Гэтая пераднавагодняя пара настройвае нас на роздумы. Пра тое, што было і будзе?.. Думкі нясуць нас у куточкі маленства, да бацькоўскай хаты, дзе заўсёды ўтульна і хораша. У такую пару мы дазваляем сабе нават трошкі памарыць, уявіць падарожжа ў якую-небудзь казачную краіну!.. Каб адшукаць сваю зорку: удачы, веры, надзеі на лепшае.
Пра гэта і ў вашых лістах. Нядаўніх, і з архіва «Звычайных гісторый».
«Некалі мы жылі ў вёсцы Добры Бор Баранавіцкага раёна, – узгадваю радкі ад Марыі Карповіч з Баранавічаў. – Нашы бацькі былі добрымі (напэўна, у вёсцы з такой назвай інакш і нельга?..), чулымі і гасціннымі людзьмі. Тата шмат чытаў. Штовечар расказваў нам казкі. Разам мы ўпрыгожвалі навагоднюю ялінку. Многае рабілі сваімі рукамі – цацкі, ланцужкі. Вельмі хочацца, каб людзі верылі ў казку, былі дабрэйшымі, каб шанавалі традыцыі сваёй сям’і і роду»,– дадае аўтар.
У такія пераднавагоднія і калядныя дні мы асабліва цэнім простыя чалавечыя стасункі. Наша слухачка Зоя Янучок з Клецка ў свой час працавала педагогам у Нагорнаўскай школе-інтэрнаце, была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. «Прыемна, што нашы выхаванцы памятаюць мяне і дагэтуль, дасылаюць паштоўкі. Гэта самая лепшая адзнака тваёй працы. Не вельмі даўно ў нас адбылася сустрэча з выпускнікамі», – дзеліцца з намі Зоя Пятроўна. Цяпер яна занята дзецьмі, унукамі. А яшчэ ёй хораша ў кампаніі з сяброўкай Валянцінай, сапраўднай аптымісткай і жыццялюбам, хаця лёс яе не песціў. Яны часта сустракаюцца, каб паразмаўляць, нешта адна адной параіць, падзяліцца ўзорамі вышыванак, вязання. У Зоі Пятроўны хапае сэрца і душы, каб дапамагчы сяброўцы ў яе няпростай сітуацыі.
У многіх вашых лістах – радкі пра навагоднюю мару. Нават пра тую ж жменьку цукерачак-падушачак. Як ні дзіўна, менавіта пра гэты дзіцячы ласунак вы часта ўзгадваеце. А яшчэ пра школьную ёлку, самадзейнасць, жаданне добра вучыцца, набыць прафесію, адчуваць сябе запатрабаванымі людзьмі. Раней усё гэта вельмі цанілася. І амаль у кожным лісце пра тое, каб не хварэлі блізкія і родныя людзі. Каб было ціха і спакойна на зямлі, без войнаў і канфліктаў.
«Знайсці сваё прадвызначэнне ў гэтым свеце, сваю запаветную зорку – пра гэта мы разважаем у такія дні, – дзеліцца з намі Ірына з Мінска. – Калі ты захапляешся сваёй справай, жывеш з карысцю для людзей, гэта дае крылы, упэўненасць. Варта рабіць добрыя ўчынкі, нічога не патрабуючы ўзамен. Нарадзіцца са сваёй адкрытай зоркай, канешне ж, немагчыма. Для таго, каб яе знайсці, трэба шмат працаваць, пазітыўна глядзець на свет і верыць у добрае», – дадае Ірына.
«Калі была б чараўніцай, адкрыла б зорку чалавечнасці, – зазначае жыхарка горада Асіповічы, педагог, паэтэса Тамара Кавальчук, – яна (гэтая зорка) належала б усяму зямному шару, на ёй гаспадарылі б любоў і павага, спачуванне і ўзаемадапамога, адкрытасць і шчырасць. У маіх творах (выйшла больш за дзясятак кніг) я таксама разважаю пра вечныя ісціны, пра тое, каб мы былі бліжэй адно да аднаго, вучыліся чуць, разумець, паважаць думкі і пазіцыю іншых людзей, жылі ў еднасці і згодзе. Цяпер нам усім гэтага вельмі не хапае».
Народны майстар Беларусі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, аўтар кнігі «Лозапляценне» Алена Гурэцкая разам з мужам вынайшлі лагатып сумеснай працы і назвалі яго «лазовая зорка» ці «лазорка». У гэтых словах закладзены вялікі сэнс: сувязь з народнай памяццю, ведамі продкаў у старажытным рамястве, жаданне перадаць веды і навыкі новым пакаленням, тым самым знітаваць іх духоўнай еднасцю. Дарэчы, заўважу, што беларускае саломапляценне нядаўна занесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Покліч продкаў прывёў Веньяміна Бычкоўскага ў вёску Бабровічы Івацэвіцкага раёна. У сярэдзіне 90-х ён набыў там невялікі дамок, у якім стварыў музей, непадалёку пабудаваў капліцу. Палюбіў гэты ціхі палескі куточак, вывучае ваколіцы, возера, старое капішча, праводзіць экскурсіі для мясцовых школьнікаў, вучыць іх любіць і шанаваць мінулае. Па архівах і царкоўных кнігах Веньямін Бычкоўскі даведаўся, што на беларускім Палессі жылі некалі яго продкі. Праз шмат-шмат гадоў менавіта тут ён і знайшоў сваё, магчыма не ўсім зразумелае, шчасце чалавека-адзінотніка. Сваю зямлю і сваю пуцяводную зорку.
І яшчэ. Сёння, як ні дзіўна, Дзень цішыні. Яго шанавалі нашы продкі. Узгадвалі епіскапа Іаана, Івана Маўчальніка, які на працягу 40 гадоў захоўваў зарок маўчання. Лічылася, што гэта вельмі спрыяльны дзень для таго, каб пазбавіцца фальшывых сувязей, няшчырых сяброў і надакучлівых людзей. Тыя, каму ўдаецца ажыццявіць хаця б некаторыя запаветы Іаана, зможа сілай слова, сваім красамоўствам ліквідаваць канфлікты і памірыць людзей. Вось бы і ў наш час знайшоўся такі міратворца! І на зямлі ўсталяваліся мір і спакой.
Мы зноў на мяжы гадоў. Падзяліцеся з намі сваімі роздумамі пра гэтую пару, пра свае спадзяванні, мары і надзеі. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.