Якраз у такія красавіцкія дні ішла падрыхтоўка да Берлінскай аперацыі. Яе называюць «фінальным акордам» Вялікай Айчыннай вайны. Цікава, што гэтая наступальная аперацыя ўвайшла ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самая буйная бітва ў гісторыі! Яна і прынесла доўгачаканую Перамогу.
І цяпер, праз 75 гадоў, неацэнная кожная старонка той далёкай гісторыі. Яе падзеі. І яе героі.
Вясной 1944 года беларускія партызаны правялі аперацыю пад кодавай назвай «Зорачка» па вызваленні выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома з нямецкага палону. Праз некалькі тыдняў узнікла новая пагроза. Гітлераўскае камандаванне рыхтавала маштабную карную аперацыю супраць Полацка-Лепельскага партызанскага злучэння. Неабходна было тэрмінова эвакуіраваць дзяцей на Вялікую зямлю. Гэтае заданне даручылі лётчыкам 105-га асобнага гвардзейскага авіяпалка, сярод якіх быў і Аляксандр Мамкін. Пра дзявяты, і, як аказалася, апошні рэйс гэтага легендарнага лётчыка нам расказала сведка тых падзей, мінчанка Галіна Пятроўна Цішчанка.У Полацкі дзіцячы дом яна, яе сястра і брат трапілі пасля таго, як фашысты за сувязь з партызанамі расстралялі іх маці. Тата ваяваў на фронце. Галіне на той час было восем гадоў. Многае памятае. І пра геройскі ўчынак лётчыка Мамкіна, які здолеў пасадзіць падбіты палаючы самалёт. Дзяцей падабралі, усе выжылі. Спрабавалі выратаваць і Мамкіна, але ж апёкі аказаліся несумяшчальнымі з жыццём. Яму было ўсяго 27 гадоў.
Мы не перастаем захапляцца подзвігамі беларускіх партызан. Супраць захопнікаў змагаліся 374 тысячы партызан, больш як 70 тысяч удзельнікаў антыфашысцкага падполля. Нездарма ж Беларусь называюць краінай-партызанкай. Цікавы факт: першы партызанскі бой Другой сусветнай вайны правёў атрад легендарнага камандзіра Васіля Каржа ў лясах пад Пінскам 28 чэрвеня 1941 года. Літаральна праз тыдзень з дня пачатку вайны! Першымі Героямі Савецкага Саюза сталі беларусы, партызанскія камандзіры Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі.
Пра подзвіг 28 герояў-панфілаўцаў ведаюць многія. Уявіце сабе, цэлая дывізія атрымлівае загад даслацыравацца пад Валакаламскам для ўзмацнення абароны Масквы. Узначаліў яе генерал-маёр Іван Панфілаў, за плячыма якога быў немалы ваенны вопыт, у тым ліку і на франтах грамадзянскай вайны.
Некалькі гадоў таму мне давялося пабываць у тых мясцінах, дзе ішлі жорскія кровапралітныя баі – каля знакамітага раз’езда Дубасекава, а таксама ў музеі герояў-панфілаўцаў у вёсцы Нялідава. Яго матэрыялы і экспанаты, а таксама рэдкія рэліквіі прысвечаны менавіта 361-ай стралковай дывізіі!
Сярод герояў-панфілаўцаў ёсць і наш зямляк, камандзір роты аднаго са стралковых палкоў менавіта 316-й дывізіі. Ён кіраваў абаронай пад Дубасекава на Валакаламскім накірунку ў лістападаўскія дні 1941 года. Там і загінуў. А нарадзіўся ў вёсцы Літвяны Уздзенскага раёна. У 1927 годзе скончыў Аб’яднаную беларускую ваенную школу. Цікава, што з гэтай навучальнай установы выйшлі многія вядомыя савецкія палкаводцы, у тым ліку і маршал Савецкага Саюза Іван Якубоўскі і легендарны дэсантнік Васіль Маргелаў. У Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны ёсць фотаздымак выпускнікоў гэтай школы, сярод іх і Павел Гундзіловіч.
Подзвіг панфілаўцаў – гэта гісторыя вялікай мужнасці і гераізму, якія праявілі воіны, абараняючы родную зямлю. На кожным кроку – помнікі, абеліскі, мемарыяльныя знакі. Усё гэта памяць пра тыя падзеі. І наша даніна пашаны героям.
І яшчэ. 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. На тэрыторыі Беларусі фашысты стварылі больш як 260 лагераў смерці і месц масавага знішчэння людзей. У гэтым трагічным спісе – Трасцянец, Чырвоны Бераг, Азарычы... Паводле няпоўных даных нацысты знішчылі амаль 1,5 мільёна чалавек. Не толькі мясцовых жыхароў, але і вывезеных з Аўстрыі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі, Германіі.
Мы таксама расказвалі і пра гэтыя трагічныя старонкі, пра мужнасць, стойкасць, сілу духа нашых чырвонаармейцаў, мясцовых жыхароў, якія выстаялі ў тыя няпростыя часы.
Хутка 75-годдзе Вялікай Перамогі. У праграме «Эпізоды Вялікай вайны» мы па-ранейшаму будзем адкрываць новыя старонкі тых, цяпер ужо далёкіх, падзей. Чарговая сустрэча – у гэтую нядзелю, 12 красавіка, у 16 гадзін.
Калі і ў вас ёсць пра што расказаць, калі ласка, нагадаю адрас: 220114, Мінск, Чырвоная,4, Дом радыё.