Не раз мы разважалі з вамі пра памяць аб нашым мінулым. Тым, далёкім, калі многае хаваецца ў глыбіні стагоддзяў, і больш блізкім па часе. І як мы не раз казалі, гісторыя, памяць – гэта не абстрактныя веды аб якіх-небудзь падзеях, іх удзельніках, памяць – гэта жыццёвы вопыт нашых продкаў, перажытае і прачулае імі. А яшчэ кожны з нас у гэтае паняцце ўкладвае нешта сваё: ці то ўзгадваюцца сцены старажытнай мураванкі, сціплы помнік-абеліск у цэнтры вёскі, купалы храма, ці то векавыя дзядзінцы, камяні, крынічкі... Абрысы роднай зямлі. Пра гэта і ў вашых пісьмах.
Незадоўга да эфіру мы атрымалі ліст ад Марыі Аляксандраўны Еўстраценка з пасёлка Пакроўскі Чачэрскага раёна. Цяпер там усяго 17 падворкаў, 50 жыхароў, нават крыху менш. І ўсё ж гэта менавіта пасёлак. А яшчэ кінулася ў вочы такая балючая лічба: з Пакроўскага толькі на франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі 15 чалавек. Чытаю асобныя радкі з гэтага ліста ў перакладзе з рускай мовы: «Мне было тры гады, брату некалькі месяцаў, калі наш тата са сваім братам пайшлі на фронт. Мы з мамай спазналі ўвесь цяжар і нястачу жыцця на акупіраванай тэрыторыі. Немцы выгналі нас з хаты, хацелі расстраляць... Мама вельмі баялася за нас, за наша жыццё. Але ж неяк выхадзіла, выгадавала, зберагла… Перажыла балючае паведамленне пра тое, што тата загінуў… Аляксандр Маркавіч Гіль, ураджэнец вёскі Восава Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. У памяць пра тату свайго малодшага сына я назвала Аляксандрам». Ёсць у лісце і маленькая прыпісачка пра тое, што нельга пра ўсё гэта ўспамінаць без хвалявання і слёз. Яно і зразумела, памяць пра родных і блізкіх, прачулае і перажытае сэрцам і душой, – гэта тое, што застаецца з чалавекам назаўсёды.
Перад эфірам я размаўляла з нашай пастаяннай слухачкай і аўтаркай з вёскі Заверша Драгічынскага раёна Аленай Іванаўнай Шышко. Прызнацца, нашы стасункі апошнім часам, на вялікі жаль, зменшыліся, таму была вельмі рада яе пачуць. І тыя гісторыі, якія яна распавядае, і тое, што для яе памяць пра мінулае, далёкае і больш блізкае.
«Я адразу ж успамінаю сваіх бацькоў – Яфімію Данілаўну і Івана Якімавіча. У 1942 годзе іх у маладым узросце вывезлі на прымусовыя работы ў Германію: маме было 20, тату 18. Яны з адной вёскі. Пабраліся шлюбам пасля вайны, у 1949-ым. Мама працавала на авіяцыйным заводзе ў прыгарадзе Берліна, а вось больш падрабязна пра лёс таты даведалася зусім нядаўна». І далей Алена Іванаўна расказала пра тое, што пасля Перамогі тата трапіў на службу ў Цэнтральную групу войск, атрымаў пасведчанне шафёра, служыў да 1946 года. Цікавы і трошкі нечаканы факт: гэтае пасведчанне было сапраўдным толькі на тэрыторыі гэтай групы войск. Да пошуку звестак пра роднага чалавека далучыўся сын Алены Іванаўны. Накіроўвалі запыты па тых населеных пунктах, якія ўзгадваюцца ў яго чырвонаармейскай кніжцы, а таксама надпісах на фотакартках, якія Іван Якімавіч дасылаў родным з Германіі. Мама ж Алены Іванаўны ў свой час больш расказвала пра тыя тры гады выгнання ў Германіі. Мяне моцна ўразіла тое, што, калі скончылася вайна, яны з дзяўчатамі пешшу дабіраліся дадому. Ішлі з мая па верасень 1945-га. І такіх гісторый было ў той час нямала.
Яшчэ адзін ліст. Ці перапіска жыхара горада Вілейкі Міхаіла Нартава з мясцовымі ўладамі наконт увекавечання памяці вядомага дзяржаўнага дзеяча, аднаго з камандзіраў партызанскага руху Пятра Міронавіча Машэрава. Ветэран працы, афіцэр запасу Міхаіл Аляксеевіч Нартаў лічыць, што ў Год гістарычнай памяці варта больш увагі звярнуць на мясціны, дзе жыў і працаваў наш вядомы зямляк, а таксама выказаў прапанову, каб цягнік «Перамога» прыпыняўся і ў Вілейцы, бо ў яго горадзе нямала памятных і знакавых мясцін.
Не раз заўважала, тая ці іншая дата, старонка з гісторыі адгукаюцца сваёй памяццю, наводзяць на роздумы, выклікаюць жаданне нешта пашукаць, пачытаць. І падзяліцца з вамі.
Якраз у канцы кастрычніка, толькі 1942 года, праведзена адказная аперацыя па знішчэнні варожага гарнізона ў вёсцы Сінкевічы Лунінецкага раёна. Незадоўга да гэтага ў вядомага партызанскага камандзіра Васіля Каржа адбылася нарада каманднага складу атрадаў. Васіль Захаравіч звярнуўся да прысутных з прамовай і нагадаў пра тое, што набліжаецца 25-я гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі. І што па чыгунцы Брэст-Гомель ідуць з Германіі ваенныя эшалоны да Волгі, туды, дзе ў самым разгары Сталінградская бітва. Ён звярнуўся з заклікам прыпыніць рух цягнікоў, узарваць 50-метровы мост праз раку Лань у Сінкевічах, а таксама знішчыць мясцовы варожы гарнізон. У выніку аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на доўгі час.
Крок за крокам, памяць пра мінулае гэтай палескай вёскі вядзе ў глыбіню вякоў. І вось перад намі сапраўдныя аўтографы далёкай мінуўшчыны: на вясковых могілках знаходзіцца царква Святога Георгія са званіцай, пабудаваная ў XVII-XVIII стагоддзях! Храм уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, больш падрабязна пра партызанскую аперацыю ў Сінкевічах слухайце ў чарговым выпуску праграмы «Эпізоды вялікай вайны» у нядзелю, 30 кастрычніка ў 16 гадзін на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. І да наступнай сустрэчы!