- Перадача: Радыёблог
- Дата: 16.07.2021
Згадзіцеся, нас цікавіць і захапляе адметнасць таго ці іншага дня. І гэта не абавязкова якія-небудзь выбітныя святы, выключныя падзеі. Часам нават той жа Дзень смачнай ежы (адзначаецца менавіта сёння, 16 ліпеня) прымушае і сапраўды задумацца аб тым, ці правільна мы харчуемся, ці адпавядае ежа сучасным поглядам медыкаў, дыетолагаў, вучоных-практыкаў гэтай важнай для фізічнага здароўя галіны.
Апошнім часам падыходы да харчавання кардынальна змяняюцца. Асабліва папулярны гэты рух сярод моладзі. Яны імкнуцца не толькі да здаровага ладу жыцця, а і да карыснай і «правільнай», як яны кажуць, ежы.
Прыгадваю размову з адной маёй знаёмай. «Калі да мяне ў госці збіраюцца сын з дачкою, са сваімі сем’ямі, я ў поўнай разгубленасці, не ведаю, што ім прыгатаваць. Толькі і чую: гэта – шкодна, гэта мы не будзем есці і г. д. Проста жах!» – скардзілася яна.
А вось ліст ад нашай слухачкі з пасёлка Юбілейны Ваўкавыскага раёна. Алена Багдановіч (Квартнік) падзялілася з намі тым, як ладзіліся ў іх вёсцы святы ды вяселлі, і якія смачныя стравы гатавалі, тыя ж «гускі», што выпякаліся з цеста ды іншае.
«Гартаеш часам фотаальбомы, рознае ўспамінаецца, – піша Галіна Крупянкова з Мінска. – Год 1968... Чорна-белы аматарскі здымак. Мы сабраліся ў сям’і майго будучага мужа». І далей пра тое, што свякроў любіла прымаць гасцей, хоць і жылі тады небагата. Смачна гатавала, прыгожа накрывала і аздабляла стол. Ежа сытная, з натуральных прадуктаў. І тады яны, напэўна, не задумваліся, шкодная яна ці правільная.
Сваёй вёсачцы маленства, а гэта вёска Заніўе Драгічынскага раёна, Алена Тумасыкова прысвяціла цэлую споведзь. Мяне асабліва кранулі радкі пра бабуліну хату, у якой заўсёды было ўтульна і цёпла. І смачна! Шкваркі, яечня, сала, агуркі, малако. Смачнейшая на свеце ежа!
Прыгадваю сустрэчу з доктарам гістарычных навук, прафесарам Тадэвушам Навагродскім у студыі праграмы «Галерэя». Ён – аўтар звыш 180 навуковых прац, 10-ці манаграфій, калектыўных і асабістых. У 2015 годзе выйшла яго кніга «Эвалюцыя: традыцыя харчавання беларусаў у 19–20 стагоддзях». З якім захапленнем распавядаў ён пра этнаграфічныя экспедыцыі, народную кулінарыю, як аб’ект навуковага даследавання, пра беларускі застольны этыкет і многае іншае, што звязана з ежай і харчаваннем. Тады я ўпершыню пачула назвы такіх страў, як мотальская шурпа, гульбішнікі, пра банкуху і пызы, галубы і клёцкі з душамі, ды іншыя, якія здаўна любілі і шанавалі нашы продкі. Таксама пра тое, што хлеб можа «раззлавацца» (калі ён выпякаецца), і як варта абыходзіцца з вясельным караваем. Ежа – гэта своеасаблівая філасофія жыцця.
Як ні дзіўна, на 16-е ліпеня прыпадае і Дзень свежага шпінату!.. У сакавіку таксама робіцца прысвячэнне гэтай вельмі каштоўнай, багатай пажыўнымі рэчывамі, зеляніне. Можна па-рознаму ставіцца да такіх дзён, сур’ёзна і скептычна, але ж часам менавіта ён, гэты дзень, вядзе нас у глыбіню стагоддзяў і захапляе цікавымі гісторыямі.
Лічыцца, што шпінат (ці «персідская гародніна») узнік у старажытнай Персіі, затым трапіў у Індыю, Кітай, Італію. Пазней набыў сапраўдную папулярнасць у Еўропе. Каралева Францыі Медычы (20-я гады 16 стагоддзя) вельмі любіла шпінат, загадвала падаваць яго на кожны прыём ежы. Нават цяпер, праз стагоддзі, стравы, прыгатаваныя са шпінату, называюцца «фларэнтыйскімі», падкрэслівае тое, што каралева Францыі нарадзілася ў Фларэнцыі.
Вы не паверыце, 16-га ліпеня – гэта яшчэ і Дзень дыні (адзначаецца ва Украіне), Дзень асабістага кухара, Дзень кукурузных аладак і нават Дзень духоўнай любові. Апошні адзначаецца ў Грузіі. Гэта адно са старэйшых хрысціянскіх свят. Найбольш шырока святкаванне ладзіцца ў Траецкай царкве невялікай вёскі Гергеці, ля падножжа гары Казбек, непадалёку ад ваенна-грузінскай дарогі. У гэты дзень праводзіцца спецыяльная служба, набажэнства. І не толькі ў гэтым куточку Грузіі.
«Наколькі адметным і яркім будзе дзень, залежыць у першую чаргу ад кожнага з нас, – заўважае наша слухачка Ірына з Мінска. – Трэба шукаць свае «фарбы» і «адценні», каб атрымаўся ён яркім і насычаным. Абавязкова зрабіць нешта добрае. А часам і зусім звычайнае, скажам, парадаваць сям’ю якой-небудзь смачнай стравай, прыгатаваць яе з любоўю, знайсці для гэтага час. А яшчэ, ня гледзячы ні на што, заставацца добразычлівай, уважлівай, прыязнай. Як гэта зрабіць? Тут у кожнага, мабыць, ёсць свае рэцэпты».
А яшчэ хацелася б запытацца, якое значэнне ў вашым жыцці мае ежа, ці надаяце вы ёй нейкую асаблівую ўвагу? І якую рэдкую страву вы атрымалі ў спадчыну ад сваіх продкаў? Магчыма тут таксама ёсць свае звычайныя і незвычайныя гісторыі. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.