Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Дарогі, вечныя дарогі...» – Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 10.07.2020
«Звычайныя гісторыі. Дарогі, вечныя дарогі...» – Радыёблог Валянціны Стэльмах

Прывітанне, шаноўныя слухачы!

Як часта даводзіцца чуць пра тое, што значаць у нашым жыцці дарогі, як адбіваюцца на свядомасці, куды вядуць і чым радуюць, а часам і засмучаюць. Чым запамінаюцца, здзіўляюць, захапляюць!.. А колькі звычайных і незвычайных гісторый адбываецца менавіта ў дарозе!

Усе дарогі Беларусі, як вы ведаеце, пачынаюцца ля культавага знака – нулявога кіламетра. Устаноўлены ён у 1998 годзе на Кастрычніцкай плошчы нашай сталіцы. Помнік, выраблены з граніту, «вычасаны» ажно ў Партугаліі. Сімвалізуе трываласць і вечнасць. Многіх здзіўляе, чаму гэтак здалёку спатрэбілася везці матэрыял? Магчыма, тут таксама ёсць свая гісторыя.

У вашых лістах, паважаныя слухачы, нямала расповедаў пра дарогі. Чытаеш і нібыта трапляеш ў тыя дзівосныя куточкі нашай сінявокай Беларусі.

«Старадаўні Загародскі шлях. Так яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя мясцовыя жыхары называлі дарогу, якая злучала Пінск і Кобрын». Радкі з ліста ад Алены Іванаўны Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна. І далей яна распавядае пра тое, што па гэтым гасцінцы на конных павозках перапраўлялі грузы. Дарогу бераглі. Ніхто паблізу не араў зямлю, хаця вакол былі надзелы і хутарскія сядзібы. Узбочыны былі абкошаныя, чыстыя, дагледжаныя. І лясок непадалёку рос, так званая «асадніцкая хваіна». На працягу стагоддзяў служылі людзям і гэты, і Янаўскі гасцінец, ды іншыя. Але ж многае цяпер адышло ў нябыт. І, як лічыць Алена Іванаўна, цяпер усім нам трэба клапаціцца аб тым, каб захаваць для нашчадкаў звесткі пра гэтыя найцікавейшыя старонкі мінуўшчыны.

Валянціна Рыгораўна Сачык з Мінска не раз у сваіх лістах прызнавалася ў любові да мясцін маленства, а гэта вёска Нізок Уздзенскага раёна. Ганарыцца тым, што ўздзенская зямля падарыла нам такіх выдатных асоб, пісьменнікаў – Паўлюка Труса, Кандрата Крапіву, Лідзію Арабей ды іншых. Ну, а тыя дарогі, сцяжынкі маленства для яе самыя дарагія на свеце! Даслала і радкі паэта-лірыка Паўлюка Труса пра вёску пры гасцінцы. Пры дарозе.

Нашы даўнія і добрыя сябры Вячаслаў Адамавіч і Соф’я Аляксандраўна Меляшкевічы з пасёлка Мар’іна Пухавіцкага раёна не раз распавядалі пра дарогі сваёй маладосці. І пра тую, якая аднойчы прывяла да знаёмства. На ўсё жыццё. Вячаслаў Адамавіч даслаў свой аповед пра дарогу на Курчы: некалі быў такі на хутар у Смаргонскім раёне, адкуль родам яго Соф’я. Некалькі гадоў таму яны паехалі туды з сям’ёй, з сынам і дарослым унукам. Гэта была вельмі кранальная, напоўненая эмоцыямі сустрэча. «Пастаялі, паўспаміналі. Выехалі на дарогу, бачым – аўтобусны прыпынак. І назву «Курчы». Чыталі і вачам сваім не верылі. Значыць, усё ж жывуць нашы Курчы! Вось дык нечаканы падарунак! Мы так радаваліся!..» – заўважае Вячаслаў Адамавіч.

Дарогі – гэта ж не толькі састаўная частка транспартнай інфраструктуры той ці іншай краіны. «Дарога гістарычна ўвайшла ў духоўны свет чалавека ад прымітыўнай магіі да твораў мастацтва, ад дарожных рытуалаў да філасофскіх ведаў», – радкі з прадмовы да кнігі Армена Сардарава, якая так і называецца «Кніга пра дарогі». Армен Сяргеевіч – доктар архітэктуры, навуковец, педагог, дызайнер, фотамастак. Дарэчы, адзін з аўтараў знака «Нулявы кіламетр». У свой час ён быў госцем праграмы «Галерэя», з захапленнем распавядаў і пра іншыя свае творы, вядома ж, і пра дарогі, іх ролю ў чалавечай цывілізацыі і культуры.

Ёсць вялікія дарогі (бальшакі) і малыя, прасёлачныя, палявыя, лясныя. У балцкіх плямёнаў былі брукаваныя дарогі, якія праходзілі праз водныя перашкоды: раку, возера ці балота, так званыя кулгрынды. Мелі абарончы або культавы характар, часцей вялі да гарадзішча ці святыні. Ёсць цікавыя легенды пра кулгрынды возера Свіцязь.

І яшчэ. Лета – пара вандровак. Пара спатканняў з тымі дарогамі, да якіх кожны з нас прызвычаіўся з маленства. Гэта і адкрыццё новых, з іх незвычайнымі традыцыямі, абрадамі ды звычаямі. А заадно і з крыніцамі, калодзежамі, якія людзі спадвеку капалі ля дарог. І з тымі хатачкамі, якія сталі сюжэтамі меладычных і задушэўных песень. Кажуць, дарогі ніколі не заканчваюцца, а вандроўнік трапляе на іншую, зачароўваецца ёю, адкрывае іншыя гарызонты, далучаецца да новых сустрэч і знаёмстваў.

А колькі паэтычных прызнанняў зроблена дарогам! Ёсць яны і ў Якуба Коласа, які вельмі любіў вандраваць, асабліва ляснымі дарогамі ды сцежкамі:

Дарогі, вечныя дарогі!

Знаць, вам спрадвеку самі богі,

Калі красёнцы жыцця ткалі,

І вашы лёсы вызначалі.

Няма канца вам,

Ні супыну...

І г. д.

Раскажыце і вы пра свае самыя незабыўныя дарогі. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: