Ёсць у чалавека заўсёдная патрэба вяртацца дадому. Праз гады і расстанні. І на вечны спачын, як бы сумна гэта ні гучала. Такі лёс выпаў і народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву. Бясспрэчна, ён пакінуў нам неацэнную літаратурную спадчыну, сярод якой і яго апошняя кніга ўспамінаў «Доўгая дарога дадому» (2003). А некалькі чэрвеньскіх дзён – гэта, я сказала б, яго, быкаўскія дні. 19-га нарадзіўся, 22-га пайшоў з жыцця.
Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і Ленінскай, многіх літаратурных прэмій, Васіль Уладзіміравіч Быкаў вывеў беларускую літаратуру на еўрапейскую прастору. І, як адзначаюць крытыкі, «злучыў сучасную літаратуру з «залатым векам» Талстога і Дастаеўскага, з векам наступным».
«Быкаў – надзвычай цікавы абсяг», – дзеліцца з намі слухачка з Віцебшчыны Тамара Ушацкая. Па ўсім відаць, гэта яе псеўданім, і яна, магчыма, зямлячка славутага пісьменніка. Распавядае і пра тое, што, каб адчуць і зразумець яго, Быкава, поўным сэрцам, варта паблукаць і па «сцежках яго маленства, хаця ён не вельмі любіў яго, бо было яно галодным і гаротным».
Памятаю, як Настасся Смірнова, – раней яна была супрацоўніцай Музея-дачы Васіля Быкава, што пад Ждановічамі, – у адной з нашых радыёперадач захаплялася гэтым цудоўным куточкам, дзе, здаецца, усё «дыхае» прысутнасцю пісьменніка. Дамок з далёкіх 80-х, у ім невялічкі працоўны кабінет, вітальня, сталовая, іншыя пакойчыкі. Усё проста і лаканічна, без расквечанасці і пампезнасці. Здаецца, гаспадар толькі што выйшаў і вось-вось вернецца... Мансарда, альтанка, сцежачка ў невялічкі дворык-палісаднік. Сюды, да Быкава, ідуць, едуць на веласіпедах праз лес і масток, дачныя вулачкі паклоннікі яго творчасці. Дарэчы, музей адкрыты ў чэрвені 2014 года і дзейнічае як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Нельга без хвалявання знаёміцца і са старонкамі ваеннай біяграфіі пісьменніка. Летам 1942 года Васіль Быкаў быў прызваны ў Чырвоную Армію. Пасля заканчэння Саратаўскага пяхотнага вучылішча. З 80 яго выпускнікоў у вайну ацалела толькі чацвёра... Ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах, удзельнічаў у баях за Крывы Рог, Кіраваград, Знам’янку. Падчас Кіраваградскай аперацыі быў моцна паранены, трапіў у спісы загінулых. Бацькі атрымалі паведамленне, што іх сын мужна загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі пад Кіраваградам, што і было засведчана на абеліску. Гэтыя падзеі ляглі ў аснову яго аповесці «Мёртвым не баліць».
Старшы лейтэнант, камандзір узвода палкавой, затым армейскай артылерыі Васіль Быкаў выжыў, ваяваў далей, удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі, прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю. Служыў у Беларусі і на Далёкім Усходзе.
Можа, таму і большасць яго твораў – раманы, аповесці, апавяданні – менавіта пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра маральны выбар чалавека ў найбольш складаныя і драматычныя моманты. Яшчэ ў 1959 годзе Васіль Быкаў звярнуўся да ваеннай тэмы ў аповесці «Жураўліны крык», каб застацца ёй верным да сваіх апошніх дзён. «Трэцяя ракета» і «Альпійская балада», «Сотнікаў» і «Абеліск», «Дажыць да світання», «Воўчая зграя», «Яго батальён», «Аблава», «У тумане» і многія-многія іншыя. Пісьменнік лічыў, што праўду пра вайну могуць напісаць толькі яе ўдзельнікі ці сведкі. У сваім эсэ «Вайна і перамога» ён заўважае: «Чым болей часу мінае з памятнага мая 1945 года, тым больш пытанняў ставіць мінулая вайна. Маладым пакаленням здаецца, што для іх настаў час, не звязаны з праклятым мінулым, якое стала заслужаным лёсам іх бацькоў і дзядоў. Але ж шмат што ў свеце звязана моцнай вяроўчынай, не разблытаўшы тугія вузлы якой, не надта пасунешся ў шчаслівую будучыню». Гучыць надзённа. Як запавет. Асабліва сёлета, у юбілей, 75-годдзе Вялікай Перамогі.
«У творах Васіля Быкава можна знайсці шмат падказак, як сябе паводзіць у тых ці іншых жыццёвых абставінах і застацца чалавекам, – лічыць наша слухачка з Мінска Святлана Кавальчук. – Ва ўсякім разе, многія ведаюць яго выказванне пра тое, што, каб дасягнуць задуманай мэты, трэба змагацца да апошняга. І верыць».
Сёння, у дзень нараджэння Васіля Быкава, якога пры жыцці называлі класікам і духоўным прарокам нацыі, давайце яшчэ раз пагартаем, пачытаем яго творы. Ёсць, вядома ж, і кінастужкі, знятыя па яго аповесцях. Ёсць і балет «Альпійская балада» на музыку кампазітара Яўгена Глебава, пастаўлены ў 1967 годзе. І нават опера «Сцежкаю жыцця».
І яшчэ. Было б цікава атрымаць вашы лісты з роздумамі, а магчыма, і з гісторыямі, якія нейкім чынам звязаны з жыццём і творчасцю нашага выдатнага пісьменніка. Чэрвень, Быкаў і ваша гісторыя. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.