Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Булачка з макам ці ўрокі выхавання». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.01.2022
«Звычайныя гісторыі. Булачка з макам ці ўрокі выхавання». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Сённяшняя размова паводле аднаго пісьма. На канверце пазначаны адрас, імя і прозвішча аўтара. Але ж называць не буду, бо ў лісце пра асабістае. Гэтая гісторыя, мне здаецца, нікога не пакіне раўнадушным.

«Мне было чатыры гады, брату два. Мы гулялі на вуліцы. З горада вярнуўся тата з дзядзькам Пецем. На рулі веласіпеда вісела авоська з булачкамі. Тата доўга размаўляў з дзядзькам, таксама франтавіком. Тады, пасля вайны, магазіна ў вёсцы не было, і мы, дзеці, нічога не бачылі з ежы, акрамя дамашняй. А тут – булачкі, ды яшчэ з макам! І я, пераадолеўшы страх, падышла і ўзяла адну. Тое ж самае зрабіў і брат. Тата ў тыя хвіліны нічога не сказаў. Не паспелі мы адчуць іх смак, як ён зайшоў у хату. Адразу ж схапіў мяне за каўнер, зняў папругу і збіў «на горкі яблык». Прыгаворваючы, што будзеш ведаць, як браць без дазволу. А яшчэ прыгразіў, што, маўляў, ніколі не ўбачыш больш ніякіх булачак і белага хлеба. Брата бацька не чапаў, можа таму, што яму было ўсяго два гады...

Так і прайшло маё дзяцінства і юнацтва. У вечным страху перад бацькам. Вядома ж, без патрэбнай увагі, дабрыні і ласкі. І без ласункаў. Летам маглі пацешыць сябе хіба што ягадамі, садавіной. Калі брат падрос, то лавіў рыбу. А дамашнімі прысмакамі бацька частаваў сваіх сяброў-франтавікоў, якія наведваліся да яго з бутэлькай. Неяк да нас завітала фельчар. Напэўна, гэта была планавая праверка. Яна ўразілася тым, што якая я схуднелая. Параіла есці больш каларытнай ежы, напрыклад, вяршкі. Але ж дзе іх узяць?..

Неяк выраслі. У голадзе, нястачы. Ды яшчэ прыніжаныя родным бацькам, які лупцаваў, не выбіраючы за што і чаму... З намі, дзецьмі, не лічыўся, не чуў і не хацеў нас пачуць. З малых гадоў працавалі, рабілі амаль што ўсё дома, на падворку, на агародзе, у полі.

Цяпер іншы час. Дзеці жывуць у дастатку. Ежы колькі захочаш, прысмакаў усялякіх. Цацак, гульняў ды забаў. Бацькі часам не ведаюць, што і выбраць. Вядома ж, ёсць сем’і, у якіх гора-бацькі, нядбайныя выпівохі не займаюцца сваімі дзецьмі, падымаюць на іх руку, б’юць і г.д. На дапамогу прыходзяць сацыяльныя органы, пазбаўляюць бацькоўскіх правоў. Цяпер у сучасных дзяцей ёсць права быць абароненымі. Нават ад сваіх бацькоў, як бы прыкра гэта ні гучала. Раней жа ніхто нават і падумаць не мог, каб хоць падзяліцца з кім-небудзь сваімі праблемамі. Час мяняецца. Будзем спадзявацца на лепшае».

Вось такі ліст-споведзь ад нашай слухачкі. Праз гады і нават дзесяцігоддзі. Яна падзялілася з намі, напэўна, не толькі дзеля таго, каб пачуць вашыя роздумы наконт сваёй гісторыі, а і быць, нарэшце, пачутай і тым самым пазбавіцца душэўнага болю, які няпроста забыць.

Мяркую, такіх гісторый нямала. У дзяцей, якія нарадзіліся адразу ж пасля вайны і пазней. Нават у тых, каму цяпер 30 і 40 гадоў. На вялікі жаль, у іх таксама яшчэ застаўся постсавецкі «вопыт» выхавання метадам цялеснага пакарання. І ён па-ранейшаму некаторымі маладымі бацькамі можа ўспрымацца, на вялікі жаль, як норма.

«Гісторыя з дзяўчынкай і булачкай, так званыя метады выхавання папругай, гэта не пра выхаванне, а пра выжыванне, – дзеліцца з намі дзіцячы псіхолаг Святлана Ліпкіна з Мінска, – гэта насілле над безабароннай маленькай істотай. У тыя далёкія пасляваенныя гады многім было не да гуманістычных падыходаў, галоўнае, каб выжыць. У бацькі-франтавіка, які прайшоў праз жахі вайны, магло назірацца посттраўматычнае стрэсавае расстройства, і любы, як цяпер кажуць, трыгер з боку дзяцей мог справакаваць такую агрэсію. Дарэчы, пра гэта ўпершыню загаварылі амерыканскія вучоныя-псіхолагі пасля в’етнамскай вайны. У нас жа гэтая праблема на навуковым узроўні не ўздымалася», – заўважае Святлана Ліпкіна.

Даследаванні сучасных вучоных паказваюць, што дзеці, якія падвяргаліся насіллю (фізічнаму і псіхалагічнаму) у маленстве, у будучым пакутуюць ад трывогі, дэпрэсіі, нізкай самаацэнкі, розных стрэсавых расстройстваў і нават суіцыдных схільнасцей. Перанесеныя псіхалагічныя траўмы парушаюць псіхіку маленькай асобы, могуць прывесці да пагранічных ці клінічных станаў, неўрозаў, розных псіхасаматычных захворванняў. Так што, перш, чым замахнуцца на дзіця ці кінуць у яго адрас нядобрае слова, зняважыць ці папракнуць, трэба своечасова памятаць пра тую вялікую і непапраўную шкоду, якую вы можаце нанесці свайму любімаму дзіцяці. Сучасныя бацькі карыстаюцца новымі метадамі выхавання, але ж часам і ў маладых матуль «здаюць нервы», надыходзіць, як кажуць псіхолагі, «эмацыяльнае выгаранне». Але ж, як бы там ні было, трэба з гэтым спраўляцца самому, а не спаганяць сваю злосць на дзіцяці. Варта ніколі не забываць пра тыя непрыемныя і небяспечныя вынікі такога выхавання. Тым больш, што цяпер можна звярнуцца і да спецыялістаў.

Тэма невычарпальная. І вельмі надзённая. Так што, калі і ў вас, паважаныя слухачы, ёсць свае меркаванні, падзяліцеся з намі. Думаю, што і аўтар ліста-споведзі будзе вам удзячная. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: