Гэтым разам – пра калодзежы. У даўніну існаваў абрад асвячэння, вытоптвання снегу вакол іх, а таксама ўшанавання вады, якая спрадвеку наталяла чалавека здароўем і сілай духу. Абрад праводзіўся якраз 19 сакавіка, у Канстанцінаў дзень. Хадзілі ў лазню, забаранялася ў гэты дзень сварыцца, брыдкасловіць, п’янстваць ды пляткарыць.
Наш вядомы фалькларыст, даследчык даўніны Іван Іванавіч Крук заўважае: «Калодзеж, студня – гэта звёнка, пасрэднік паміж паднябессем, чалавекам і продкамі». Пра сакральнасць і святасць калодзежа на сядзібе нашых продкаў сведчаць шматлікія занатоўкі, зробленыя падчас навуковых экспедыцый. Вучоны прыгадаў абрад (гэта было на Уздзеншчыне ў 60-я гады мінулага стагоддзя): шасцёра жанчын раніцой збіраліся ля студні, пасыпалі яе макам. Чаму менавіта шасцёра?.. Гэта лічба зямлі. У іншых кутках Беларусі замест маку «сеялі» канаплянае насенне, каб замовіць дождж. Функцыя калодзежа, як канала камунікацыі з «іншым светам», абумовіла яго значэнне і ў дзявоцкіх варожбах на «замужжа» ды «жаночую долю». Наогул, вельмі шмат па-сапраўднаму казачных і незвычайных сюжэтаў, легенд і паданняў, а таксама жыццёвых гісторый, звязаных з калодзежамі.
Звернемся да вашых лістоў.
Памятаю радкі ад Галіны Мікалаеўны Пятрушкі з пасёлка Кастрычніцкі Баранавіцкага раёна: «Нас у сям’і было чацвёра – тры сястры і брат. Жылі ў вёсачцы Заполле-Лозы, пад Баранавічамі». І далей пра тое, як яны з сёстрамі некалькі гадоў таму сабраліся ў бацькоўскай хаце. Захацелася прайсціся і сцяжынкамі маленства. Сустрэча з роднымі мясцінамі праз 50 гадоў! Незабыўная і шчымлівая. Прыпыніліся і каля калодзежа, якому ўжо больш за сто гадоў. Ніхто ніколі не зачыняў веснічак да яго, не вешаў замкі. Ля яго заўсёды было вядро і кубачак. «Няхай будзе дзе напіцца вады людзям, узяць у дарогу, напаіць коней, – так некалі казалі нашы бабуля і матуля», – дадае наша слухачка.
Напярэдадні эфіру тэлефаную ў Драгічын да Галіны Уладзіміраўны Камянец, каб запытацца пра яе калодзеж маленства. Неяк даўней яна распавядала пра хутар каля вёскі Ласінцы, хату, якая стаяла амаль што ў лесе. «Ля нашага калодзежа часта прыпыняліся грыбнікі, ягаднікі, – кажа Галіна Уладзіміраўна. – Вада была вельмі смачная. Ля студні расла антонаўка. І калі часам мы забывалі закрыць вечка, яблыкі траплялі туды і доўга плавалі. Мама хвалявалася за нас, таму прыдумляла ўсялякія гісторыі-страшылкі, каб мы блізка не падыходзілі і тым больш не зазіралі. Цяпер, калі я бываю на тым месцы, ахоплівае настальгія, усплывае маленства, бацькі. Іх няма ўжо на гэтым свеце. Як, дарэчы, і калодзежа».
Здаўна гаспадар сядзібы клапаціўся аб тым, каб студня была прывабная, упрыгожваў яе разьбой, узорамі і г.д. Даследчыкі адзначаюць, што ў розных кутках Беларусі былі свае канструкцыі калодзежнага праёма. Так, напрыклад, на Палессі, дзе вада неглыбока, выкарыстоўваліся тоўстыя ствалы дрэваў з выдзеўбаным стрыжнем, так званыя студні-каўдубы. У Цэнтральнай Беларусі праём мацавалі драўлянымі плашкамі. Шырока вядомая была і канструкцыя ў выглядзе зруба. У Панямонні калодзежы выкладаліся каменнем.
Хацелася б зазірнуць і на хутар ля вёскі Ясень Магілёўскай вобласці. Там усяго шэсць хат. Памятаю, з якім захапленнем чытала я ліст ад Марыі і Зінаіды, яны так і падпісаліся, без прозвішчаў. У ім – пра жыццё на гэтым дзівосным кавалачку зямлі, да якога яны прыкіпелі. Ім заўсёды хораша бачыць, як прыходзіць сюды вясна, прылятаюць буслы, як прабіваецца з-пад зямлі траўка і ўсё жывое. І як заміраюць у паклонах ды выводзяць раніцою свае спрадвечныя песні калодзежныя жураўлі.
Як адзначаюць навукоўцы, калодзеж – гэта сакральнае, святое месца. Забаранялася браць ваду чужым людзям, асабліва ў дні вялікіх свят. Лічылася, што тым самым перадаецца дабрабыт сям’і і прыбытак у гаспадарцы. Катэгарычна забаранялася хадзіць ля калодзежа цяжарнай жанчыне, бо гэта магло адбіцца на яе і здароўі будучага дзіцяці. Калі пры хаце быў свой калодзеж, стараліся не піць ваду з чужога, баяліся, што свой перасохне.
Асабліва шанавалі нашы продкі культавыя ці святыя калодзежы, вада якіх надзялялася гаючымі ды ачышчальнымі ўласцівасцямі. З імі былі звязаны найцікавейшыя паданні. Паблізу вёскі Масалаі Крупскага раёна ёсць Вітаў калодзеж, які, паводле легенды, выкапаны для караля Віта. У Любанскім раёне – Святы калодзеж, каля якога праводзяцца набажэнствы на Макавея. Паблізу Віцебска, пад Юр’евай гарой, пабудавана капліца, як, дарэчы, і ў іншых кутках Беларусі. Цікавыя гісторыі можна распавесці пра Дзявочы і Сіні калодзежы, калодзеж Ундзіны, Еўжын і Князь-калодзеж ды іншыя.
Ну, а сённяшні дзень, 19 сакавіка, асаблівы для ўшанавання гэтага сакральнага месца. Напэўна многім з вас захацелася прыгадаць свой калодзеж маленства, каб аддаць даніну памяці таму кавалачку зямлі, адкуль усё пачыналася.