Прывітанне, шаноўныя слухачы! Сёння – пра дзяцінства і тыя незабыўныя куточкі, адкуль многае пачынаецца і выспявае ў душы і сэрцы: еднасць з бацькоўскім домам, сям’ёю, шанаванне ўсяго роднага і спрадвечнага. І, вядома ж, тая бязмежная і шчымлівая любоў да радзімы.
Гартаю вашыя лісты. Дасланыя раней і атрыманыя нядаўна. Вельмі кранула споведзь Веры Пятроўны Мельнікавай пра родную вёску (дарэчы, Васількі Бялыніцкага раёна), пра хату, матулю і тату, блізкіх людзей. Гэта яе радкі, сабраныя ў своеасаблівую кніжачку, дзе шмат фотаздымкаў з сямейнага альбома. «Матуля была для мяне сонейкам ясным, радасцю і шчасцем, –заўважае Вера Пятроўна. – Узгадваю, як аднойчы жалі жыта, і цэлы дзень побач з намі шчыраваў бусел». І далей пра тое, як сваёй прысутнасцю ён дапамагаў жнеям, натхняў на працу. Зрабіўшы гняздо на вязе за хлявом, буслы доўга жылі і на сядзібе яе матулі. Кажуць, яны будуюць свае гнёзды каля добрых людзей.
Бусел – адзін з сімвалаў Беларусі, «краіны пад белымі крыламі». Асабліва шанаваны ў беларусаў. Яго спрадвеку лічылі ахоўнікам жытла ад маланак і перуноў, узорам суладнага сямейнага жыцця. У нашай нацыянальнай культуры шмат легенд і паданняў пра гэтую птушку. І цікавых дасціпных гісторый. Калі і ў вас ёсць такая – дасылайце!
«Я нарадзіўся ў перадваенны час, – а гэта ўжо радкі з ліста ад Сцяпана Паўлавіча Нефідовіча з Лунінецкага раёна. – Малюнкі ранняга дзяцінства – яркія і незабыўныя. Яны нібыта кінакадры, не-не ды і перагорнеш у памяці». І далей адзін з гэтых «кінакадраў»: пра тое, як яны з братам пайшлі на луг, па шчаўе. І пляшну. Так у тых краях называлі аер. У далёкія пасляваенныя гады не было чаго есці. Многія расліны ўжываліся ў ежу. І аер, і рагоз. «Во каб рагоз трапіўся, паелі б усмак, – кажа брат Васіль,– папросім дзеда, каб схадзіў у Асовую па яго. Які ж гэта смачны ласунак!» – зазначае Сцяпан Паўлавіч.
«З намі заўсёды жывуць незабыўныя моманты з маленства», – дзеліцца Вольга Трыгубава з Гарадоцкага раёна. Дарэчы, гэты куточак таксама славіцца сваімі адметнымі традыцыямі, культурай, рамёствамі. Тут аднавілі ўнікальную тэхніку ажурнага ткацтва. Мясцовыя майстрыхі вырабляюць найпрыгажэйшыя рэчы: абрусы, сурвэткі, ручнікі ды іншыя.
Як тут не ўзгадаць і нядаўнюю нашу сустрэчу з героем праграмы «Галерэя», дырэктарам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаілам Рыбаковым. Заўсёды з ім яго Дуброўна: ён адтуль родам. І прыдняпроўскія краявіды. З якім захапленнем і цеплынёй распавядаў ён пра сваіх землякоў, асоб з мінуўшчыны, пра знакавыя мясціны і куточкі краю! Пра традыцыі і культуру продкаў, з іх рамёствамі, кірмашамі ды народнымі фестывалямі.
У кожнага з нас ёсць свая адметная і самая дарагая кропачка на «зялёным лісточку» планеты Зямля, як казаў пісьменнік Янка Сіпакоў. Нават калі яна не пазначана на карце, носім яе ў сваім сэрцы. Памятаю шчымлівую гісторыю ад Зоі Пятроўны Янучок з Клецка, якую расказала ёй маці. Падчас вайны сям’я жыла ў Кобрынскім раёне, непадалёку ад шашы. Па ёй і ўдзень, і ўначы ішла варожая тэхніка. Людзі вырашылі адгарадзіцца ад гэтай навалы. Зрабілі і паставілі за ваколіцай крыж, накрылі яго ручніком, які выткалі за ноч. Да ўсходу сонца з абразамі і малітвамі абышлі вёску, «спавілі» яе. І за ўсю вайну ніхто не пацярпеў. Загінулі толькі тыя, хто быў на фронце. Вось якая моцная сіла абярэга!
Галіна Мікалаеўна Пятрушка з пасёлка Кастрычніцкі Баранавіцкага раёна зазначае: «Нас у сям’і было чацвёра – тры сястры і брат. Жылі ў вёсачцы Заполле-Лозы, што пад Баранавічамі. Мы, дзеці, атрымаўшы хто вышэйшую, хто сярэднюю спецыяльную адукацыю, апынуліся ў розных куточках Беларусі». І далей пра тое, як яны, тры сястры, некалькі гадоў таму ўлетку сабраліся ў бацькоўскай хаце, прайшліся сцяжынкамі маленства. Гэта была сустрэча праз 50 гадоў! Незабыўная і шчымлівая. Прыпыніліся і ля калодзежа, якому ўжо за сто гадоў. Ніхто ніколі не зачыняў веснічак да яго, не вешаў замкі. Тут заўсёды вядро і кубачак. «Няхай будзе дзе напіцца вады людзям, напаіць коней, узяць вады ў дарогу, – так некалі казалі нашы бабуля і матуля», – дадае Галіна Мікалаеўна.
Напэўна, і вы чулі пра тое, што на Віцебшчыне, у Дуброўне, выткалі самы доўгі ручнік-абярэг. Ён аздоблены пэўнымі сімваламі. Як і ў даўнія часы, у мудрагелістым арнаменце зашыфраваны абярэгі ад усялякіх нягод і бядот, неспадзяванак. У гэтых сімвалах і ўзорах ёсць таксама вера і надзея на лепшае. А гэта, згадзіцеся, вельмі надзённа.
Свае звычайныя і незвычайныя гісторыі дасылайце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.