Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Дрэвы вечнасці». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 23.09.2022
«Звычайныя гісторыі. Дрэвы вечнасці». Радыёблог Валянціны Стэльмах

Пачну з расповедаў адной маёй знаёмай: «У мінулыя выхадныя была ў сяброў на Случчыне. Выбраліся ў невялікую вандроўку па лясных ускраінах. Ніколі раней асабліва не звяртала ўвагі на дубровы. Гэтым разам кінулася ў вочы іх прыгажосць, дрэвы – проста фантастыка, казачнае чараўніцтва, велічнасць і магутнасць!..» І неяк нязмушана зайшла ў нас гаворка пра дубы ды іншыя рэдкія ўнікальныя дрэвы, наогул аб помніках прыроды і тое, чым яны заслужылі такое «званне»: узростам, формай, магчыма сваёй незвычайнай гісторыяй ці легендай.

Даводзілася чытаць і пра тое, што 43 дрэвы (вось такая дакладная лічба) у Беларусі аб’яўлены батанічнымі помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння. Сярод гэтых рэліквій – 400-гадовы дуб у Дукоры, «дуб Адама Міцкевіча» ў вёсцы Шчорсы каля Навагрудка, «цар-дуб» каля вёскі Данілевічы Лельчыцкага раёна, дуб-патрыярх у Старым Раматове, што за 35 кіламетраў ад Брэста. Лічыцца, што гэта самае старое дрэва ў Беларусі, яго вышыня ажно 45 метраў, каб ахапіць ствол, трэба ўзяцца за рукі 8-мі чалавекам!

Перад эфірам мы размаўлялі з вядучым навуковым супрацоўнікам сектара маніторынгу расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдатам біялагічных навук Ірынай Вазнячук. Разам са сваімі калегамі яна працавала над выданнем кнігі «Жывыя помнікі. Рэдкія і ўнікальныя дрэвы і насаджэнні Беларусі». Гэта вынік працы вучоных па выяўленні, уліку і інвентарызацыі рэдкіх і ўнікальных дрэў, якая праведзена ў рамках дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Прыродакарыстанне і экалагічная рызыка» ў перыяд 2016–2020 гг. На старонках гэтага навукова-папулярнага выдання занатаваны цікавыя факты і гісторыі пра дрэвы, тут жа можна пазнаёміцца з турыстычнымі маршрутамі, якія вядуць да помнікаў прыроды, што з’яўляюцца нацыянальным набыткам і гонарам краіны.

У Драгічынскім раёне ёсць нямала населеных пунктаў, назвы якіх паходзяць ад слова «дуб»: Дубавая і Дубавое, Дуброва, Дубраўкі. Гэта толькі ў адным раёне! А колькі такіх і падобных назваў! Пра гэта мы гаварылі з нашай слухачкай, жыхаркай горада Драгічына Галінай Камянец. У вёсцы яе маленства, у Ласінцах, таксама некалі каля магазіна рос дуб. Пад яго кронай, у цяньку, збіралася моладзь, старыя таксама любілі тут прыпыніцца, абмеркаваць мясцовыя навіны. Галіна Уладзіміраўна прыгадала таксама, як яны прыдумлялі ўсялякія вырабы з жалудоў. Яна і цяпер, калі бывае ў лесе, не праміне пакласці «хоць сколечкі» ў кішэню. Мілыя і кранальныя адгалоскі дзяцінства.

«Прыгадваю і я свой дубочак, – дзеліцца з намі педагог, аматар паэтычнага слова Людміла Воранава з Мінска, – каля школы маёй роднай вёскі Залацеева, на Гродзеншчыне, ён рос разам з намі. Хутчэй за ўсё яго пасадзіў на школьным двары наш дырэктар Павел Самуілавіч Емяльянчык. Узначаліў установу адразу ж пасля вайны, дбаў пра будынак, і каб усё было прыгожа наўкол. Я ў сябе на лецішчы таксама пасадзіла дубочак, хаця зямлі няшмат, не ведаю, што будзе, калі дрэва разрасцецца».

Прызнаюся, сапраўдным адкрыццём было і тое, што, аказваецца, у ваколіцах нашай сталіцы захаваліся лапікі аўтэнтычнага лесу. Ёсць і дубровы, да якіх мае дачыненне нават сам граф Чапскі! Пра гэта нам расказаў навуковы супрацоўнік Інстытута фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Спіцын. Так што, калі вам цікава пра гэта даведацца больш падрабязна, а таксама пачуць пра зялейнікі, зёлкі – слухайце праграму «Галерэя» заўтра, 24-га верасня, у 9:05.

І яшчэ. У свеце, вы толькі ўявіце, каля 600 відаў дубоў! На гербах многіх дзяржаў свету ёсць выявы гэтага дрэва. Чытала, што ў Францыі расце сапраўдны волат, у дупле якога абсталяваны невялікі пакой шырынёй каля трох з палавінай метраў! Там і невялічкая лавачка, і акенца, праз якое ў каморку пранікае дзённае святло. Кажуць, што гэтаму дубу больш чым 2 тысячы гадоў! Хаця па меркаваннях вучоных у сярэднім дрэва жыве каля 300 – 400 гадоў і рэдка дажывае да 1000. Многія старажылы, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, з’яўляюцца помнікамі прыроды і ахоўваюцца дзяржавай.

А колькі пранікнёных і прыгожых твораў напісалі нашы пісьменнікі, кампазітары, мастакі, паклаўшы ў аснову велічны і магутны вобраз гэтага дрэва!

Напрыклад, волат-дуб у Лельчыцкім раёне ўзгадваецца ў апавяданні Уладзіміра Караткевіча «Дрэвы вечнасці». Вось невялікі ўрывак: «Мы ехалі ў Палессе, у глыбіню ягоную, за Мазыр і Лельчыцы, каб «засняць» каля вёскі Данілевічы славуты тысячагадовы цар-дуб, або дуб Крывашапкі. У нас былі ўжо шасцісотгадовыя дубы, чатырохсотгадовыя ясені, таполя Напалеона, дубы Міцкевіча, Ягайлы... Нам пазарэз патрэбен быў тысячагадовы дуб. Без яго фільм быў бы не фільм. Мы ехалі насустрач стагоддзям».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: