Звычайна ў дні юбілеяў, а як вы ведаеце, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт адзначае сваё 100-годдзе, хочацца знайсці самыя лепшыя і цёплыя словы ў адрас гэтай вышэйшай навучальнай установы. Магчыма, яшчэ і таму, што гэта і мой родны ўніверсітэт. Мой журфак, інтэрнат, тады на рагу вуліцы Бабруйскай, універсітэцкі дворык, дзе мы, трэццякурснікі-будатрадаўцы садзілі дрэвы і давалі клятву ля помніка Герою Савецкага Саюза, легендарнаму журналісту-падпольшчыку Уладзіміру Амельяніку, быць дастойнымі яго паслядоўнікамі. А колькі звычайных і незвычайных гісторый падарыла мне студэнцкае жыццё! Яно было яркім, адметным, багатым на сяброўства і сустрэчы, цікавым, а таму і незабыўным! Нават цяжка ўявіць сабе, колькі былых выпускнікоў БДУ ў гэтыя дні хацелі б зрабіць яму сваё прызнанне!
Дарэчы, рашэннем ЮНЕСКА святкаванне 100-годдзя БДУ ўключана ў каляндар памятных дат на 2020-2021 гады, так што гэта наогул вельмі значная падзея для ўсёй Беларусі і нашай нацыянальнай сістэмы адукацыі.
Колькі радкоў з гісторыі.
25 лютага 1919 года Цэнтральны выканаўчы камітэт Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў БССР падпісаў Дэкрэт аб адкрыцці ў Мінску Дзяржаўнага ўніверсітэта. Каля двух гадоў ішла падрыхтоўка, і толькі 30 кастрычніка 1921 года пачаліся заняткі, так што менавіта гэтая дата і з’яўляецца днём яго нараджэння. Спачатку было ўсяго тры факультэты – рабочых, медыцынскіх і грамадскіх навук. У той год навучалася ўсяго толькі 1390 чалавек. Штат выкладчыкаў уключаў 49 чалавек, у тым ліку 14 прафесараў, 25 дацэнтаў і 10 асістэнтаў.
Мяне вельмі здзівіў і той факт (раней неяк пра гэта не задумвалася), што на базе БДУ было створана пяць самастойных інстытутаў: Мінскі медыцынскі, Беларускі дзяржаўны вышэйшы педагагічны, Мінскі юрыдычны, а пазней і некаторыя іншыя. БДУ аказаў дапамогу ў стварэнні ў нашай сталіцы Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (цяпер гэта Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь), а таксама Інстытута беларускай культуры, ператворанага ў кастрычніку 1928 года ў Акадэмію навук. Наш славуты пісьменнік Янка Купала – адзін з ініцыятараў адкрыцця БДУ. Ён падтрымліваў цесныя кантакты і сувязі з першай вышэйшай нацыянальнай установай Беларусі, быў асабіста знаёмы і неаднойчы сустракаўся з першым рэктарам БДУ Уладзімірам Іванавічам Пічэтам, добра ведаў многіх першых выкладчыкаў.
У вашых лістах таксама нямала ўспамінаў пра студэнцкае жыццё ў нашым Галоўным універсітэце, як яго называюць многія. Як і ў герояў радыёпраграмы «Галерэя».
Запомнілася сустрэча з Таццянай Іванаўнай Шамякінай, доктарам філалагічных навук, прафесарам БДУ, дачкой народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. Усё яе жыццё, як і некаторых іншых нашчадкаў пісьменніка, звязана з філалагічным факультэтам гэтай навучальнай установы. Перад эфірам мы размаўлялі з дацэнтам механіка-матэматычнага факультэта БДУ Верай Акімаўнай Прокашавай. «Шмат сапраўднага і вельмі светлага звязана ў мяне з універсітэтам. Гэта такое блізкае і роднае, як бацькоўскі куток, як радзіма», – кажа яна. І далей распавядае пра тое, што яе студэнцкая пара – гэта якраз і пара вакальна-інструментальных ансамбляў. У аднаго з калектываў прапаў барабан. Набыць яго ў тыя часы было складана, таму вельмі перажывалі. Вера Прокашава падзялілася гэтай праблемай з тагачасным рэктарам Антонам Нічыпаравічам Сеўчанкам. Той дастаў са сваёй кішэні 30 рублёў, працягнуў і сказаў: «Камсамолка мая, вазьмі і не бядуй!..» А яшчэ Вера Акімаўна ўзгадала пра студэнцкія будаўнічыя атрады. У свой час яна была камісарам зводнага атрада. Куды толькі не пралягалі маршруты будатрадаўцаў – на Поўнач і ў Сібір (той жа Стражавой Томскай вобласці, дзе, дарэчы, і мне пашчасціла быць байцом студэнцкага будаўнічага), у ГДР і Малдавію, многія іншыя рэспублікі былога Саюза. Іх братэрства і вернасць традыцыям руху жывуць і дагэтуль.
Што да стогадовай гісторыі БДУ, дык вядома ж, кранае кожная яе старонка. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны 450 добраахвотнікаў з ліку выкладчыкаў і студэнтаў пайшлі на фронт. За мужнасць і храбрасць, праяўленыя ў барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі, 12 супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ атрымалі высокае званне Героя Савецкага Саюза. Варта нагадаць і тое, што падчас вайны, у 1943 годзе непадалёку ад Масквы, на станцыі Сходня былі адноўлены заняткі. Дапамогу аказаў Маскоўскі ўніверсітэт: перададзены падручнікі, навуковая літаратура і абсталяванне. Улетку 1944 года, пасля вызвалення Беларусі, студэнты і выкладчыкі вярнуліся ў Мінск. Цікавы факт: начальнікам эшалона прызначылі франтавіка, лейтэнанта Івана Мележа, пазней вядомага пісьменніка.
«Веды слаўных вякоў у твой лёс увайшлі, і дабро нашай любай зямлі!..» Гэта радкі з гімна БДУ. Мяркую, многія з вас, каму давялося, пашчасціла вучыцца ў Галоўным універсітэце нашай краіны, у гэтыя юбілейныя дні з удзячнасцю і цеплынёй успамінаюць тыя свае гады. А былі ж і студэнцкія гісторыі, звычайныя і незвычайныя! Прыгадайце іх, дасылайце, мы з задавальненнем прачытаем у наступных нашых выпусках. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.