У такія дні, а хутка Вербніца, мы ў думках вяртаемся да сваіх вытокаў. «Узгадваем бацькоў, родную хату, у якой гадаваліся-раслі, – піша Ніна Сцяпанаўна Маркевіч з Крупскага раёна, – кожны яе куточак, стол пад абразамі, старадаўнюю шафу, вялікі гадзіннік з боем, печ з таямнічымі выявамі... І яшчэ шмат-шмат чаго іншага, што жыве з намі з вясковага маленства».
«Малая радзіма, родная хата – тэма вечная, бо што можа быць бліжэй», – заўважае Валянціна Канстанцінаўна Кузьміч з Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, узгадвае пра вёску свайго маленства Махро, таго ж раёна. Яна лічыць, што іх дом быў некалі самым прыгожым, бо пабудаваны з вялікай любоўю яе дзядулем і татам. Дзед, Антон Раманавіч Трушко, быў вядомым цесляром, пасля вайны збудаваў не адну хату. «Бацькі рана пайшлі з жыцця, хату купілі добрыя людзі, яна дагледжаная і па-ранейшаму прыгожая, што нас з братам вельмі радуе», – дадае яна.
Любоў Фёдараўна Вараб’ева са Свіслачы Гродзенскай вобласці вельмі прачулена і шчыра распавядае пра сваіх бацькоў. У кожным радочку –прызнанне ў любові, удзячнасці і пашане. «Наша мама, Галіна Маркаўна Пятрэнка, перад самай вайной скончыла школу. Як толькі гітлераўскія прышэльцы з’явіліся ў вёсцы, яе напаткаў лёс выгнанніцы. Працавала на цагельным заводзе пад Штутгартам». І далей пра тое, што ёй вельмі дапамаглі веды нямецкай мовы. Майстар загадваў ёй перакладаць, у тым ліку і паведамленні з франтоў. Яна спецыяльна гаварыла аб паспяховых дзеяннях Чырвонай Арміі і тым самым усяляла веру ў Перамогу. Рызыкавала, але ж па-іншаму зрабіць не магла. Ёй даводзілася выконваць усякую работу і ў сям’і гэтага нямецкага служакі. За што яе кармілі, нават прадукты з сабой давалі. Яна дзялілася імі з дзяўчатамі па бараку. Пасля вайны Галіна Маркаўна Пятрэнка скончыла педагагічнае вучылішча, затым завочна ўніверсітэт. У свой час была дырэктарам Рэсаўскай васьмігодкі Слаўгарадскага раёна. Вяла школьны гурток. Дзеці пад яе кіраўніцтвам перапісваліся з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. На сустрэчы, дыялогі пакаленняў прыязджалі знакамітыя землякі, пісьменнікі, а таксама маці легандарнай камсамолкі-патрыёткі Зоі Касмадзям’янскай.
Неяк крыху раней мы расказвалі прыкрую гісторыю пра булачку з макам і так званае бацькоўскае «выхаванне». Гэты ліст-споведзь нашай слухачкі запомніўся многім. Па ўсім відаць, жанчыне, цяпер ужо дарослай, вельмі захацелася падзяліцца сваім болем, які жыве з ёю з дзяцінства.
Алена Фёдараўна Масліевіч з Кобрына, як і некаторыя іншыя нашы слухачы, адгукнулася на гэты крык душы. А таксама расказала пра свайго тату, Фёдара Яўстаф’евіча, які нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і, прайшоў па жыцці не самымі лёгкімі дарогамі, але не страціў сваіх лепшых чалавечых якасцей. «Памятаю яго словы: не можаш сказаць што-небудзь харошае, дык лепш нічога не гавары. Часта ён вяртаўся дадому на сваім «ровэры» з букетам палявых кветак для мамы. Ведаў і захапляўся паэзіяй Пушкіна, Лермантава, Ясеніна ды іншых. Тата заўсёды са мной, – працягвае наша слухачка, – і яго куртачка ў клетачку, кепка і кашуля... Памятаю да драбніц гальштук і заўсёды акуратна начышчаны абутак. Усмешку і яго словы: «Усё будзе добра».
«Часта мы звяртаемся да галоўнай Кнігі, спрабуючы знайсці адказы на хвалюючыя пытанні, асабліва ў дні вялікіх свят, – дзеліцца з намі Святлана Фёдараўна з Мінска, – хутка Вербніца, свята сапраўднай вясны, прадчування нечага добрага і светлага. З галінкамі вярбы нашы продкі неслі ў свае дамы і сем’і любоў, надзею і веру. У гэтыя спавядальна-шчымлівыя дні, разважаючы пра ўзвышанае і зямное, так хочацца пажадаць усім добрым людзям, каб так яно і было, каб на зямлі ўсталяваліся мір, спакой і цішыня».
Пра свята Вербніцу, яе духоўныя карані і традыцыі – і наша размова ў праграме «Галерэя». З вядомым вучоным, доктарам мастацтвазнаўства, прафесарам, старшынёй Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгенам Міхайлавічам Сахутам. З навуковымі этнаграфічнымі вандроўкамі ён пабываў у самых розных куточках Беларусі, сабраў цікавы матэрыял, у тым ліку і пра Вербніцу. А таксама папоўніў сваю калекцыю беларускага народнага прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Дарэчы, перадаў яе ў Нацыянальны гістарычны музей. Пра гэта (і не толькі) – заўтра, у суботу, у 9:05, у праграме «Галерэя».
І яшчэ. Калі ў вас ёсць цікавыя гісторыі пра Вербніцу, Вялікдзень, успаміны, звязаныя з гэтымі святамі і дзяцінствам, знайдзіце час і раскажыце. Мы прачытаем іх у наступных выпусках. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.