Як мы не раз казалі, верасень мае свае асаблівасці. Многае нібыта ўпершыню. Пачатак заняткаў у школьнікаў, студэнтаў, заканчэнне водпускаў, вяртанне да звыклых спраў і клопатаў.
Сёння 4-га на календары. У гэты дзень у 1859 годзе нарадзіўся наш вядомы суайчыннік, выдатны дзеяч беларускай культуры, мовазнаўца, фалькларыст і выдавец Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Адзін са стваральнікаў выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». Ён садзейнічаў творчаму сталенню Янкі Купалы, дапамагаў многім суайчыннікам у атрыманні адукацыі, выданні кніг. Яго кватэра ў Пецярбургу была ў свой час сапраўдным клубам творчай інтэлігенцыі. Пераехаўшы на радзіму, Эпімах-Шыпіла ўзначаліў камісію па ўкладанні слоўніка жывой беларускай мовы. Актыўна прапагандаваў беларускую культуру за мяжой.
А яшчэ ў гэты дзень, толькі ў 1952 годзе, на лінію вакзал-Круглая плошча (яна тады так называлася) выйшаў першы мінскі тралейбус. Можна прыгадаць і іншыя адметнасці гэтага вераснёўскага дня.
Штогод у першую нядзелю верасня ладзяцца Дні беларускага пісьменства. Яны праводзяцца для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова і прыярытэтных духоўных каштоўнасцей. Сёлета ўдзельнікі свята збяруцца ў Бялынічах.
Чым адметнае гэтае мястэчка? Давайце яшчэ раз узгадаем некаторыя яго асаблівасці. Першыя згадкі пра яго адносяцца да другой паловы XVI стагоддзя.
Знакаміты мастак Напалеон Орда пакінуў нашчадкам малюнак велічнага каталіцкага манастыра. З гэтымі мясцінамі звязаны жыццё і творчасць выдатнага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. У Дні беларускага пісьменства, пасля рэстаўрацыі, адкрыюцца залы музея, дзе захоўваецца памяць пра слыннага земляка. А яшчэ можна будзе падняцца на Ільінскую гару, дзе таксама нямала аўтографаў стагоддзяў, пахадзіць па парку, які, кажуць, застаўся ад былой сядзібы Агінскіх.
Далучэнне да гэтых і іншых мястэчак і вёсачак Беларусі – спазнанне сваёй гісторыі, культуры, нацыянальных традыцый, звычаяў. Знаёмства з выдатнымі асобамі, якія праславілі тыя куточкі. Памятаю, як мастак, госць праграмы «Галерэя» Уладзімір Масленікаў распавядаў пра «кодавую» мясціну сваёй сям’і і роду – хутар на Магілёўшчыне паблізу вёскі Княжыцы. Адтуль родам яго тата, народны мастак Беларусі Павел Масленікаў. Там яго нягучна-ціхая любоў да роднага краю, там адметныя матывы, колеры і кампазіцыі для новых твораў. Ён упэўнены, што наша беларуская зямля ў любую пару здольная здзіўляць вока мастака.
Успамінамі пра дзяцінства, школьнае жыццё напоўнены і вашыя лісты. І гэта зразумела. Бо колькі б гадоў ні мінула пасля таго ўрачыстага моманту, калі ўпершыню пераступілі школьны парог, многае і цяпер помніцца да драбніц, хвалюе, адгукаецца цёплымі настальгічнымі ўспамінамі.
«Вучыцца ў пяты клас я пайшла ў дзесяцігодку суседняй вёскі Чапялі, – радкі з ліста, які мы атрымалі ад Валянціны Бабко-Аляшкевіч з вёскі Радкава Салігорскага раёна. – Дзяцей было многа, хадзілі вялікім гуртам. Тры кіламетры туды і столькі ж назад». І далей яна распавядае пра тое, як пасля ўрокаў і школьных дзяжурстваў даводзілася дадому вяртацца адной. Дарогай праз поле. Восенню-зімой рана цямнела. Было страшнавата. Але ж школу наша слухачка ўспамінае з цеплынёй.
А вось радкі з ліста ад Галіны Сцяпанаўны Крупянковай з Мінска.
«Вельмі добра памятаю тое першае верасня 1956 года. Яснае, сонечнае. Памятаю настаўніцу Юлію Пятроўну Нядведскую. Сустракала нас, першакласнікаў. Прыгожая, радасная, усхваляваная. Праз усё жыццё пранесла я павагу і ўдзячнасць да сваіх настаўнікаў. Шкада, што мы не гаварылі тады ім словы падзякі. Многае яны нам даравалі, нашы грахі (так і напісана), і наша непаслухмянства, часам дзіцячае свавольства. Яны любілі нас такімі, якімі мы былі».
І яшчэ. «У жыцці селяніна верасень з’яўляецца важным месяцам, які збірае ў жытніцу ўсё тое, што выгадавала летняе сонца», – заўважае навуковец і педагог, даследчык беларускай мовы Уладзімір Куліковіч. І прыводзіць цікавыя факты, калі найменне першага асенняга месяца шырока выкарыстоўваецца ў розных назвах. Аказваецца, ёсць сорт агуркоў і гатунак алею, камбінаваная шафа і музычны гурт, аграсядзіба і ансамбль народных інструментаў «Верасень».
Мне думаецца, што ў многіх з вас, паважаныя слухачы, з вераснем звязана тая ці іншая звычайная ці нават незвычайная гісторыя. Калі так, то дасылайце яе на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.