Калі заснежыць снежань… Згадзіцеся, столькі хараства і надзеі ў гэтых словах. Іх прамаўляеш з нейкай асаблівай цеплынёй і шчырасцю. У іх прадчуванне нечага добрага і абнадзейваючага!..
У такую пару хочацца хоць на нейкі момант стаць мастаком, каб перадаць усю тую прыгажосць, што за вокнамі, ці напісаць паэтычны сюжэт, няхай сабе і ў прозе. І падарыць яго вам. Ну, а калі нешта падобнае знаходжу ў вашых лістах, то радуюся, што мы з вамі на адной хвалі.
«Заўсёды мяне вельмі ўзрушае той момант, калі выпадае першы снег. Прыцярушвае яшчэ зусім нясмела, і адразу ж усё наваколле нібыта здзіўляецца ад гэтай нечаканай раптоўнасці. Хаця сёлета неяк ураз, прыгожа і хораша заснежыла», – дзеліцца з намі наша пастаянная слухачка Ірына з Мінска.
Ці вось яшчэ: «У такую пару хочацца апынуцца на лецішчы. Побач лес. Усюды толькі снег, снег... Завіруха засыпае маленькі дамок, здаецца, аж пад самы дах, а ў печцы патрэскваюць дровы... І цішыня наўкол такая, што аж замірае душа», – радкі ад Тамары. Прозвішча не пазначана.
«Ні снежань, ні зіма не замятуць дарогу да бацькоўскай хаты, калі ты па-сапраўднаму любіш і шануеш сваю малую радзіму», – разважаюць у сваіх лістах многія нашы слухачы.
Я і дагэтуль памятаю прызнанне настаўніцы Галіны Шкадун бацькоўскаму куточку, яе Кавалям (вёска ў Мядзельскім раёне, цяпер, на вялікі жаль, былая...), яе прызнанне ўсяму – калодзежу маленства, Захаркаваму дубу, Чумачкову лесу, сажалцы, бацькам, дзеду-кавалю!.. Дарэчы, яна не любіць пра гэта гаварыць, як кажуць у вёсцы, «на ўвесь свет», бо ўсё гэта глыбока жыве ў яе душы і сэрцы.
У такія снежаньскія дні чамусьці прыгадваецца і сустрэча з гарманістам і вандроўнікам Валерыем Алейнікам. У свой час ён скончыў Гродзенскае культасветвучылішча, затым – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Любіць гармонік і... дарогі. Раней, калі жыла маці, ездзіў у Белую Царкву, цяпер – калі ў Брэст, калі ў Мінск. Уладкоўваецца ля ўвахода ў метро і іграе. Я і зараз яго бачу, звычайна па пятніцах. «Грошы для мяне ніколі не былі самамэтай, шчасця яны не прыносяць, – расказваў ён. – Галоўнае – мець любімую справу, занятак па душы, і каб у ёй (у душы!) было тое, чаго нельга адабраць – святло, цяпло і дабрыня».
«Снежань – першы крок зімы. На маю думку, менавіта яго «белыя крокі» даюць нейкую палёгку, – дзеліцца з намі экскурсавод і краязнаўца Валянціна Кароткіна. – Снежань падсумоўвае тое, што зроблена. А яшчэ ўсе ў чаканні добрых надзей. І цудаў! Бо ў душы ўсе мы дзеці, нават самыя зацятыя скептыкі і прагматыкі». І далей Валянціна заўважае пра тое, што важна як мага надалей заставацца дзіцём. І цытуе Максіма Багдановіча:
Падымі ўгару сваё вока,
І ты будзеш ізноў, як дзіця,
І адыдуць-адлынуць далёка
Усе трывогі зямнога жыцця.
Наша пастаянная слухачка Зоя Мікалаеўна Пятровіч з Салігорска прыгадвае сваё дзяцінства, вёску Антанёва на Гродзеншчыне. Яны з сястрой хадзілі ў школу за 7 кіламетраў. Зімы ў тыя гады выдаліся снежныя ды марозныя. «У нас было адно паліто і мамін кажушок, – расказвае Зоя Мікалаеўна. – Чамусьці ніхто з нас не хацеў апранаць менавіта яго, таму вечна спрачаліся. Цяпер мы ўспамінаем, як сястра Мірка прыстройвалася ў школьным гардэробе ў самы канец чаргі, каб ніхто не пабачыў той кажушок».
Гэтай снежаньскай парой нашы думкі залятаюць у мясціны маленства. Некаторыя з вас узгадваюць Піліпаўку, вячоркі і попрадкі. Валянціна Канстанцінаўна Кузьміч з аграгарадка Яечкавічы Іванаўскага раёна ў сваім лісце піша пра рукадзельніц вёскі Махро, іхнія вышыванкі: «Памятаю, як у дзяцінстве мы бегалі да нашай суседкі цёткі Васіліны, дзе збіраліся вышывальшчыцы гладдзю. Жанчыны пераймалі адна ў адной цікавыя ўзоры, кветкі, букеты, вяночкі, а потым уся гэтая прыгажосць «ажывала» на сурвэтках, настольніках, навалачках. Каля жанчын і мы вучыліся гэтаму рамяству». І далей яна расказвае пра сваіх цётак, якія стваралі сапраўдныя ўзоры мастацтва. «Дарэчы, мае дачка і ўнучка таксама прыгожа вышываюць», – дадае Валянціна Канстанцінаўна.
...Калі заснежыць снежань! Згадзіцеся, у гэтым ёсць нават свая шчымлівая музыка. І незвычайнасць яе адценняў, калі многае адбываецца нібыта ўпершыню. А то раптам праступіць і ажыве ўсё такое блізкае і дарагое – дарога дадому, маці ля веснічак, калодзежны журавель, сад у інеі, дымок над комінам...
Буду вельмі рада, калі і вы, паважаныя слухачы, дапоўніце вось гэтыя мае роздумы пра цудоўную пару, калі «заснежыць снежань». Дасылайце іх на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная,4, Дом радыё.