Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Бусел як сімвал Беларусі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 02.04.2021
«Звычайныя гісторыі. Бусел як сімвал Беларусі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

«Вясна!.. Ажывае прырода. Вяртаюцца з выраю буслы. Іх заўсёды з асаблівым сардэчным пачуццём чакала мая бабуля, – радкі з ліста ад Ірыны Грышкевіч з пасёлка Кастрычніцкі Баранавіцкага раёна. – Калі бабулі не стала, на слупе, побач з сядзібай, буслы звілі гняздо. І пачалося іх «сямейнае» жыццё: яны, неразлучныя, любаваліся, клапаціліся, шкадавалі адно аднаго. Як людзі. Мы нават назвалі іх Мацей і Міхаліна. Упершыню гэтая бусліная пара пасялілася ля бабулінай хаты. Што гэта, працяг жыцця маіх продкаў?.. Няхай яно так і будзе», – разважае Ірына Грышкевіч.

І ліст (вялікі дзякуй за яго нашай слухачцы), пачатак красавіка і тое, што хутка Дабравешчанне, Вербная нядзеля, а там і Вялікдзень – усе гэтыя знакавыя дні і святы скіравалі нас да роздумаў пра буслоў.

«Буслы прыляцелі»! – гэты покліч спрадвеку радаваў, хваляваў і захапляў людзей. Лічылася, што пашчасціць таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць. Птушка ў палёце прадвяшчае дабрабыт, здароўе на ўвесь год, добры ўраджай і поспех у справах.

Напэўна, многія з вас ведаюць легенду пра паходжанне бусла. Пра тое, як адзін чараўнік сабраў у вялізны мяшок мноства гадаў, якія развяліся на зямлі і заміналі жыць людзям і жывёле. Уручыў аднаму неразумнаму чалавеку і загадаў укінуць у прадонне. І далей вы ведаеце што чалавек гэты не вытрымаў і развязаў той мяшок. Усе гады вылезлі і зноў распаўзліся па зямлі. Тады разгневаны чараўнік ператварыў чалавека ў бусла і загадаў збіраць гадаў-уцекачоў усё жыццё. Вось і ходзіць бусел па лугах, палях ды балотах, збірае гадаў, але ж і да гэтай пары сабраць не можа.

«Узгадваю, як аднойчы мы жалі жыта, і цэлы дзень побач шчыраваў бусел», – радкі з ліста-споведзі ад Веры Пятроўны Мельнікавай, якая нарадзілася і вырасла ў вёсцы Васількі Бялыніцкага раёна. І далей пра тое, як сваёй прысутнасцю ён дапамагаў жнеям, натхняў на працу. Буслы доўга жылі на сядзібе яе матулі, зладзіўшы гняздо на вязе за хлявом. Кажуць, яны будуюць свае гнёзды каля добрых людзей.

Тэлефаную нашай знаёмай слухачцы, мінчанцы Крысціне Доўнар. Пытаюся: «Якім жыццёвым з’явам вы па-ранейшаму не перастаяце здзіўляцца?» Крысціна расказала пра відэаздымкі, якія ёй даслалі праз сацыяльныя сеткі. На адным з іх – дарога, па якой ідуць да храма пілігрымы. Дарослыя і дзеці... І бусел. То прыстроіцца за людзьмі, пратэпае сваімі цыбатымі нагамі, а то ўзляціць, апусціцца і зноў далучыцца да гэтай працэсіі. «Гэта і многае іншае не тое, што здзіўляе, а заварожвае, прымушае задумацца аб глыбокіх спрадвечных ісцінах», – падзялілася з намі Крысціна.

А вось яшчэ ліст. Ад Валянціны Іванаўны Сагановіч з Лунінца: «Здаўна, асабліва вяскоўцы, распавядаюць дзецям пра тое, што іхняга браціка ці сястрычку прынёс бусел. Гэта можна патлумачыць тым, што дзеці ўвесь час назіралі за птушкамі, бачылі, як буслы шчыруюць, нясуць у дзюбах у сваё гняздо галінкі, шчэпачкі, жаб і нават вужоў. Таму дзеці лёгка верылі ў такое тлумачэнне. А сама легенда прасякнута шчырасцю і цеплынёй».

Вобраз бусла нярэдка сустракаецца ў творах пісьменнікаў і музыкантаў, вядомых мастакоў, скульптараў, прадстаўнікоў іншых відаў мастацтва. Ёсць нямала песень пра гэтую любімую беларусамі птушку. Майстры народнай творчасці з задавальненнем працуюць над увасабленнем цудоўнага вобраза. Столькі замілавання, цяпла і любові ў гэтых непаўторных кампазіцыях!

«У вусна-паэтычнай спадчыне ўсходнеславянскіх народаў выразна паўстае постаць бусла (бацяна, бацяя), – заўважае наш вядомы этнакультуролаг Янка Крук, – які надзяляўся рысамі чалавека: мудры і справядлівы, гаспадарлівы, чулы (можа сумаваць і плакаць адно па адным сапраўднымі слязьмі), разумее чалавечую мову, крыўдзіцца і помсціць».

Буслы падтрымліваюць адно аднаго, іх пары непадзельныя. Існуе нямала назіранняў: калі гіне адзін з буслоў, то другі таксама ахвяруе сваім жыццём.

Наша слухачка Ірына Грышкевіч (якую мы цытавалі на самым пачатку) распавядае ў сваім лісце яшчэ і пра тое, што неяк раней каля Глыбокага было буслінае гняздо. Некалькі гадоў людзі любаваліся птушкамі, але аднойчы не стала бусліхі. Бусел клекатаў, шукаў, потым знік. Як аказалася, яе хтосьці забіў. Падабраў паляўнічы, зрабіў чучала і стаў прымайстроўваць яго на дрэве. Адкуль ні вазьміся – у небе заклекатаў бусел. Ніхто не паспеў апомніцца, як ён склаў крылы і з поўнага лёту ўрэзаўся ў мужчыну. Вось так ён адпомсціў за сваю каханую і загінуў. А той чалавек потым цяжка і доўга хварэў.

Бусел – адзін з сімвалаў Беларусі, «краіны пад белымі крыламі». Асабліва шануюць яго беларусы. Спрадвеку лічылі ахоўнікам жытла ад маланак і перуноў, узорам суладнага сямейнага жыцця. У нашай нацыянальнай культуры шмат легенд і паданняў пра гэтую птушку. Цікавых і дасціпных гісторый. Калі і ў вас ёсць такая – дасылайце! А таксама іншыя звычайныя і незвычайныя гісторыі.

Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: