Рада сустрэцца з вамі ў гэты святочны дзень! На Ражаство! Нават калі і зімы цяпер не надта снежныя ды марозныя, калі дакучае пандэмія, а за вокнамі замест снегу часам ідзе дождж, усё роўна нашы душы настроены на зімовыя святы, іх хараство і духоўнае ўзрушэнне.
Як заўважаюць даследчыкі даўніны, у Беларусі хрысціянская абраднасць святкавання пераплецена з народнымі звычаямі. Так было, і, спадзяёмся, будзе заўсёды: калядоўшчыкі, пераапрананні, маскарады, багатыя застоллі і госці, падарункі. Абавязкова вера ў таямніцы і казкі, якія жывуць з самага маленства.
Сёння мы зноў звернемся да вашых лістоў, у якіх вы распавядаеце пра бацькоўскі куток, родную хату, матулю і Каляды маленства.
«Мы вельмі любілі зімовыя святы – Новы год, Каляды, Шчадрэц, – прыгадваю радкі з ліста ад Валянціны Перапечкі з вёскі Саковічы Салігорскага раёна. – У тыя далёкія гады моладзі ў вёсцы было шмат, збіраліся вялікім гуртам, калядавалі. Калі я вучылася ў трэцім класе, пасля Шчодрыка мае бацькі ўгледзелі намаляваную чарнілам сцежку ад нашай хаты да суседняй». І далей пра тое, што гэта былі штукарствы вясковай моладзі, намёк на тое, што дзяўчынка (аўтар гэтых радкоў) падабалася суседскаму хлопчыку-аднакласніку, вось яны, так бы мовіць, пажартавалі, і «злучылі» гэтай сцежкай іх хаты.
«Гэта было ў сярэдзіне 1960-х, – радкі з ліста ад Валянціны Пякарскай з вёскі Сянькоўшчына Слонімскага раёна. – У той год я скончыла школу, працавала бібліятэкарам у адной з вёсак нашага раёна. Зіма была снежная, марозная. У той дзень усхадзілася завіруха. Але ж мне вельмі хацелася трапіць на Каляды дадому». І далей пра тое, як яна з прыгодамі дабіралася на аўтобусе, потым па цемнаце, праз снежную цаліну: ні агеньчыка, ні гуку, наўкол толькі замець. Але ж усё скончылася жаданай сустрэчай з родным домам.
Незадоўга да гэтага эфіру мы атрымалі ліст ад Галіны Крупянковай з Мінска. Я заўважыла, Галіна Сцяпанаўна ў такія святочныя дні абавязкова стараецца даслаць свае віншаванні з пажаданнямі. Узгадвае Каляды маленства. А таксама казкі і гісторыі, якія некалі распавядала ёй бабуля. Пра тое, што той прысніўся сон (пасля варажбы) пра сустрэчу з мараком. Праз нейкі час бабулін брат прыехаў у госці са сваім сябрам. Яны пазнаёміліся, пабраліся шлюбам. Яе дзядуля-марак ваяваў падчас руска-японскай вайны, узнагароджаны Жалезным крыжам. Цар Мікалай другі прымаў герояў у сваім палацы. Бабуля з дзядулем нейкі час жылі ў Пецярбургу, потым пераехалі ў вёску. Там ў іх нарадзілася многа дзяцей. Тры сыны ваявалі ў Вялікую Айчынную, старэйшы і малодшы загінулі на фронце. Галіна Сцяпанаўна не раз распавядала і пра ёлку маленства, цацкі, якія выраблялі самі. І пра тое, што доўгімі зімовымі вечарамі яны з задавальненнем слухалі Беларускае радыё.
Тамара Падзялінская з аграгарадка Парэчанка таксама часта дзеліцца з намі сваімі гісторыямі. Нядаўна расказала пра тое, якім быў для яе сям’і 2021 год, што прынёс. Яе дачка стала дырэктарам мясцовай сярэдняй школы, другая таксама педагог. У іх дынастыя настаўнікаў. І вось такія радкі з гэтага ліста: «Мая мама верыла ў Бога, спявала ў царкве. І я цяпер, калі дазваляе здароўе, таксама хаджу ў храм. Быў час, калі пра Бога забылі, нашу Берштаўскую царкву пусцілі пад збожжасклад. Іконы людзі прыхавалі. Цёмны час мінуў, і яны вярнуліся на месца. Людзі, не губляйце веры, надзеі, беражыце мір і спакой на зямлі!» – заклікае аўтар ліста.
І яшчэ пра адметнасць менавіта гэтага дня, 7-га студзеня. Аказваецца, сёння яшчэ і Дзень вынаходства фатаграфіі, Міжнародны дзень недарэчнай паходкі і нават Дзень разблытвання лыжных слядоў. Уяўляеце? Я таксама, як і вы, здзівілася. Але ж, калі разабрацца, дык у гэтым таксама ёсць свой сэнс. Калі зімы снежныя ды марозныя, можна было адправіцца ў лес на лыжную прагулку. А там толькі паспявай разгадваць патаемныя знакі: вось гэта заечы след, а вось птушыны, а далей – вялікія «правалы» на снежным палатне?.. Няўжо мядзьведзь?.. Ну гэта так, мроі. Магчыма вавёрачка «прытармазіла» перш, чым сігануць на сасну... Вось вам і «распутванне»! А калі ўключыць у працэс назірання дзіцячую дапытлівасць і цікаўнасць да таямніц, у самы раз з тых нітачак-слядочкаў «звязаць» сваю незвычайную зімовую гісторыю. І нам расказаць.
Гэта асабліва разумеюць тыя, хто жывуць за горадам. Як і мая субяседніца, гераіня чарговай праграмы «Галерэя» Хрысціна Лямбовіч. Са старадаўняга мястэчка Ракаў. «Гарадок наш невялікі, а калі я трапляю на сваю сядзібу, наогул такое адчуванне, што за вокнамі пачынаецца пушча, побач лес, балота і бабры!.. Куточак, дзе здаўна жыў род Лямбовічаў», – кажа яна. Прапрадзед, Клеменс Лямбовіч, апрача любові да зямлі, лесу, меў цягу да музыкі. Рамантаваў фізгармоніі, нават арганы. Пра гэта (і не толькі), а яшчэ пра валожынскія паясы «на ніту» ці «на назе», іх узоры, каларыстыку, назвы і абрады, звязаныя з паясамі, іншыя традыцыі – заўтра, 8-га студзеня ў 9:05 у праграме «Галерэя».
Па-ранейшаму чакаю вашых зімовых і калядных гісторый, звычайных і незвычайных. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4. Дом радыё.