Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Імгненні позняй восені». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 25.11.2022
«Звычайныя гісторыі. Імгненні позняй восені». Радыёблог Валянціны Стэльмах

Не раз, напэўна, і вам даводзілася разважаць пра восень у прыродзе і ў жыцці чалавека. Тут столькі параўнанняў, асацыяцый, роздумаў.

Лістапад лічыцца адным з самых тужлівых і маркотных месяцаў года. І ўсё ж нашы продкі любілі яго. Можна было адпачыць пасля напружанай працы ў полі, на агародзе, падворку. На гэты час прыпадалі святы: Міхайлаў дзень, Матроны зімовыя, Іаан Залатавуст, святы Юстыян, Мацей. З 27 лістапада пачынаўся Піліпаўскі пост. Цямнела рана, таму, як казалі ў народзе, «дзень толькі да абеду». У такую пару збіраліся на вячоркі ды попрадкі.

Перад эфірам я правяла невялікае апытанне: як пазбавіцца суму, настроіць сябе на пазітыў менавіта такой лістападаўскай парой? У большасці адказаў нашых слухачоў – разважанні пра тое, што трэба абавязкова заняцца якой-небудзь справай, не сядзець і не чакаць, што да цябе завітае чарадзей і падорыць добры настрой. Завісанне ў сацыяльных сетках, гадзіны, праведзеныя ля тэлевізара, таксама не прынясуць станоўчых эмоцый. Лепш сустрэцца з сябрамі, прайсціся па заснежаных сцяжынках парку ці скверу, завітаць у музей, на выставу, у тэатр. Знайсці, як сказала адна наша слухачка, той самы патрэбны «рэгістр, які дапаможа пераключыцца на пазітыў».

«Стан дэпрэсіі для мяне не характэрны, таму што ўвесь час занята працай, школай, дзецьмі. Мы ў адказе за іх веды, за тое, якімі яны вырастуць людзьмі, – дзеліцца з намі дырэктар сталічнай гімназіі № 14 Марыя Іванаўна Гарохава. – Калі любіш сваю справу, аддаеш ёй усю сябе, няма калі сумаваць. Дні пралятаюць, цяпер яны ж кароценькія, нібыта імгненні».

А вось наступная думка. Часта людзі больш сталага веку пакутуюць ад таго, што не могуць пазбавіцца цяжару мінулага. Жывуць успамінамі, і не самымі станоўчымі, трымаюць крыўду на тых, хто некалі іх пакрыўдзіў, зрабіў нешта дрэннае. Трэба ўмець дараваць, таму што негатыўныя эмоцыі адбіраюць жыццёвую энергію і час. І нават здароўе.

«Трэба любіць людзей, верыць у іх, захапляцца іх самымі, няхай сабе маленькімі, але добрымі ўчынкамі, заўважаць іх, падтрымліваць. Усё гэта вяртаецца, і наша жыццё абавязкова стане добрым і светлым, – разважае вядомы бібліятэкар, творчая асоба і сапраўдны аптыміст Рэгіна Багамолава. І далей мы размаўлялі пра тое, што кнігі таксама лепшыя памочнікі ў барацьбе супраць суму і дрэннага настрою. Яна любіць пагартаць томікі Пушкіна, Караткевіча. А яшчэ Рэгіна Казіміраўна радуецца сустрэчам з чытачамі, якія ладзяцца ў бібліятэцы. Збіраюцца аднадумцы. Яны чытаюць вершы, дзеляцца сваімі думкамі аб прачытаным, а таксама адпраўляюцца ў вандроўкі (няхай сабе і завочныя) па тых ці іншых знакавых куточках Беларусі.

«У такую пару варта часцей збірацца на чаяпіцці, – дзеліцца з намі наша слухачка з Мінска Ірына, – прычым, галоўнае выбраць для гэтага час, каб нікуды не спяшацца. З любоўю і добрымі думкамі заварыць травы, якія захоўваюць цеплыню лета. Адчуць іх пах, палюбавацца кожным лісцікам – мяты, верасу, ліпавым суквеццем… Стварыць атмасферу ўтульнасці, дастаўшы з шафы любімы плед ці даўнюю матуліну хустачку». І далей яна пачала разважаць пра тое, што не ўсе мы любім вось такі зазімак, што за вокнамі, наогул снег і надыход зімы. Але і тут свае думкі можна пераключыць на… цеплыню, на тое, што ён (снег) ахутвае зямлю, засцерагае яе ад маразоў.

Адна знаёмая дзяўчынка, якая вучыцца ў чацвёртым класе, расказала гісторыю пра... сум і ляноту. Тое, як яны спрабавалі апанаваць яе і бабулю. Многае падобна на казку, дзе шмат усялякіх вандровак і прыгод. У лесе, на дачы, дзе яны плялі кошыкі з лазы, малявалі і ўспаміналі лета. Увесь час яны нечым займаліся, не дазвалялі сабе аніякіх патуранняў, таму лянота і сум іх не адолелі. Павучальная гісторыя. А яшчэ яна пра тое, як важна часцей праводзіць час з нашымі дзецьмі, удзельнічаць у іх забавах і гульнях, дапамагаць увасабляць іх ідэі. Тады і маленькім, і дарослым будзе ўтульна і хораша.

І яшчэ. Заўтра, у 9:05, у чарговай праграме «Галерэя» мы сустрэнемся з актрысай, рэжысёрам і педагогам, кіраўніком тэатральнай студыі Цэнтра актыўнага даўгалецця г. Мінска Таццянай Вінаградавай. Яна лічыць, што ўвогуле кожны з нас можа настроіць сябе на ажыццяўленне тых ці іншых жыццёвых задач. І гэтаму можна навучыцца. Калі чалавек адкрыты свету, то і свет адкрыецца яму. Я, вядома ж, не прамінула задаць пытанне пра лістапад, познюю восень і тое, дзе і як можна назапасіцца пазітывам і добрым настроем? Яна лічыць, што тут дапамагаюць тры моманты, якіх варта прытрымлівацца: любоў да ўсяго і ўсіх, мудрасць і творчы аспект, які мае вялікае значэнне ў людзей самых розных прафесій і заняткаў. А яшчэ трэба імкнуцца да пярвічнага ўспрыняцця жыцця, як некалі ў дзяцінстве, калі мы любілі і дождж, і снег, і сонца, якое рэдка выглядала ў такія кароценькія лістападаўскія дні.

Расказвайце і вы свае гісторыі пра познюю восень і яе імгненні. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: