Пра кастрычнік, сярэдні месяц восені, напісана і сказана шмат. Напрыклад, «зямлю балоціць, а лес залоціць, ходзіць па краю і гоніць птушак з гаю». Як толькі ні называлі яго нашы продкі: пазімнік і гразнік, хлебнік і вясельнік, жоўцень і палетнік!.. Недзе больш за дзясятак назваў! Наогул, гэтая пара нейкая асаблівая і надзвычай кранальная, ёй хочацца рабіць прысвячэнні і прызнанні. З гэтым, мяркую, пагодзяцца пісьменнікі, мастакі, музыканты. І нашы слухачы, якія ў сваіх лістах «спавядаюцца перад восенню». А яшчэ я правяла невялічкае апытанне: якія думкі-роздумы выклікае ў вас кастрычнік?
«Гэтая пара – паваротны этап ад працы на зямлі да спрадвечна хатніх заняткаў, калі тая ж тканіна ці іншае ў руках майстрых ператвараюцца ў пабытовыя рэчы, – дзеліцца з намі навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Паліна Богдан. – Звычайна ў кастрычніку нашы продкі пачыналі трапаць лён, да каларыту восені далучаліся гукі церніц. Пасля перапрацоўкі заставалася кастрыца, адсюль і адна з назваў месяца». Лішне казаць, лён – адзін з сімвалаў Беларусі. Па выказванні вядомай даследчыцы даўніны, кандыдата мастацтвазнаўства Марыі Віннікавай (яна гэта пачула і занатавала падчас навуковых экспедыцый) – «лён – гэта божая свяча, гэта, як светач, як нешта духоўнае па сваёй сутнасці, што аберагае і захоўвае ад усяго злога і нядобрага. А поле, на якім расце лён, святое месца».
Заўважым, кастрычнік называлі яшчэ і паздзернікам, ад «здзіраць», «дзерці» лён і каноплі. Аказваецца, ёсць на Міншчыне (магчыма не толькі) нават вёска Паздзіркі. У старажытнасці там займаліся вытворчасцю нітак, вазілі іх на продаж у Мінск і Ракаў.
Лён трашчыць, ляціць кастрыца:
«Укалоцца не баіцца».
Трэ, ляскоча церніца:
«Лён кашуляй вернецца».
Гэта радкі пісьменніка Міколы Чарняўскага. Сярод многіх дзіцячых выданняў ёсць у яго кніжка, якая называецца «Жыў на свеце дзядзька Тыдзень...». Гэта замалёўкі ці нататкі не толькі пра кожны дзень, але і пра кожны месяц. Ёсць і пра кастрычнік. Мікалай Мікалаевіч з дзяцінства памятае ўсе тыя прылады і рэчы, якімі «церабілі лён». Аднойчы ён ледзь не засунуў у мялку руку, так хацелася хлопчыку пабачыць, куды і як запускаюць трасту. Тая даўняя гісторыя засталася ў памяці добрай навукай, як варта быць асцярожным і прадбачлівым.
Апусцелі ніва, луг,
Гул работ на іх прыглух.
Перабраліся дары
З град у хаты, на сталы, – працягвае Мікола Чарняўскі і ўзгадвае іншыя свае вершы, прысвечаныя гэтай цудоўнай пары.
Перад эфірам я размаўляла з загадчыкам аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларысай Быцко. Мне падалося, каб была магчымасць (па часе і наогул…), яна з задавальненнем праспявала б цэлую оду кастрычніку! «Па-першае, – кажа яна, – я нарадзілася 22 кастрычніка, па-другое, вельмі люблю восень! Мяне заўсёды хвалююць яе колеры. Гэта штосьці неверагоднае! Скажам, не адвесці вачэй ад таго ж сумаха аленярогага (больш ведаюць, як «воцатнае дрэва») ды іншых. Якраз цяпер мы заўважаем «Рух зямлі» (ёсць у яе такі праект): ад Багача да вячорак і Піліпаўкі. Дажынкі, падвядзенне вынікаў сельскагаспадарчага года!.. Гэта час ураджаю, дабра і надзей!..». Ларысу Мікалаеўну захапілі эмоцыі. Яна пачала распавядаць пра вядомага самародка, скульптара з вёскі Цераблічы Столінскага раёна Івана Піліпавіча Супрунчыка, якому, дарэчы, 23 кастрычніка (якое супадзенне) спаўняецца 80 гадоў! Яны сябруюць больш за 30 гадоў. Ларыса Мікалаеўна з цеплынёй узгадала і ганчароў з Гарадной (таксама Столінскі раён), распавяла пра клопаты аб тым, каб жыло гэтае народнае мастацтва, не знікалі з вясковых падворкаў гораны, а з платоў гладышы, гаршчочкі ды іншыя вырабы. А яшчэ мы гаварылі і пра тое, што кастрычніцкая пазалота, незвычайная яркасць колераў і адценняў – нібы выклік перад шэрасцю і маркотай лістапада.
Восень і кастрычнік дораць і мімалётную радасць. Галоўнае – настроіць на прыгажосць сваю душу! Прыслухацца да гэтай «музыкі», пачуць, як шамаціць, падскоквае лісце на асфальце, барабаніць дожджык па даху, як гарэзліва завіхаецца вецер, нібыта ён робіць самую галоўную справу на зямлі.
Восень – гэта яшчэ і сустрэчы. У студыі праграмы «Галерэя» таксама! Чарговая – з Мікалаем Ферапонтавічам Бакумам. Амаль што 40 гадоў ён выкладаў выяўленчае мастацтва ў Полацкім педагагічным каледжы. Дарэчы, якраз сёлета, у кастрычніку, спаўняецца 150 гадоў з дня адкрыцця гэтай навучальнай установы. Таксама свая даўняя і цікавая гісторыя. Запрашаю паслухаць «Галерэю» заўтра, у 9:05.
І яшчэ. Мне вельмі падабаюцца радкі адной вядомай пісьменніцы пра тое, што можна «даслаць восень у звычайным паштовым канверце...» Буду рада атрымаць ад вас лісты. Пра восень і не толькі. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.