Не ведаю, як у вас, а ў мяне да гэтай пары асаблівыя адносіны і пачуцці. Снежань, хмурань, поснік, стужайла!.. Як толькі ні называлі нашы продкі першы месяц зімы. Мне ж падабаецца – просінец! Як тлумачаць фалькларысты, гэта той, які робіць прасвет, разлівае просінь. Нібыта знак да лепшых змен, калі і дзень паступова пачынае большаць, ноч становіцца карацейшай, а ва ўсім з’яўляецца больш светлых адценняў.
Давайце і мы сёння разам з вамі іх пашукаем, тыя «просінцы»! Пагартаем лісты, паслухаем вашыя споведзі, няхай сабе і кароценькія, затое такія цёплыя і шчырыя.
«Снежань – першы крок зімы. Як па мне, дык менавіта яго «белыя крокі» даюць нейкую палёгку, – дзеліцца з намі экскурсавод і краязнаўца Валянціна Кароткіна, – снежань падсумоўвае тое, што зроблена. А яшчэ ўсе мы ў чаканні цудаў! Бо ў душы ўсе мы дзеці, нават самыя зацятыя скептыкі і прагматыкі». І далей Валянціна заўважае пра тое, што важна як мага надалей заставацца дзіцём. І цытуе Максіма Багдановіча:
Падымі ў гару сваё вока,
І ты будзеш ізноў, як дзіця,
І адыдуць-адлынуць далёка
Ўсе трывогі зямнога жыцця.
Наша пастаянная слухачка Зоя Мікалаеўна Пятровіч з Салігорска прыгадвае сваё дзяцінства, вёску Антанёва на Гродзеншчыне. Яны з сястрой хадзілі ў школу за 7 кіламетраў. Зімы ў тыя гады былі снежныя ды марозныя. «У нас адно паліто на дваіх і мамін кажушок, – расказвае Зоя Мікалаеўна, – чамусьці ніхто з нас не хацеў апранаць менавіта кажушок, таму вечна спрачаліся. Цяпер мы часам успамінаем, як сястра Мірка прыстройвалася ў школьным гардэробе ў самы канец чаргі, каб ніхто не пабачыў той кажушок».
Гэтай снежаньскай парой нашы думкі часта залятаюць у мясціны вясковага маленства. Некаторыя з вас узгадваюць Піліпаўку, вячоркі і попрадкі. Валянціна Канстанцінаўна Кузьміч з аграгарадка Яечкавічы Іванаўскага раёна ў сваім лісце піша пра рукадзельніц вёскі Махро, іхнія вышыванкі: «Памятаю, як у дзяцінстве мы бегалі да нашай суседкі цёткі Васіліны, дзе збіраліся вышывальшчыцы гладдзю (чуеце, якая спецыялізацыя!). Жанчыны пераймалі адна ў адной цікавыя ўзоры, малявалі кветкі, букеты, вяночкі, а потым уся гэтая прыгажосць «ажывала» на сурвэтках, падзорніках (якое рэдкае слоўца!), настольніках, навалачках. Каля жанчын і мы вучыліся гэтаму рамяству». І далей яна расказвае пра сваіх цётак, якія стваралі сапраўдныя ўзоры мастацтва. Адна з іх, цётка Ксеня, жыла на хутары ў невялічкай хатцы. Гэта быў сапраўдны музей! «Калі да мяне прыязджалі мае сяброўкі па ўніверсітэце, вяла на хутар, каб паказаць дзівосныя вышыванкі. Я іх захоўваю, як сямейную рэліквію. Дарэчы, мае дачка і ўнучка таксама прыгожа вышываюць», – дадае Валянціна Канстанцінаўна.
«Белы снег, асабліва той самы першы, снежаньскі, нібыта некранутая папера, якая чакае сваіх накідаў, замалёвак, адметных штрышкоў, – вось так паэтычна і вобразна зазначае вядомы мастак, кніжны графік Вячаслаў Паўлавец. – Гэта нібыта жыццё, якое павінна вось-вось нарадзіцца. На чысціні белага аркуша». Мастак Вячаслаў Паўлавец у сваёй творчасці вельмі тонка і глыбока ўвасабляе стан прыроды і чалавека на мяжы пачуццяў, фарбаў і адценняў. Варта ўзгадаць яго графічны цыкл «Чорна-белыя мроі», серыю «Мары аб Радзіме», карціну «Першы снег» і цыкл, які называецца «Крокі па вадзе». Там таксама надзвычай тонкі стан прыроды, захапляе сваёй філасофіяй і глыбінёй, прымушае думаць і разважаць пра вечнае.
...Калі заснежыць снежань! Мы любім гэтую асаблівую пару – набліжэння навагодніх і калядных свят. Нават сёлета, стомленыя пандэміяй ды іншымі праблемамі, жывём у прадчуванні нечага добрага, светлага, абнадзейваючага. А інакш і немагчыма. «Калі вам бывае светла ад снежня?» – запыталася я і ў гераіні чарговай радыёпраграмы «Галерэя» Паліны Богдан. Яна працуе навуковым супрацоўнікам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. «Многае мы можам запазычаць у нашых продкаў, – кажа Паліна, – Яны ўмелі ладзіць сваё жыццё нават у такую, здавалася б, сумную піліпаўскую пару. Мне хапае часам нават аднаго позірку на тую ж намітку, пояс ці іншае з традыцыйнага адзення беларусаў, каб у душы абудзіліся цёплыя пачуцці і радасць. А колькі хараства захоўваецца ў бабуліных куфрах!..» Так што далучайцеся да нашай размовы з Палінай Богдан заўтра, снежаньскім суботнім ранкам, у 9:05.
... Калі заснежыць снежань! Згадзіцеся, у гэтым ёсць нават свая шчымлівая і неверагодна прыгожая музыка. Снежань абуджае жаданне прыпыніцца, азірнуцца, каб ужо ў студзені многае пачаць нібыта з чыстага ліста. Буду вельмі ўдзячная, калі і вы, паважаныя слухачы, дапоўніце вось гэтыя мае роздумы. Дасылайце іх на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.