Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Дзень цікання гадзінніка» Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 25.09.2020
«Звычайныя гісторыі. Дзень цікання гадзінніка» Радыёблог Валянціны Стэльмах

Вы не паверыце, аказваецца існуе... Дзень цікання гадзінніка! Невядома, хто яго прыдумаў, але ж 25 верасня менавіта такі дзень ці своеасаблівае свята. Напэўна, такім чынам чалавецтва вырашыла аддаць належнае гэтаму вынаходству, без якога немагчыма ўявіць наша жыццё.

Канешне ж, мы ставімся да гэтага дня з пэўнай іроніяй, аднак чым не нагода распавесці пра час і яго скарацечнасць, пра гадзіннікі і сапраўдных майстроў гэтай справы, пра тыя звычайныя і нават незвычайныя гісторыі, якія адбываюцца, калі не сачыць за часам.

«Асабліва непрыемна, калі спазняешся на цягнік», – зазначае наша слухачка з Мінска Алена Васільеўна. І далей пра тое, як за гэтым спазнаннем некалі яна ледзь не пазбавілася паездкі ў Балгарыю, прычым ў тыя далёкія часы, калі пуцёўкі былі рэдкасцю. «Цяпер, у век мабільных тэлефонаў, з той сітуацыі можна было б хутчэй знайсці выйсце, – піша яна далей, – а тады столькі клопатаў перанесла, каб дагнаць цягнік, а потым і параход. Пасля таго выпадку я ўсё жыццё баюся спазніцца. І не развітваюся з гадзіннікам».

«У мяне раней было шмат вандровак, таму да вакзалаў, іх мітусні прызвычаілася, – дзеліцца з намі наша слухачка Наталля з Баранавічаў, – але ж аднойчы і мне давялося паглядзець у хвост цягніку, які адыходзіў ад перона і набіраў хаду. Непрыемнае адчуванне. З ім сутыкаліся, напэўна, многія».

Сучаснае жыццё сапраўды немагчыма ўявіць без гадзіннікаў. У старажытныя часы нашы продкі таксама імкнуліся «валодаць» часам. Выкарыстоўвалі сонечныя, вадзяныя, пясочныя. Пазней насценныя, камінныя, падлогавыя, кішэнныя, наручныя. Механічныя з’явіліся ў IX – XI стагоддзях. І толькі XX стагоддзе зрабіла гадзіннікі агульнадаступнай рэччу.

Першапачаткова іх устанаўлівалі на гарадскіх ратушах і саборах. І тут столькі цікавых гісторый! Аказваецца, вулічныя гадзіннікі ёсць не толькі ў абласных гарадах і нашай сталіцы. Узгадаем, калі Дуброўна адзначала свой 625 год нараджэння, у гарадскім скверы, на вежы, з’явіўся гадзіннік. Гэтае месца стала знакавым. Цяпер тут прызначаюць спатканні. Маладажоны пасля рэгістрацыі шлюбу прыязжаюць сюды нават з іншых гарадоў і вёсак. Гадзіннік гэты з’явіўся невыпадкова. Ён нагадвае пра тое, што ў Дуброўне князь Пацёмкін пабудаваў адну з першых у Расіі (пасля Пецярбурга і Масквы) гадзіннікавую фабрыку, якая паспяхова канкурыравала нават са швейцарскімі вытворцамі.

«У кожнага з нас, напэўна, ёсць свой гадзіннік маленства, – дзеліцца з намі мінчанка Ірына, – памятаю, калі я прыязджала да бабулі, ён заварожваў мяне сваёй таямнічасцю. Вялікі, узорчаты, з дзівоснымі драўлянымі скульптуркамі, бліскучым маятнікам, займаў галоўнае месца ў пакоі, пад абразамі. Мне заўсёды хацелася зазірнуць, адкуль ідзе яго спачатку нібыта шыпенне, а потым знаёмае бом-бом!.. Шкадую, што не распытала ў бабулі пра яго гісторыю».

Гадзінных спраў майстра Аляксандр Сахарэвіч з Гродна захапіўся імі з самага дзяцінства. Неяк разабраў старыя дзедавы ходзікі і трапіў пад магію ўсялякіх кольцаў, стрэлачак, калёсікаў. Пазней без ваганняў вырашыў, што гэты занятак стане справай яго жыцця. Цяпер яго ведаюць у горадзе, звяртаюцца ў тых выпадках, калі «майстэрні на раёнах» не бяруцца рамантаваць. «А мне цікава, я такое люблю», – падзяліўся з намі майстра падчас тэлефоннай размовы. Аляксандр расказаў і пра тое, наколькі незвычайны гэты свет – гадзіннікаў! Прыгадаў самыя памятныя «экземпляры», якія даводзілася рамантаваць: даваеннага часу, кішэнныя з музыкай, гадзіннікі часоў Савецкага Саюза, а таксама падлогавы з боем і месяцавым календаром. Зазначыў і пра тое, што існуе сувязь паміж гадзіннікам і яго гаспадаром. Калі апошні, што называецца, «з характарам», дык і рамантаваць яго цяжэй, часта даводзіцца перарабляць, адладжваць механізм, каб той «трымаў баланс».

Некаторыя музеі нашай краіны ладзяць выставы ўнікальных калекцый гадзіннікаў мінулых стагоддзяў. Такія падарожжы ў часе праходзілі ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Нясвіж», Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, які, дарэчы, мае найбуйнейшую калекцыю гадзіннікаў у Беларусі. Яна і да гэтага часу папаўняецца.

І яшчэ. 25 верасня, як Дзень цікання гадзінніка, выбраны, мне думаецца, цалкам апраўдана. Бо за вокнамі якраз восень. Самотны час, але ж і час глыбокіх разважанняў, няспешных гутарак з блізкімі людзьмі. У такія хвіліны апаноўваюць думкі не толькі пра скарацечнасць часу, а і тое, як важна быць з ім у суладдзі, не марнаваць яго, займацца добрымі справамі, цаніць кожную хвіліну. Ну, а любіць ці не любіць нястомную «музыку» цікання гадзінніка – гэта ўжо вам выбіраць.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: