Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Да Года гістарычнай памяці. Кулі «расфарбавалі» яе стан «макамі»...» Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.06.2022
«Звычайныя гісторыі. Да Года гістарычнай памяці. Кулі «расфарбавалі» яе стан «макамі»...» Радыёблог Валянціны Стэльмах

Мы напярэдадні сумнай даты – Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Колькі разоў даводзілася прамаўляць вось гэтае знаёмае не аднаму пакаленню: «22 чэрвеня 1941 года... На досвітку тысячы варожых мін, снарадаў і авіябомб скінуты на Брэст, Брэсцкую крэпасць, іншыя пагранічныя заставы...» Столькі гора, нястач, болю прынесла вайна, пакалечыла лёсы людзей, падзяліла жыццё на «да» і «пасля». Колькі шчымлівых споведзяў пачута і перажыта падчас сустрэч тут, на Чырвонай, 4. Ды ў самых розных куточках Беларусі!

Давайце і сёння пройдзем незабыўнымі сцежкамі памяці, узгадаем пра тыя падзеі і выпрабаванні, асобныя эпізоды. Звернемся, як і звычайна, да вашых лістоў.

На канверце горад Кобрын. Знаёмы почырк. І подпіс: Алена Фёдараўна Масліевіч, на іншых – проста Лена... І раней, і цяпер, яна распавядае пра свайго дзядзьку – Віктара Яўстаф’евіча Масліевіча. Ідучы на фронт, ён абяцаў сваёй матулі і жонцы абавязкова вярнуцца. Прыгожы, вясёлы, сапраўдны жыццялюб. Ездзіў на веласіпедзе, часам песні заводзіў, мілагучныя, распеўныя. Матуля Пелагея любіла свайго сыночка, ласкава называла яго: «Мой любы Вітэк». Пехацінец Віктар Масліевіч загінуў 28 сакавіка 1945 года ва Усходняй Прусіі. Да Перамогі заставаўся месяц і некалькі дзён... Здавалася б, столькі часу мінула, а боль страты роднага чалавека не сціхае і дагэтуль. Што зразумела з ліста. І з таго вялікага жадання абавязкова хоць колькі слоў сказаць пра Віктара Масліевіча. Асабліва напярэдадні дат, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

Памятаю ліст, які даслала Лідзія Мікалаеўна Кандуховіч з аграгарадка Шашкі Стаўбцоўскага раёна. У якім эпізоды з ваеннага дзяцінства. Яны хаваліся ад немцаў на хутары, у зямлянцы, харчаваліся, чым давядзецца. Яе маме неяк удалося зберагчы карову, гэта ратавала, давалася надзея на выжыванне. А яшчэ поле і лес. Яны, маленькія, хадзілі ўлетку па чарніцы. Трэба было абавязкова назбіраць кубачак ягад. Залівалі малаком, елі з лустачкай хлеба. «Мінула столькі гадоў пасля вайны, а я і цяпер першы кубачак чарніц заліваю малаком, успамінаю тую пару. Расказваю сваім дзецям і ўнукам», – дзеліцца Лідзія Мікалаеўна.

У чэрвені 1941-га года першымі ўдар ворага прынялі пагранічнікі і воіны Брэсцкай крэпасці. На працягу амаль што месяца яны мужна і стойка трымалі абарону. «Паміраю, але не здаюся». Гэты надпіс на сценах крэпасці – сімвал мужнасці і стойкасці лейтэнанта Андрэя Кіжаватава, маёра Пятра Гаўрылава, капітана Івана Зубачова, палкавога камісара Яфіма Фаміна, лейтэнанта Аляксея Наганава ды іншых. Сярод абаронцаў былі і жанчыны – Вера Харпецкая, Раіса Абакумава, Праскоўя Ткачова, якія пад кулямі і снарадамі аказвалі дапамогу раненым.

Узгадаем сёння і Дняпроўскі рубеж – Буйніцкае поле пад Магілёвам. 23 дні і ночы тут стаялі насмерць байцы 172-ой стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Міхаіла Раманава. Моцна ўражваюць асобныя лічбы і факты. Вакол горада ажно 63(!) брацкія магілы, дзе знайшлі свой апошні прытулак больш чым 82 тысячы абаронцаў Магілёва.

Вельмі важна, каб пра мінулую вайну ведалі і памяталі нашчадкі. Пра баі, подзвігі франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў. І пра лічбы, якія, паводле народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага, заўсёды «на сэрцы» і ў ім. Услухайцеся толькі: за гады вайны зруйнавана больш за 200 беларускіх гарадоў. Нацысты правялі больш за 140 карных аперацый, поўнасцю альбо часткова знішчыўшы 5454 вёскі. У агні і пад бамбёжкамі загінулі каля трох мільёнаў жыхароў Беларусі. А колькі нашых суайчыннікаў паляглі на франтах, колькі ўдоў і дзяцей так і не дачакаліся сваіх мужоў і бацькоў з вайны. Даводзілася чытаць, каб ушанаваць хвілінай маўчання кожнага, хто загінуў толькі ў Беларусі, то мы маўчалі б цэлыя чатыры гады!

Нядаўна тут, у студыі Дома радыё, мне расказалі кранальную і балючую гісторыю, якая адбылася ў чэрвені 1941 года. У адным з прыгранічных гарнізонаў ладзіўся танцавальны вечар. Малады чалавек усё ніяк не асмельваўся падысці да дзяўчыны, якая яму вельмі падабалася. Раптам пачуліся ўзрывы, гул... вайна... Ён выбег на вуліцу, яго тут жа раніла. Упаў, і апошняе, што ўбачыў, тую дзяўчыну, якую пакахаў. На яе бела-белай сукенцы... расквітнелі «макі». Яму падалося, бо гэта ж кулі «расфарбавалі» яе стан.

І яшчэ. Штотыднёва, у нядзелю, у 16 гадзін, на хвалі Беларускага радыё – выпускі праграмы «Эпізоды Вялікай вайны». У іх мы звяртаемся да тых векапомных дзён. 19 чэрвеня прагучаць успаміны мінчанкі Нэллі Ціханаўны Лугаўской пра ваеннае дзяцінства, эвакуацыю і вяртанне, а таксама пра тату-франтавіка і тое, як зберагчы і захаваць памяць аб гэтай старонцы нашай гісторыі.

Чэрвень, лета... Дні, напоўненыя самымі рознымі падзеямі і ўспамінамі. Ад далёкай гісторыі да нашых дзён. Свае жыццёвыя аповеды дасылайце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: