Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Дарогі, што вядуць за гарызонт». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.05.2022
«Звычайныя гісторыі. Дарогі, што вядуць за гарызонт». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Прыгадваю нядаўнюю сустрэчу з народным мастаком Беларусі, знакамітым скульптарам Іванам Міско. Слухала гэтага ўмудронага жыццём суразмоўцу і толькі паспявала занатоўваць яго думкі. І яго гісторыі. Пра няўмольнасць часу і тое, што яму хацелася б паспець зрабіць, пра тое, што цяпер ён знаходзіць натхненне і ў тым, што малюе крыніцы, пейзажныя замалёўкі на золку і падчас заходу сонца. Іван Якімавіч разважаў пра сучасную моладзь і выхаванне. Упэўнены, без сумленнай і адданай працы нічога ў жыцці немагчыма дасягнуць. Уразілі мяне і яго высновы пра тое, што часам адно слова можа перакрэсліць адносіны паміж людзьмі.

І раптам мы загаварылі пра дарогі! Звычайныя, тыя, што злучаюць гарады і вёскі, невялікія пасёлкі і аддаленыя хутаркі. Ёсць і зусім вузенькія, непрыкметныя, воддаль ад вёсак, амаль што нікім не ходжаныя. «Ёсць такая сцяжына і ў мяне, – кажа Іван Якімавіч, удумліва замаўкае, нібыта рыхтуючыся да далёкіх успамінаў, – я ж нарадзіўся на хутары Чамяры, цяпер гэта вёска ў Слонімскім раёне». І далей пачула кранальную гісторыю пра тое, як не вельмі даўно, у свае 90, ён ішоў па гэтай сцяжыне да бацькоўскай хаты. Там цяпер жывуць іншыя людзі, але ж яго цягне туды... Засталася печ, на якой некалі пакінуў свае першыя дзіцячыя «аўтографы» будучы мастак. Рос ён надзвычай цікаўным хлопчыкам. Яму да ўсяго хацелася самому дайсці, пра ўсё дазнацца. А самае дзіўнае, яго чамусьці цягнула дабегчы да гарызонту, бо здавалася, што там перад ім адкрыецца іншы свет, і ён абавязкова знойдзе разгадку сваёй дзіцячай мары.

Часта думкі скульптара Івана Міско вядуць і ў Жодзіна, да шашы Мінск – Масква, дзе ўзведзены манумент у гонар маці-патрыёткі Анастасіі Купрыянавай. Гэтая скульптурная кампазіцыя, зробленая ім у суаўтарстве, застыла ў бронзе ля дарогі. Яна таксама ўвасабляе вечнасць подзвігу пяці сыноў гэтай простай беларускай жанчыны, якія аддалі свае жыцці за вызваленне радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адзін з сыноў Купрыянавай нібыта азіраецца, хоча сказаць сваёй матулі на развітанне нейкія самыя важныя словы, і адыходзіць у вечнасць... Гэта вобраз малодшага сына, Пятра Купрыянава, якога не стала ў лістападзе 1944 года пры вызваленні Латвіі. Загінуў геройскі, закрыўшы сваім целам амбразуру варожага дзота. Яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Іван Якімавіч расказваў, што ён не аднойчы сустракаўся з маці сыноў-герояў. Да глыбіні душы краналі расповеды пра тое, што яна часта ходзіць на дарогу, да сваіх сыночкаў...

«А вы не задумваліся, колькі, скажам, у нас, у Беларусі, назваў гарадоў і вёсак, звязаных з дарогамі? – дапытліва працягвае Іван Якімавіч, – ну, напрыклад, Старыя Дарогі?..» І тут ужо я прыгадала сваё амаль што школьнае юнацтва, калі шляхі-дарогі прывялі ў гэты невялікі гарадок. Магло так здарыцца, што менавіта адтуль пачаліся б мае першыя крокі ў журналістыку. Таксама даўняя гісторыя, якая падштурхнула зазірнуць у энцыклапедыю. Калісьці на месцы Старых Дарог была вялікая дрыгва. Дарогі і астатнія балоцістыя мясціны ўваходзілі ў склад Тураўскага княства. Князь па прозвішчы Тур сябраваў з Рагвалодам. Пазней гэтыя землі і само мястэчка пераходзілі, як кажуць, з рук у рукі. І да Вітаўта, і да Гальшанскага, і да іншых уладароў. У летапісы Дарогі трапілі толькі ў 1524 годзе, аб чым напісана на валуне ў цэнтры горада. У канцы XIX стагоддзя побач з’явілася вёсачка, якую, як ні дзіўна, таксама назвалі Дарогі. Пазней да гэтай назвы ўсё ж далучылі слова «Новыя», а да ранейшай назвы горада – «Старыя». Хаця горад і завецца Старыя Дарогі, будынкаў з даўніны захавалася вельмі мала, хіба што колішняя паштовая станцыя, пабудаваная ў 40-я гады XIX стагоддзя. Вось у якую даўніну завяла нас яшчэ адна дарога!

У майстэрні-музеі народнага мастака Беларусі, «касмічнага» скульптара Івана Міско на самым бачным месцы – эскіз кампазіцыі, якая называецца «Доўгая дарога на старт». Яшчэ адно яго прысвячэнне космасу і нашаму земляку, лётчыку-касманаўту Алегу Навіцкаму. І яго дарозе да далёкіх касмічных вышынь, якія пачыналіся ў родным горадзе Чэрвені. Якраз тыя, такія блізкія і дарагія з дзяцінства – за лугам, полем, рэчкай. Вузенькія і шырэйшыя, кароткія і доўгія, роўныя і пакручастыя, усякія, як і само жыццё. Цяпер Іван Якімавіч стараецца выкарыстаць любую магчымасць, каб сустрэцца з касманаўтам і хоць крышачку «паляпіць з натуры», наблізіць увасабленне сваёй мары – усталяваць гэтую кампазіцыю на радзіме касманаўта. Заўсёды шчыра радуецца і вельмі даражыць гэтымі стасункамі.

Мне таксама пашчасціла сустрэцца з лётчыкам-касманаўтам Алегам Навіцкім. Запісаць інтэрв’ю для праграмы «Галерэя». Я вельмі ўдзячная Івану Якімавічу за садзейнічанне ў арганізацыі гэтай «зорнай» сустрэчы!..

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: