Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Да Году гістарычнай памяці. Лістападаўскія сюжэты». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 04.11.2022
«Звычайныя гісторыі. Да Году гістарычнай памяці. Лістападаўскія сюжэты». Радыёблог Валянціны Стэльмах

Лістапад!.. Як бы мы ні наракалі на яго, усё ж і ў апошнім месяцы восені таксама шмат прывабнага і непаўторнага. Чаго толькі вартая яго суцішаная і задуменная разважлівасць: як часта нам гэтага не хапае!.. А нечаканасць сонечных промняў: сарамліва і нясмела вызірнуць з-пад аблокаў – любуйцеся, лавіце гэту раптоўную радасць!.. А лістота, якая можа здзівіць сваім таямнічым шамаценнем, незвычайнымі танцамі на асфальце альбо чароўнай імправізацыяй дзе-небудзь ля вясковых прысад!..

«Лістапад зіме сцежку пракладвае» – казалі ў народзе, называлі яго «варотамі зімы» і надзялялі самымі рознымі прыкметамі. Вызначаецца ён і шэрагам адметных дат. І, вядома ж, гістарычнай падзеяй, якая адбылася 7 лістапада 1917 года. У часы існавання СССР яе адзначалі масавымі ўрачыстымі мерапрыемствамі. Цяпер пра гэтую старонку нашай агульнай гісторыі нагадвае чырвоны лісток календара ды настальгічныя ўспаміны пра юнацтва і маладосць.

Успамінаю ліст (і гэта таксама ўжо гісторыя) ад Зоі Іванаўны Іванцовай з Глыбокага і яе прызнанне вёсцы Шчарбы. Там прайшло яе «азёрна-светлавокае» дзяцінства. Вёска, дзе было 60 двароў, край «ваенных удоў і журбы». Уся яе далёкая і больш блізкая гісторыя. У лісце ёсць радкі пра бабуліну хату. У тыя гады не было тэлевізара, толькі радыё. Школьніца Зоя слухала «Калыханку» ды іншыя перадачы. Прасіла бабуль, каб тыя прыпынялі свае калаўроты, кідалі прасніцы і таксама слухалі.

Ці вось яшчэ радкі: «Успамінаюцца гады маладосці, – піша Кацярына Уладзіміраўна, прозвішча і адрас не пазначаны. – Пасля заканчэння інстытута па размеркаванні я трапіла ў адзін невялікі гарадок на Гродзеншчыне. У тыя часы прынята было ладзіць фэсты, яны праводзіліся на прыродзе. Звычайна падчас гэтых свят ушаноўвалі перадавікоў сельскай гаспадаркі. З шырокім размахам у тыя гады адзначалася і свята Кастрычніцкай рэвалюцыі». І далей пра тое, як падчас аднаго з такіх фэстаў яна сустрэлася з прыгожым юнаком. Аднак адносіны ў іх чамусьці не склаліся. «Я нават не ведаю, чаму?.. Мне ўжо за 80, але ж я ніколі не забуду той дзень, Бабін гай, нашу вандроўку і Васю… Такі ўспамін з майго юнацтва», – дадае аўтар ліста.

Незадоўга да гэтага эфіру я размаўляла з жыхаром вёскі Янкавічы Расонскага раёна Аляксандрам Матошкам. Аляксандр Іванавіч – наш даўні сябра і дарадчык. Яго лісты, шчырыя і кранальныя ўспаміны пра куточкі маленства, захоўваюцца ў архіве звычайных і незвычайных гісторый. «Некаторыя любяць перапісваць нашу гісторыю, пра нешта забываць, нешта перайначваць, але ж гэтага нельга рабіць, – дзеліцца ён. – Вядома ж не ўсё было правільна, асабліва, мне падаецца, гады выгнання людзей у Сібір, на Поўнач. Яны ж любілі сваю зямлю, шчыравалі на ёй, жылі заможна, мелі вялікія і моцныя сем'і. Але ж, на вялікі жаль, быў і такі перыяд гісторыі. Гэта жыццё нашых продкаў, яно нікуды не дзелася, яно ў нашых генах». Аляксандр Іванавіч узгадаў і пра свае любыя Гараўцы, вёсачку дзяцінства. Цяпер яе няма на геаграфічнай карце, але ж яна, у душы і сэрцы. Памятаю, як хораша распавядаў ён пра пагоркі, астраўкі і высокія берагі, пра Дрысу і тое, калі раніцай «рэчка прачыналася і з гары супрацьлеглага берага быў відаць кожны каменьчык, кожная травінка...» А людзі!.. Гэта ж таксама наша гісторыя!.. Яўгенія Арцёмаўна, Лізавета Міхайлаўна, Ніна Сямёнаўна, вясковыя руплівіцы, якія доўгі час працавалі на ферме, на адкорме бычкоў. Раней умовы былі няпростыя, але ж яны цягнулі гэты воз, не наракалі на сваё жыццё і, напэўна, па-свойму былі шчаслівыя.

А думкі зноў гартаюць успамін,

Як кнігу даўняе сустрэчы…

Душа мая! Удзячнасць абдымі

І душы ўсіх збяры на веча!..

Гэта радкі Аляксандра Матошкі з верша «Роднасць». Захацелася далучыцца да свету яго паэзіі, у якой вялікая ўдзячнасць і прызнанне гараўчанкам за іх працу (лічыць, што цяпер так не ўмеюць ці не хочуць працаваць), за сціпласць, мудрасць, вялікую любоў і адданасць сваёй зямлі.

І яшчэ. У гэтыя лістападаўскія дні мы зазірнулі ў Дом-музей I з'езда РСДРП. Гэта адзін са старэйшых музеяў нашай сталіцы. Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як помнік даўніны. Куточак нашай агульнай савецкай гісторыі, якую мы не маем права забываць ці перапісваць. Пра гэта (і не толькі) – размова з гісторыкам Андрэем Ліневічам у праграме «Галерэя» заўтра, у 9:05 на хвалі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: