ўзгадаць пра гэтую векапомную старонку ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ужо ў канцы чэрвеня 1941 года на акупіраванай тэрыторыі дзейнічала 4 партызанскія атрады, праз месяц іх было 35, а ў жніўні – больш за 60. Першыя партызанскія атрады ствараліся мясцовымі партыйнымі арганізацыямі, кіраўнікамі, якія былі закінуты з-за лініі фронту для арганізацыі гэтай работы, а таксама фарміраваліся з ліку ваеннаслужачых-акружэнцаў. Наогул, у масавым руху супраціўлення ворагу на нашай зямлі ўдзельнічалі 374 тысячы партызан і больш за 70 тысяч падпольшчыкаў.

У сваіх лістах вы распавядаеце пра ўсе тыя цяжкасці і выпрабаванні жыцця пад акупацыяй. Цэлымі сем’ямі людзі ратаваліся ў лясах і балотах, выкарыстоўваючы любую магчымасць далучэння да ўсенароднай барацьбы з ворагам. І дарослыя, і нават дзеці.

Радкі з ліста ад Любові Дзмітрыеўны Красікавай: «Вайна застала нашу сям’ю ў фабрычным пасёлку Якаўлевічы Аршанскага раёна. Спрабавалі эвакуіравацца. Не атрымалася. У 1942 годзе майго тату залічылі ў адзін з партызанскіх атрадаў. Яго сястра, якая працавала на чыгунцы, пазнаёміла з Канстанцінам Заслонавым. Ён некалькі разоў прыязджаў да нас. Падоўгу размаўлялі, захоўваючы меры перасцярогі: цьмяная газнічка, завешаныя вокны. Мне тады было 8 гадоў...» І далей пра тое, што яе тата, Дзмітрый Аўрамавіч Сотнікаў, з 1941 года па 2 красавіка 1943 года прымаў удзел у дзейнасці аршанскага партыйна-камсамольскага падполля і адначасова з’ўляўся сувязным 115-ай Горацкай партызанскай брыгады. Загінуў ад рук гестапаўцаў у засценках пажарнага дэпо 14 ліпеня 1943 года.

Свой першы бой на Піншчыне партызанскі атрад пад кіраўніцтвам легендарнага камандзіра Васіля Каржа правёў 28 чэрвеня. Уявіце сабе – на шосты дзень з пачатку вайны! Памятаю сустрэчы тут, на Чырвонай, 4, з яго дачкой, былым санінструктарам аднаго з кавалерыйскіх карпусоў Зінаідай Корж. У свой час яна ўзначальвала Камітэт жанчын-удзельніц Вялікай Айчыннай вайны. Зінаіда Васільеўна ганарылася сваім бацькам, распавядала пра яго гераічны і працоўны подзвіг. Ён стварыў баяздольнае, эфектыўнае партызанскае злучэнне. Пасля вайны Васіль Захаравіч вучыўся ў Акадэміі Генштаба Узброеных Сіл СССР. Быў намеснікам міністра лясной гаспадаркі Беларусі. У 1953 годзе вярнуўся ў родныя мясціны і больш за дзесяць гадоў кіраваў калгасам «Партызанскі край». Не спакусіўся высокімі пасадамі, аддаў перавагу звычайным сялянскім клопатам і ў гэтым адчуваў сябе па-сапраўднаму шчаслівым.

Прыгадаем кіраўнікоў аднаго з першых партызанскіх атрадаў «Чырвоны Кастрычнік» – камандзіра Фёдара Паўлоўскага і камісара Ціхана Бумажкова. Яны сталі першымі Героямі Савецкага Саюза сярод партызан. Бой каля вёскі Воземля Акцябрскага раёна пад іх кіраўніцтвам 18 ліпеня 1941 года назаўсёды ўвайшоў у гісторыю партызанскага руху, як адна з яркіх старонак.

У Расонскім раёне, непадалёку ад вёскі Роўнае Поле ёсць Музей партызанскага быту. Адкрыты ён на месцы стаянкі брыгады імя Ракасоўскага, камісарам якой з сакавіка 1943 года быў Пётр Міронавіч Машэраў. Штабная зямлянка і шпіталь, сталовая і майстэрня па рамонце зброі, пашыве адзення і абутку, лазня і зямлянкі, дзе жылі партызаны. Падчас адной з сустрэч на Віцебшчыне пра гэты музей узгадваў і былы партызан Канстанцін Мікалаевіч Палявечка: «У нашым раёне я адзін застаўся з былых машэраўцаў», – з болем і роспаччу казаў ён тады. У кожным слове адчувалася шчырая любоў і ўдзячнасць свайму партызанскаму камандзіру.

У выпусках праграмы «Эпізоды Вялікай вайны» Беларускага радыё мы расказвалі і пра Ушацкі музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Елісеевіча Лабанка. Тут шмат дакументаў і экспанатаў пра дзейнасць знакамітай Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. Вясной 1944 года на працягу 25 сутак партызаны вялі няроўныя баі. 4 мая карнікі блакіравалі народных мсціўцаў у Матырынскім лесе. У ноч на 5-е мая партызанскія атрады ажыццявілі прарыў блакады. Сваімі ўспамінамі падзяліўся ўдзельнік тых цяпер ужо далёкіх падзей Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня з вёскі Глыбачка. Гітлераўцы прачэсвалі лес, адзінае выратаванне – балота. Там і прасядзелі доўгі час. Чулі перастрэлку, узрывы, бачылі твары ворагаў. Ледзь выйшлі да сваіх.

Асобная старонка партызанскага руху – рэйкавая вайна. Галоўная мэта гэтай аперацыі – разбурэнне чыгуначных камунікацый у тыле ворага напярэдадні наступальных аперацый Чырвонай Арміі. Яна праводзілася ў тры этапы, са жніўня 1943 па чэрвень-ліпень 1944 года, стала значнай падзеяй Вялікай Айчыннай вайны, шмат у чым дапамагла разгрому гітлераўскіх войскаў у Беларусі.

16 ліпеня 1944 года ў Мінску прайшоў знакаміты партызанскі парад. У ім удзельнічалі 30 партызанскіх брыгад. Пасля парада большасць яго ўдзельнікаў адправіліся на фронт, іншыя – аднаўляць разбураныя гарады і вёскі.

Узгадваецца зараз песня на словы Адама Русака. Яго знакамітая «Лясная песня»:

Ой, бярозы ды сосны –
Партызанскія сёстры,
Ой, шумлівы ты лес малады.
Толькі сэрцам пачую
Тваю песню лясную
Ды ўспомню былыя гады.

Яна нагадвае пра гады барацьбы і змагання, мужнасці і адданасці сваёй Радзіме.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: