Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Калі цвіце чаромха». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.05.2021
«Звычайныя гісторыі. Калі цвіце чаромха». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

А давайце сёння пра чаромху! Пра яе чыстае свячэнне, загадкавы вэлюм, непаўторны водар. А яшчэ пра тыя шматлікія рамантычныя гісторыі, часам нават легенды, звязаныя з маладосцю і каханнем.

Прываблівае не толькі знешні выгляд дрэва (асабліва цяпер, у пару цвіцення), але і шмат цікавых фактаў, звязаных з гэтай дэкаратыўнай раслінай. Захапляюць самі назвы: чарэмшыца, цярэмха, чарэмха, а яшчэ больш – калакалуша ці калакалуха! Раней я нават не задумвалася над тым, дзе яна з’явілася і як «пасялілася» ў нас, у Беларусі, прычым амаль што паўсюдна? Аказваецца, радзіма чаромхі – Паўночная Афрыка (асабліва Марока), Паўднёвая, Цэнтральная, Заходняя, Паўночная і Усходняя Еўропа, а таксама некаторыя рэгіёны Азіі, Кітая і Закаўказзя.

Якое ж было маё здзіўленне, калі, рыхтуючыся да гэтага эфіру, даведалася і пра тое, што чаромха звычайная адносіцца да таго ж роду і падроду, што і сліва з вішняй. Вядомы селекцыянер і вучоны Іван Мічурын вывеў гібрыд чаромхі і вішні, пазней на гэтай аснове былі атрыманы іншыя сарты вішні. Як сведчаць археалагічныя раскопкі, плады выкарыстоўваліся чалавекам каменнага веку. Пра чаромху і яе плады памерам з фасолю ўзгадваў і старажытнагрэчаскі гісторык Герадот.

Ёсць нямала легенд, звязаных з гэтай раслінай. Паводле адной з іх у чаромху ператварылася дзяўчына, якая пакутавала ад нераздзеленага кахання да маладога чалавека. Сэрца яе зледзянела, таму ў час, калі цвіце чаромха, наступаюць халодныя дні і ночы.

Вобраз гэтага чароўнага квітнеючага дрэва мы неяк заўсёды звязваем з вясной, маладосцю і парой кахання. Пра гэта і ў вашых лістах.

«Мне ўжо за 60... Позна варушыць мінулае. Але ж цяпер, калі наўкол такая квецень, неяк міжволі вяртаюцца думкі ў маладосць», – радкі з ліста ад нашай слухачкі са Слуцка. Ёсць дакладны адрас і прозвішча, але называць не буду, усё ж такі гэта вельмі асабістае. І далей ў лісце пра тое, як яна сустрэла сваё першае каханне. Гэта было ў школьныя гады. Затым дзяўчына паступіла ў тэхнікум, ён пайшоў у армію. Дасылаў пісьмы. Аднойчы яна атрымала ад яго тэлеграму, маўляў, дэмабілізаваўся, сустракай. Яе прынеслі са спазненнем, мабільных тады не было. Вось гэтая прыкрая недарэчнасць і стала пачаткам іх растання. Пазней здарыліся абставіны, калі яны маглі ўбачыцца, пагаварыць, прабачыць адно аднаго, але ж тую сітуацыю не скарысталі. Мне падалося, аўтар ліста шкадуе, што так здарылася.

Часам толькі на схіле гадоў мы пачынаем разумець, як нам не хапае тых, каго мы страцілі некалі на жыццёвых дарогах: з-за неасцярожна сказанага слова, недараванай крыўды ці проста па нейкіх незразумелых прычынах. Цяпер, калі былога ўжо не вярнуць, у думках вяртаемся да тых незабыўных момантаў. Гэта вашы шчырыя споведзі, і я вельмі ўдзячная за давер.

Ці вось гэты ліст. Аўтару нямала гадоў, даўно ўжо бабуля, а яе гісторыя пра далёкую маладосць і каханне з ёю дагэтуль.

«Раслі мы ў невялікім гарадку, – піша наша слухачка. – Ён быў крыху старэйшы за мяне. Аднойчы прызнаўся ў каханні. Але ж я пазбягала яго, часам нават крыўдзіла. Ды і мая радня чамусьці настройвала супраць яго». І далей пра тое, што іх шляхі-дарогі ўсё ж разышліся. Ён ажаніўся, праз некаторы час і яна выйшла замуж. І больш ніколі так і не пабачыліся. Але ж на працягу ўсяго свайго жыцця яна не забывала пра сваё каханне.

Памятаю і цэлы стосік пісьмаў з сямейнага архіва ад мінчанкі Надзеі (прозвішча не называю). Гісторыя кахання даўжынёй амаль што ў 40 гадоў падобная на рамантычны кінасюжэт. Яны лічаць, гэта падарунак нябёсаў. Ім няпроста было пабрацца шлюбам, праз многае давялося прайсці. Але ж, калі кахаеш, любыя перашкоды можна пераадолець.

І яшчэ. Аказваецца, у нас, у Беларусі, ёсць вёскі, якія носяць гэтую прыгожую назву – Чаромуха. Адна з іх у Гаранскім сельсавеце Мінскага раёна, другая – у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці, на самай мяжы з Шумілінскім. Туды я і пазваніла перад гэтым эфірам. Мы размаўлялі з Лідзіяй Уладзіміраўнай Ціхоненка. Больш за 40 гадоў жыве яна ў Чаромусе. Раней вёска была «вясёлая, шумная і дружная», уздоўж, на адной вуліцы, 22 двары. Цяпер з мясцовых жыхароў засталіся толькі трое, а яшчэ два дачнікі. «Сумна, зарастае ўсё навокал, таму і бацяны не прылятаюць да нас, цяжка ім корм для малых здабываць у гушчарах... Ну, а чаромхі поўна вакол, нават ужо адцвітае», – кажа Лідзія Уладзіміраўна.

Канешне ж, чаромха заўсёды была крыніцай паэтычнага натхнення, сімвалам веснавога росквіту. Таму ў творчасці многіх паэтаў, мастакоў, музыкантаў сустракаюцца гэтыя прыгожыя вобразы. Чаромху параўноўваюць з нявестай, з чыстымі і казачнымі марамі, якія кранаюць душу і бяруць у палон. Заводзяць у чаромхавыя сны, вяртаюць у маладосць.

Дасылайце і вы свае гісторыі. Пра чаромху і тыя ўспаміны, якія прыходзяць да вас, калі яна цвіце.

Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: