Спачатку вось гэтая гісторыя. На канверце пазначаны толькі горад і вобласць. Яно і зразумела, не ўсе могуць адкрыта распавядаць пра асабістае.
«Было гэта ў сярэдзіне 70-х гадоў. Я толькі што скончыла школу. У той час наша сям’я жыла ў вёсцы. Шмат чаго можна ўспомніць. Цікавае жыццё было. Працавалі, дапамагалі бацькам, па грыбы-ягады бегалі. І адпачываць любілі. І ўмелі. Моладзі тады было шмат. На адной з вечарынак я пазнаёмілася з хлопцам. Пасля танцаў ён адвёз мяне дадому на сваёй чырвонай «Яве». Сталі сустракацца. Радаваліся кожнаму спатканню. Потым я паехала вучыцца. Мы перапісваліся. І ў нейкі момант без усялякіх на тое прычын перапіска абарвалася. Чаму так здарылася? Толькі пазней, праз шмат гадоў я даведалася, што мая зайздросная сяброўка нешта яму напісала пра мяне. І той паверыў. Вось так недарэчна мы разышліся. Маладыя былі, ганарлівыя. Ніхто першым не загаварыў, каб высветліць што адбылося. Ён ажаніўся. Я выйшла замуж. Міналі гады. Жыццё не складвалася ні ў мяне, ні ў яго. Яшчэ прайшло нямала гадоў. І цяпер мы разам!..»
Вось такі ліст. Найперш захапляе тое, што героі гэтай гісторыі ўсё ж знайшлі адно аднаго. Гэта сведчыць аб глыбіні іх пачуццяў, аб тым, што і праз гады не варта страчваць надзею на асабістае шчасце. Ну, а што да зайздрасці, дык гэта вельмі разбуральнае і адмоўнае пачуццё. Псіхааналітыкі лічаць, што зайздрасць перашкаджае развіццю такіх якасцей характару, як удзячнасць, дабрыня, яно ўносіць дысгармонію ў адносіны паміж людзьмі.
Часам толькі на схіле гадоў мы пачынаем разумець, як нам не хапае тых, каго страцілі некалі на жыццёвых дарогах: з-за неасцярожна сказанага слова, недараванай крыўды ці ад зайздрасці сяброўкі, пра што, мне здаецца, асабліва прыкра і балюча ўсведамляць.
Сваёй гісторыяй падзялілася адна мая даўняя знаёмая. Прозвішча называць не буду. Так здарылася, што муж пакінуў яе з двума дзецьмі (аднаму было 5 гадоў, другому – два з палавінай). На працягу 15 гадоў гадавала і выхоўвала іх адна. Вядома ж, было нялёгка, але яна не наракала на свой лёс, рабіла ўсё дзеля таго, каб дзеці раслі ў цеплыні і пяшчоце, ні ў чым не мелі патрэбы. «Праз 15 гадоў я сустрэла сваё шчасце, – расказвала яна, – цяпер мы разам вось ужо 20 гадоў. Апошнім часам муж моцна хварэў, перанёс некалькі аперацый, каранавірус яго таксама не абышоў. Я выхадзіла яго. Удзячная Богу за тое, што мы разам. Адчуваю яго падтрымку і клопат. На былога мужа зла не трымаю. Праз гады ў яго, так бы мовіць, прачнуліся бацькоўскія пачуцці да дзяцей і ўнукаў. Тэлефануе ім, прапануе сустрэчы. Але ж у гэтым яны не маюць, як сказаў сын, патрэбы. І яшчэ я лічу, – дадае мая суразмоўца, – мы, жанчыны, ні пры якіх абставінах не павінны страчваць надзею, верыць у тое, што абавязкова сустрэнем сваё каханне. Але ж, каб гэта адбылося, варта пазітыўна глядзець на жыццё, не злавацца, не крыўдзіцца з-за нейкіх дробязей, жыць з дабром да людзей».
Памятаю цэлы стосік пісьмаў з сямейнага архіва ад мінчанкі Надзеі (прозвішча не называю). Гісторыя кахання даўжынёй больш за 45 гадоў, падобная на захапляльны кінасюжэт. Яны лічаць, гэта падарунак нябёсаў. Ім няпроста было пабрацца шлюбам, праз многае давялося прайсці. Але ж, калі кахаеш, любыя перашкоды можна пераадолець. Памятаю і разважанні Надзеі пра тое, што сям’я – гэта вялікая праца, якою заняты двое. І што трэба рабіць дзеля таго, каб, нягледзячы на быт і «прозу жыцця», захаваць пачуцці адно да аднаго, яркія і трапяткія. Дарэчы, у яе заўсёды быў прыклад таго, як у згодзе ды каханні да «залатога» вяселля пражылі яе бацькі, былыя франтавікі.
Пачынаецца ўсё з любві. З кахання. Думаю, ніхто не стане аспрэчваць гэтае паэтычнае сцвярджэнне пісьменніцы Яўгеніі Янішчыц. Многія лічаць, каханне – найлепшае з усіх пачуццяў, бо яно напаўняе душу цяплом, дабрынёй, радасцю. Каханне сагравае нас, дапамагае перажыць жыццёвыя цяжкасці, натхняе, дае крылы. Гэта найвялікшы дар, які адзін чалавек можа падарыць другому.
А яшчэ – і пра гэта таксама не раз даводзілася чытаць у вашых лістах, – каханне любіць цішыню. Неяк міжволі думаеш пра тое, як гэта незаменна і важна цяпер, калі ў свеце неспакойна. Вы, напэўна, заўважылі, што падчас нядаўняга сакавіцкага свята ў сацыяльных сетках пераважалі віншавальныя сюжэты, дзе блакіт неба і галубы, іншыя сімвалы са спрадвечнымі надзеямі на мір, спакой і цішыню на нашай зямлі. Даводзілася чытаць і пра тое, што чалавек заўсёды хоча кахаць і быць каханым, і што каханне – магутная сіла. Так хочацца, каб гэтая сіла (яна ж магутная!) перамагла жорсткасць, непаразуменне, зло. Разумею сваю наіўнасць, але ж... Як заўважыў некалі Уладзімір Караткевіч: «Кожны чалавек народжаны для кахання, шукае яго ўсё жыццё, моліцца яму і памірае з думкамі аб ім...» Дык давайце ж жыць і кахаць. І радавацца такім вось простым і зямным гісторыям, пра якія мы сёння ўзгадалі.
Калі вам захацелася падзяліцца сваімі думкамі, пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.