Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Бясконца чароўная!» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 24.07.2020
«Звычайныя гісторыі. Бясконца чароўная!» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Лета – пара вандровак. Збіраючыся ў чарговы адпачынак, прыкідваем, што пабачыць на гэты раз і куды зазірнуць? Тым больш сёлета, калі многія, хутчэй за ўсё, не плануюць пакідаць межы краіны. Ёсць у нас мясціны знакамітыя і менш вядомыя, як кажуць, «раскручаныя» і нават тыя, пра якія мы, магчыма, чуем упершыню.

Не раз і вы, паважаныя слухачы, падказвалі нам адрасы вандровак і цікавых мясцін. У маім журналісцкім блакноце занатаваны Смаляны і Паставы, Залессе і Мосар, наша беларуская вёсачка Парыж! А ёсць жа ў нас Малі і Самалі, Бенін, Балі, Сахалін ды Дублін! І гэта яшчэ не ўсе беларускія населеныя пункты, назвы якіх супадаюць або сугучныя з назвамі іншых гарадоў і нават краін.

Больш за дзесяць гадоў таму пачаў свае падарожжы па родным краі мастак і фатограф, дызайнер і аматар даўніны Уладзімір Цвірка. Каб адкрываць сваю «бясконца чароўную Беларусь». Праз пэўны час з’явіўся яго праект пад назвай «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі». Цяпер іх колькасць вырасла да 200, а то і больш! Яго цікавяць старадаўнія сядзібы і замкі, крыжы і камяні, крыніцы, хатачкі – з ганкамі, сенцамі, вокнамі, дахамі ды паддашкамі. І людзі! З іх вясковымі гісторыямі, легендамі ды паданнямі. Свае здымкі Уладзімір Цвірка дапаўняе-«аздабляе» гаворкамі з бабулямі-дзядулямі. Прайсці, праехаць па яго маршрутах, ведаю, цяпер мара многіх, у тым ліку і мая.

Ну, а што да Смалян, якія вельмі раіць наведаць Уладзімір Цвірка, дык там можна пабачыць руіны замка «Белы Ковель», касцёл Дзевы Марыі, магілу Тамаша Зана, драўляны млын ды самы маленькі каменны крыж. Смаляны некалі належалі магнатам Курбскім, Астрожскім, Паўлу Каралю Сангушку ды іншым уладальнікам.

«Едзем», як кажуць, далей.

Мястэчка Войстам Смаргонскага раёна. Там жыве наш даўні і добры знаёмы Мар’ян Антонавіч Дзевяцень. Нядаўна ён патэлефанаваў нам на радыё, расказаў пра сваю незвычайную кніжку, якую складае і нават «набірае» самастойна! У ёй яго жыццёвыя гісторыі, апавяданні, прызнанне і любоў да роднага краю. А мястэчка Войстам і сапраўды мае сваю даўнюю і найцікавейшую гісторыю. Непадалёку гарадзішча і старое капішча. І касцёл, заснаваны яшчэ ў ХV стагоддзі Вайдылам і Ядалговічамі. Толькі ці захаваўся ён? Трэба паехаць пабачыць.

Памятаю сустрэчу з Наталляй Бінкевіч з Целяхан Іванаўскага раёна. З якім захапленнем распавядала яна пра славутасці гэтага невялікага палескага гарадка. Некалі тут быў палац Агінскіх, уладарылі магнаты Вішнявецкія і Пуслоўскія. Заснавана фаянсавая мануфактура, паравы млын і бровар, гута. Асабліва ганарацца тут целяханскім бічаўніком: некалі ўздоўж воднага шляху была сухапутная дарога, якая выкарыстоўвалася для буксіроўкі суднаў і плытоў. Цяпер штогод, у сярэдзіне ліпеня, на свята «Целяханскі бічаўнік» збіраюцца землякі і шматлікія госці.

У сваіх лістах вы ўзгадваеце мясціны маленства, сваю малую радзіму. Столькі цікавых і рэдкіх назваў, за якімі такія ж захапляльныя гісторыі. Марыя Корзун са Слуцка распавядае пра сем цудаў роднага горада: помнік драўлянага дойлідства Свята-Міхайлаўскі сабор, краязнаўчы музей у былым Доме дваранскага сходу, помнікі Сафіі Слуцкай, Анастасіі Слуцкай ды іншыя славутасці. Вядомы біёлаг-селекцыянер, прафесар Інстытута пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Зоя Казлоўская вывела сорт яблыкаў «крапач» і назвала яго ў гонар сваёй малой радзімы вёскі Крапачы.

Мастак, фотааматар, няўрымслівы вандроўнік Станіслаў Абара з Мінска любіць пухавіцкую зямлю і вёску Каробавічы. Там нарадзілася яго матуля, адтуль яго карані. Але ж яго душа захапляецца і возерам Шо ў Глыбоцкім раёне, і масточкамі на Лагойшчыне, і мястэчкам Празарокі, сцяжынамі, па якіх некалі хадзілі Язэп Драздовіч, Ігнат Буйніцкі, Васіль Быкаў ды іншыя. «Я ж не толькі дзеля сябе падарожнічаю, хачу ўсім гэтым з людзьмі дзяліцца!..» – з запалам кажа ён.

А колькі на нашай зямлі таямнічых замкаў, сядзіб, храмаў ды манастыроў! Вёсак з унікальнымі назвамі і сваім незвычайным каларытам! Мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю нашых славутых пісьменнікаў, мастакаў, вучоных! Ёсць і запаветныя куточкі некранутай прыроды. Так што кожны можа скласці свой уласны маршрут, каб убачыць сваю «бясконца чароўную Беларусь».

Ну, а пра тое, што вас уразіла на гэтых маршрутах, можаце і з намі падзяліцца: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: