Якраз сёння Міжнародны дзень караваншчыка! Адчуваю ваша здзіўленне, маўляў, напрыдумлялі: што ні дзень, то свята. Гэтае ж зацверджана ў 1995 годзе Міжнароднай асацыяцыяй па рацыяналізацыі транспартна-грузавых аперацый. Яго адзначаюць удзельнікі транспартных калон і марскіх суднавых караванаў, дальнабойшчыкі, каманды гандлёвых суднаў ды іншыя. Чаму выбралі менавіта 24 верасня? Гэта дзень нараджэння вядомага брытанскага мараплаўцы і навігатара 16-17 стагоддзяў Уільяма Адамса. Яго лічаць першым еўрапейцам, які дасягнуў берагоў Японіі. Там ён пражыў каля 20 гадоў, шмат зрабіў для развіцця гандлёвых адносін Японіі з Англіяй і Галандыяй.
Ёсць свая гісторыя гандлёвых шляхоў і ў Беларусі. З глыбокай старажытнасці існаваў шлях «з варагаў у грэкі». З тэрыторыі нашай краіны ды іншых усходне-славянскіх зямель па ім везлі ў Візантыю на продаж футру, збажыну, лён, мёд ды іншыя тавары. Адтуль купцы прывозілі тканіну, адзенне, віно, золата, серабро, ювелірныя вырабы, а таксама іконы, царкоўныя прылады, пергамент ды іншае.
З даўніх часоў існавалі рачныя гандлёвыя шляхі. Яны праходзілі праз Заходнюю Дзвіну, Нёман, Вілію, Прыпяць, Піну, Ясельду. Адзін з іх звязваў Чорнае мора з Балтыйскім, пралягаў па Дняпры, Ловаці, возеры Ільмень, рацэ Волхаў і Ладажскім возеры. Яго росквіт прыпадае на 9-10 ст.ст.
Узгадваю сустрэчу ў студыі праграмы «Галерэя» з Наталляй Бінкевіч з Целяхан. З якім захапленнем распавядала яна пра гэтае мястэчка на захадзе Палесся. Пра палац Агінскіх і тое, як уладарылі на тых землях магнаты Вішнявецкія і Пуслоўскія, заснаванне фаянсавай мануфактура, паравога млына і бровара, шкляной гуты. І пра знакаміты целяханскі бічаўнік. Гэта сухапутная дарога ўздоўж воднага шляху, якая выкарыстоўвалася для буксіроўкі суднаў і плытоў. Там праводзіцца нават свята, якое называецца «Целяханскі бічаўнік», на якое збіраюцца землякі і шматлікія госці.
«З цікавасцю даведалася пра тое, як у даўніну перацягвалі чаўны з таварам на спецыяльных катках. Цягнулі волакам. У месцах, дзе збліжаліся суседнія рэкі», – дзеліцца з намі Крысціна з вёскі Боблава, што на Гродзеншчыне. Дарэчы, калісьці волакі злучалі левыя прытокі Прыпяці і правыя Дняпра, з прытокамі Заходняга Буга і Нёмана. Вучоныя, даследчыкі тапаніміі, выявілі каля 20 сярэдневяковых волакаў на тэрыторыі Беларусі. Нярэдка яны з’яўляліся месцам складу тавараў, там збіраліся гандляры, рамеснікі, працоўны люд. І ўтвараліся цэлыя гандлёва-рамесныя паселішчы.
Цікавая рэч: аказваецца ў Мінску ёсць гістарычны раён, размешчаны на правым беразе ракі Свіслач, які мае назву Валокі Полацкія! Як мяркуюць некаторыя гісторыкі, сюды полацкія купцы маглі цягнуць «волакам» па Свіслачы ладдзі са сваім таварам, бо рака не заўсёды была паўнаводнай. У пачатку 17 стагоддзя яна абмялела і ўтварылася вуліца Валоцкая, непадалёку – Зыбіцкая (магчыма, ад «зыбкая хваля»). Гэтыя мінскія вуліцы, ды іншыя кварталы, аблюбавала моладзь. Збіраюцца шумнымі кампаніямі, бавяць час, многія з іх нават не здагадваюцца, што тут кожны камень брукаванкі, цаглінка кожная «дыхаюць» гісторыяй! У свой час мне давялося пазнаёміцца з «прычаламі» Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Трапляеш у своеасаблівае падарожжа па рацэ Дрыса, і на тым шляху – вусце, вытокі, прытокі, на кожным такім «прыпынку» знаёмства з гісторыяй краю, яго прыродай, помнікамі, адметнымі мясцінамі. Незвычайная канцэпцыя, усё тут мае эстэтычнае і эмацыянальнае значэнне. Падумалася: своеасаблівы «караван», які вядзе па затоках гісторыі.
У сваіх лістах вы ўзгадваеце мясціны маленства, сваю малую радзіму. Столькі цікавых і рэдкіх назваў, за якімі такія ж захапляльныя гісторыі. Марыя Корзун са Слуцка расказала пра сем цудаў роднага горада: помнік драўлянага дойлідства Свята-Міхайлаўскі сабор, краязнаўчы музей у былым Доме дваранскага сходу, помнікі Сафіі Слуцкай, Анастасіі Слуцкай ды іншыя славутасці. Мастак, фотааматар, няўрымслівы вандроўнік Станіслаў Абара з Мінска любіць пухавіцкую зямлю і вёску Каробавічы. Адтуль яго карані. Ён шмат вандруе, яго душа захапляецца возерам Шо ў Глыбоцкім раёне і масточкамі на Лагойшчыне, мястэчкам Празарокі, сцяжынамі, па якіх некалі хадзілі Язэп Драздовіч, Ігнат Буйніцкі, Васіль Быкаў ды іншыя. А колькі на нашай зямлі таямнічых замкаў, сядзіб, манастыроў ды храмаў, вёсак з унікальнымі назвамі і сваім незвычайным каларытам! Колькі мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю нашых славутых пісьменнікаў, мастакоў, вучоных. Ёсць і запаветныя куточкі некранутай прыроды. Так што, калі не «караванам», дык прыязнай суполкай ці, магчыма, у поўнай адзіноце (ведаю і такіх вандроўнікаў) можна адправіцца ў падарожжы, каб бачыць і спазнаваць сваю «бясконца чароўную Беларусь».
Ну вось такія думкі-разважанні ў Дзень караваншчыка. І хаця гэтае свята з’явілася нядаўна, яно выклікае жаданне паглыбіцца ў гісторыю, далёкую і блізкую.