Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Думкі ўвосень». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.11.2021
«Звычайныя гісторыі. Думкі ўвосень». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Не раз, напэўна, і вам даводзілася разважаць пра восень у прыродзе і ў жыцці чалавека. Тут столькі параўнанняў, асацыяцый, роздумаў. Часам і сум набяжыць, але ж ён нейкі асаблівы, я сказала б, гаючы.

І хаця лістапад лічыцца адным з самых тужлівых і маркотных месяцаў года, усё ж нашы продкі любілі гэтую пару. У першую чаргу за тое, што можна было дазволіць сабе адпачыць пасля напружанай працы ў полі, на агародзе, падворку. На гэты час прыпадалі і святы: Міхайлаў дзень, Матроны зімовыя, Іаан Залатавуст, святы Юсцініян, Мацей. Пачынаўся піліпаўскі пост. На Піліпаўку цямнела рана, таму, як казалі ў народзе, «дзень толькі да абеду». У такую пару людзі збіраліся на вячоркі ды попрадкі. Пра гэта вы не раз распавядалі ў сваіх лістах. Пра тое, як раней «трапалі» лён, пралі кудзелю, ткалі палатно. Амаль што кожная дзея суправаджалася сваімі магічнымі рытуаламі, і вядома ж, песнямі. Напрыклад, важна было, каб жанчыны, якія талакою ткалі палатно, хуценька сабраліся ў адной хаце, адначасова пакінуўшы ўсе свае хатнія справы. Лічылася, што ў такім выпадку аснова будзе добра навівацца, а палатно з-пад чаўнака выйдзе роўным і гладкім. Пра гэта нам расказала наша слухачка Алена Іванаўна Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна.

Свая гісторыя ёсць нават у песні пра Ульяніцу і лянок!

Напісана яна ў гонар знакамітага льнавода Ульяны Іванаўны Маханенка. Пазней яна стала старшынёй аднаго з калгасаў Чавускага раёна. Аб яе працы ведалі нават у Крамлі: яе ўзнагародзілі медалём «За працоўную доблесць». У першыя дні вайны яе, камуністку Ульяну Маханенка, расстралялі фашысты. Пра народную гераіню засталася народная песня, радкі ў кнізе «Памяць» і партрэт у раённым музеі. Мне, дарэчы, давялося яго пабачыць падчас адной з камандзіровак.

Прызнаюся, да лёну ў мяне нейкае асаблівае стаўленне. Як тут не ўзгадаць і пра тое, што ў знак падзякі і шматвяковай вернасці гэтай культуры беларускі народ увекавечыў кветку лёну ў Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь. Як сімвал пераўтваральнай моцы працы, знак дабра і дастатку.

«Памятаю, як мы ўсёй сям’ёй ірвалі лён, вязалі, сушылі, малацілі. Мне было дзіўна, як нашы матулі і бабулі наводзілі мяжу паміж сваім участкам і суседнім. Поле ж шырокае! Навязвалі пучкі лёну на мяжы. Роўненька атрымлівалася, нібыта пад лінейку», – узгадвае Вера Трухановіч са Столінскага раёна.

Нямала народных сюжэтаў пра Піліпаўку і ваўкоў. Час з лістапада па люты лічыўся воўчым, а вобраз крыважэрнага драпежніка – сімвалам ночы і зімы. Дарэчы пра гэта (і не толькі) распавядаў падчас сустрэчы ў студыі праграмы «Галерэя» доктар філалагічных навук, даследчык беларускай міфалогіі, легенд і паданняў Аляксей Міхайлавіч Ненадавец. У беларускім фальклоры існуе шмат легендаў, у якіх тлумачыцца паходжанне ваўкоў на зямлі.

Пра нечаканую сустрэчу з ваўком расказала і наша слухачка з аграгарадка Парэчанка Гродзенскай вобласці Тамара Падзялінская. Узгадала пра выпадак, калі яны разам з сяброўкай пасвілі авечак. У статак убіўся воўк, нарабіў шкоды. Затое потым яе тата больш не прымушаў малую дзяўчынку займацца гэтай справай. «Воўк выратаваў мяне ад мучэнняў пасвіць статак», – дадае Тамара.

Ну, а што да дня 19 лістапада, дык ён і сапраўды багаты на святы! Ці тыя адметнасці, якімі людзі напоўнілі гэты дзень. Не хопіць часу, каб усё пералічыць. Гэта дзень сантэхніка і плюшавага мішкі, каваля і работніка шкляной прамысловасці, пырскаў, адмовы ад курэння, паху свежага хлеба і г.д!.. А яшчэ ў гэты дзень у 1997 годзе ў адным з амерыканскіх штатаў з’явіліся на свет сямёра немаўлят-блізнюкоў! Чатыры хлопчыкі і тры дзяўчынкі! Гэта першы выпадак у свеце, калі ўсе яны выжылі, скончылі школу, атрымалі вышэйшую адукацыю (акрамя аднаго). Адна з дзяўчат паспела выйсці замуж, нарадзіць дзіця, адзін з братоў ужо ажаніўся.

Восень і лістапад дораць і мімалётную радасць, галоўнае настроіцца на гэта. Прыслухацца да яе «музыкі»: як шамаціць, падскоквае лісце па асфальце, барабаніць па даху дожджык, як гарэзліва завіхаецца вецер, нібыта ён робіць самую галоўную справу на зямлі.

І яшчэ. Восень багатая на сустрэчы. Праўда пандэмія ўносіць свае карэктывы, але ж будзем спадзявацца на лепшае. Мне ж хацелася б падзяліцца з вамі сустрэчай з гераіняй чарговай радыёпраграмы «Галерэя», вядомым фалькларыстам, доктарам філалагічных навук Таццянай Валодзінай. Цікава і захапляльна распавядае яна пра светапогляд беларусаў і традыцыйную культуру, стасункі нашых продкаў з прыродай, пра крыніцы і зёлкі, рытуальна-магічную медыцыну, гармонію ў соцыуме, талаку і восеньскія святы! Час эфіру – заўтра, у суботу, 20 лістапада, у 9.05 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, паўтор у нядзелю ў 11.15. Да сустрэчы!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: