Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. І зноўку верасень». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 02.09.2022
«Звычайныя гісторыі. І зноўку верасень». Радыёблог Валянціны Стэльмах

Мноства пачуццяў абуджае верасень! Хвалюе, радуе, часам нават крыху засмучае, выклікае цёплую ўсмешку, а то раптам «туманіць» вочы ўспамінамі...

А яшчэ чамусьці не дае сабрацца з думкамі?!. Вось ужо трапна заўважана (прачытала ў народным календары) – верасень мае «мудрагелісты нораў, здатны на розныя выдумкі і дзівосы, адлюстроўвае і лета, і восень. Усе колеры і адценні падабаюцца нам: і аксаміт, і парча, і золата, і яхант, і бурштын».

Каб не заставацца сам-насам з вераснем, я вырашыла зрабіць невялікае апытанне сярод слухачоў, а таксама ўдзельнікаў некаторых нашых радыёпраектаў і тым самым далучыць (сябе і вас) да вераснёўскіх звычайных і незвычайных гісторый.

«Гэтыя дні адметныя і кранальныя, – дзеліцца з намі намеснік дэкана факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка, кандыдат педагагічных навук Ірына Буторына. – Раней я працавала ў пачатковай школе. Быць першай настаўніцай ганарова і адказна. Часта вяртаюся ў думках да сваіх маленькіх. Памятаю, як рыхтавалася да сустрэчы з імі ў дзень 1-га верасня, рабіла прывітальныя паштоўкі кожнаму вучню. Старалася не толькі напісаць нешта цёплае, а і намаляваць, а гэтую своеасаблівую паштовачку скласці ў выглядзе птушачкі ці іншай выявы». І далей Ірына Аляксандраўна расказала пра тое, як важна знайсці тыя шляхі-пуцявінкі да дзіцяці, бачыць у кожным з іх асобу.

Наша пастаянная слухачка Валянціна Бабко-Аляшкевіч з вёскі Радкава Салігорскага раёна прыгадала даўнюю гісторыю, як дабіралася ў Мінск, да ўнука Мішы на яго першую школьную лінейку. «Гэта мой гадаванец, і мне вельмі хацелася ўзяць яго за ручачку і павесці ў школу. А тут машына сапсавалася, ледзь знайшлі выйсце: дапамог сынаў сябра. Толькі загрузіліся ўсялякімі прысмакамі, выехалі на трасу, пайшоў такі лівень, што хоць спыняйся і чакай. Але ж паспелі!.. Ніколі не забуду, як на той лінейцы мой унучак усё вышукваў мяне сваімі вачаняткамі, каб толькі бабуля нікуды не падзелася... Цяпер яму 23 гады, працуе эканамістам. Мы з ім сябры!..» А яшчэ яна з цёплым сумам распавяла пра тое, што яе дзеці даўно скончылі школу. Памятае, як выпраўляла іх, як збірала дачушку, заплятала ёй коскі... Яе дзеці добра вучыліся, матулі прыемна ўспамінаць іх школьныя гады. А выпадае вольная часінка, любіць пагартаць сямейныя альбомы. Там шмат сюжэтаў пра школу і верасень.

Успамінамі пра дзяцінства, школьнае жыццё напоўнены вашыя лісты. І гэта зразумела. Бо колькі б гадоў ні мінула пасля таго ўрачыстага моманту, калі ўпершыню пераступілі школьны парог, многае і цяпер помніцца да драбніц, хвалюе, адгукаецца цёплымі настальгічнымі ўспамінамі.

У маім журналісцкім архіве захоўваецца ліст ад Клаўдзіі Сцяпанаўны Марчанка з Заслаўя. Ліст і фота, на якім школьнікі сустрэліся, хутчэй за ўсё ў верасні. Хлопчыкі і дзяўчынкі, па-вясковаму, просценька апранутыя. Затое ў вачах столькі радасці і асалоды: зноў у школу. Вельмі кранальны здымак!..

Незадоўга да гэтага эфіру мы размаўлялі з экскурсаводам, даследчыцай даўніны Таццянай Хамянковай з Сёмкава. Якраз у верасні 2019 года яна распачала свой краязнаўчы праект «Сёмкаўскі край». Так што ў нечым гэты месяц для яе знакавы. «Калі ў маёй 4-гадовай дачкі пытаюцца, ці ходзіць яна ў садок, тут жа з запалам адказвае: «Не, у школу!.. » А затым бярэ ўказку і пачынае экскурсію!.. Як мама...»

Дарэчы заўтра, у суботу, у 9:05, у праграме «Галерэя» вы пачуеце расповеды Таццяны Хамянковай пра Сёмкава, выдатных асоб, імёны якіх звязаны з гэтым краем, пра таго ж Адама Хмару, які ўвайшоў у гісторыю, як апошні мінскі ваявода, а таксама пра адраджэнне яго старадаўняй сядзібы і тое, як важна, каб у душах людзей выспела патрэба іх аднаўляць, зберагаць для нашчадкаў.

І яшчэ. Наш знакаміты паэт Пятрусь Броўка прысвяціў верасню і восені найпрыгажэйшыя радкі! Яны пра тое, як непрыкметна гэтая пара «прыплывае павуцінкай», «гляне жоўтым лістком», «устрывожыць дымком і пахам пячонай бульбы», а затым «памахае бусліным крылом»!..

А пасля,

А пасля

Ліст апошні сарвецца...

Ды не знаю, чаму

Ты мне, восень, па сэрцу!

Мне думаецца, што і ў вас, паважаныя слухачы, з вераснем звязана шмат звычайных альбо нават незвычайных гісторый. Падзяліцеся з намі. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: