Часта даводзіцца чуць пра тое, што значаць у нашым жыцці дарогі. Куды яны вядуць і чым радуюць, якія цяжкасці і нават выпрабаванні даводзіцца перажываць у дарозе. Чым яны запамінаюцца, здзіўляюць, захапляюць. І колькі звычайных і незвычайных гісторый адбываецца менавіта падчас вандровак.
У вашых лістах нямала такіх расповедаў. Чытаеш і нібыта трапляеш у тыя дзівосныя куточкі.
Успамінамі пра вёску Забалоцце падзяліўся наш слухач з Маладзечна Генадзь Маркоўскі. Гэта яго роздумы пра тое, якой яна была раней, і куды вялі вясковыя сцяжынкі, дарогі яго маленства: да рэчкі Ушы, у запаветныя ягадныя і грыбныя мясцінкі, да жнівеньскай пожні і бульбяных палеткаў. Генадзю Іванавічу прыкра і балюча ад таго, што многае змянілася – прырода і людзі. І ўсё ж шчырая любоў да бацькоўскага куточка застанецца з ім назаўсёды.
Нашы даўнія і добрыя сябры Вячаслаў Адамавіч і Соф’я Аляксандраўна Меляшкевіч з пасёлка Мар’іна Пухавіцкага раёна не раз распавядалі пра дарогі сваёй маладосці. І пра тую, якая аднойчы прывяла да знаёмства. Гэта дарога на Курчы, на хутар у Смаргонскім раёне, адкуль родам яго Соф’я. Яны, дарэчы, некалькі гадоў таму ажыццявілі вандроўку па тых мясцінах з сям’ёй, з сынам і дарослым унукам. «Выехалі на дарогу, бачым – аўтобусны прыпынак. І назву «Курчы». Чыталі і вачам сваім не верылі. Пастаялі, паўспаміналі. Значыць, жывуць нашы Курчы! Гэта былі хвіліны радасці!..» – заўважае Вячаслаў Адамавіч.
А вось і пра кур’ёзы ў дарозе. Радкі з ліста ад Тамары Падзялінскай з аграгарадка Парэчанка Гродзенскай вобласці: «У далёкія 60-я гады я працавала загадчыцай клуба. Неяк паехалі мы з бібліятэкарам па фарбу, каб зрабіць невялікі рамонт, прыбрацца за летні сезон. У той час яе прадавалі на разліў. Завязалі мы вёдры хустачкамі і пайшлі на аўтобусны прыпынак». І далей пра тое, як праз нейкі час пасажыры пачалі хвалявацца, маўляў, што за пахі, можа аўтобус не спраўны?.. Чамусьці жанчыны пабаяліся прызнацца, усю дарогу толькі і думалі пра тое, каб як мага хутчэй пакінуць аўтобус.
«Старадаўні Загародскі шлях. Так яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя мясцовыя жыхары называлі дарогу, якая злучала Пінск і Кобрын», – радкі з ліста ад Алены Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна. І далей яна распавядае пра тое, як па гэтым гасцінцы на конных павозках перапраўляліся грузы. Дарогу дбайна аберагалі. Узбочыны заўсёды былі абкошаныя, чыстыя, дагледжаныя. На працягу многіх стагоддзяў служылі людзям і гэты, і Янаўскі гасцінец, ды іншыя. Але ж многае цяпер адышло ў нябыт. І, як лічыць Алена Іванаўна, нам трэба клапаціцца аб тым, каб захаваць для нашчадкаў хаця б некаторыя звесткі пра гэтыя найцікавейшыя старонкі мінуўшчыны.
А колькі цікавых і дасціпных легенд, паданняў і звычаяў звязана з дарогай! Нашы продкі лічылі, што ні ў якім разе нельга пераходзіць дарогу вяселлю, бо такім крокам можна зрабіць жыццё маладых нядружным. І калі чалавек робіць гэта свядома, усё зло абернецца на яго. Лічылася, што чалавек, які перайшоў дарогу пахавальнай працэсіі, можа сур’ёзна захварэць. Існавала забарона пазычаць што-небудзь суседзям, якія жывуць праз дарогу. Так што ва ўсім гэтым была свая мудрасць і свае простыя жыццёвыя законы.
«Дарога гістарычна ўвайшла ў духоўны свет чалавека ад прымітыўнай магіі да твораў мастацтва, ад дарожных рытуалаў да філасофскіх ведаў», – радкі з прадмовы да кнігі Армена Сардарава, якая так і называецца «Кніга пра дарогі». Армен Сяргеевіч – доктар архітэктуры, навуковец, педагог, дызайнер, фотамастак. Дарэчы, адзін з аўтараў знака «Нулявы кіламетр». У свой час быў госцем праграмы «Галерэя», з захапленнем распавядаў і пра іншыя свае мастацкія творы, і пра дарогі, іх ролю ў чалавечай цывілізацыі і культуры.
Ёсць вялікія дарогі (бальшакі) і малыя, прасёлачныя, палявыя, лясныя. У балцкіх плямёнаў былі брукаваныя дарогі, якія праходзілі нават праз водныя перашкоды: раку, возера ці балота.
А колькі паэтычных прызнанняў зроблена дарозе! Ёсць яны ў Якуба Коласа, які вельмі любіў вандраваць, асабліва ляснымі дарогамі. Памятаеце яго радкі: «Дарогі, вечныя дарогі!..» У Алега Лойкі ёсць у яго паэтычны зборнік «Калі ты ў дарозе». У Яўгеніі Янішчыц, якая ведала, што яе дарогі вядуць «у роднае поле, на луг, што купаецца ў ранняй расе, і дзе складзены чыесьці песні ў стагі, і дзе пасуцца не апошнія коні...»
І яшчэ. Лета – пара вандровак. Пара спатканняў з тымі дарогамі, да якіх кожны з нас прызвычаіўся з маленства. З тымі сцяжынкамі, што вядуць да рэчкі, у поле, на луг. З тымі хатачкамі, што прытуляюцца бліжэй да дарог, і якія сталі сюжэтамі меладычных задушэўных песень. Кажуць, дарогі ніколі не заканчваюцца, а вандроўнік трапляе на іншую, зачароўваецца ёю, адкрывае свае гарызонты, далучаецца да новых сустрэч і знаёмстваў.
Раскажыце і вы пра свае незабыўныя дарогі. І пра тыя гісторыі, якія на іх здараліся. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.