Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Каляды маленства». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 07.01.2021
«Звычайныя гісторыі. Каляды маленства». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Вітаю вас у гэты святочны дзень Нараджэння Хрыстова! Па календары праваслаўных вернікаў.

Дні цяпер такія, што душа просіцца ў бацькоўскі куток, у тую хату ля дарогі. Да маці. Здаецца, і цяпер яна стаіць ля веснічак, як некалі, у такой знаёмай да болю хусцінцы. А там – сцяжынка, што збегла ўдалячынь разам з тваім дзяцінствам і цяпер ніяк не можа вярнуцца. А там – тыя марозна-снежныя зімы, сумёты і завеі. І – ёлка пад самую столь, падарункі пад ёю і невялічкі Дзед Мароз – цацка з той далёкай дзіцячай пары.

Пра маленства, Каляды і ў вашых лістах.

«Непадалёку ад вёскі Сцегачы, зараз Малы Жабін Салігорскага раёна, стаяў некалі высокі крыж, – радкі з ліста ад нашай слухачкі Валянціны Бабко-Аляшкевіч,– быў ён бачны здаля, дубовы, з ручнікамі-вышыванкамі. Казалі, што якраз на тым самым месцы некалі была царква. Яна згарэла, новую так і не пабудавалі. Крыж стаў сапраўдняй святыняй. Штогод, на Юр’я, да яго ішлі пехатою, ехалі на вазах і роварах сотні людзей з навакольных вёсак. Было адчуванне нечага вялікага і святога. Усё гэта засталося са мной назаўсёды. Як і Каляды».

Піша Аляксандра Сцяпанаўна Бараноўская: «Вёсачка майго дзяцінства – Некрашоўка Ельскага раёна – жыве ва ўспамінах і снах. Дзве шырокія вуліцы з завулачкамі: Хутар і Хутарышча. Даўней там была панская сядзіба з садам, векавымі ліпамі, язмінам, бэзам і крыніцамі. Памяць выхоплівае калодзежны журавель, які ўжо не заскрыпіць, не ўзляціць. Засталася толькі яміна, парасло ўсё травой. Маю вёсачку закрануў Чарнобыль. Колькі жыць буду, столькі будзе жыць са мною дарагі і любы сэрцу куточак».

Згадзіцеся, жывуць з намі і асобныя рэчы, якія сімвалізуюць і нашы святы, і нашы будні. Ніколі не забуду, як педагог, школьны дырэктар Алена Севасцьян з Астраўца расказвала пра матулін абрус, якім яна засцілае калядны стол. За ім збіраецца сям’я, потым усе яны ідуць-едуць да касцёла. У знакамітыя Гервяты. І вось ужо, здаецца, чуецца з яе расповедаў і зімовая цішыня, і гукі аргана, і калядныя спевы – ўсё такое ўзвышанае і зямное.

Пра творы мастачкі Марыі Ісаёнак кажуць, што гэта цуд, сатканы са святла і паветра. І што яны – нібыта няўлоўная казачная калядная прастора. «Якое гэта шчасце, калі тваім пэндзалем водзіш не ты, а нібыта нейкі чараўнік», – распавядала падчас сустрэчы Марыя Ісаёнак. А яшчэ пра тое, якія прыгожыя рэчы вязала яе матуля, пра круглы стол з бацькоўскай хаты, які яна вельмі любіць маляваць. Пра нацюрморт «Аксаміткі»: на цёплым фоне – маміны сурвэткі, маленькая лялька, драўляная кадка. «Здараецца, што нейкі вобраз, сюжэт жыве ў тваіх думках гадамі, і раптам адбываецца нешта незразумелае, ты падыходзіш да палатна, бярэшся за фарбы... Гэта нібыта сонечнае святло – вось яно «скокнула, прыбегла, зачапілася».

Ці вось радкі: «У двары, каля бабулінай хаты, расце дзіўнае дрэва. Грэцкі або, як кажуць палешукі, «валоскі» арэх – рэдкасць нават для паўднёвых краёў, – піша Раіса Трухановіч з Жыткавіцкага раёна. – Раней, калі я прыязджала да бабулі, збірала гэтыя шурпатыя, круглыя, падобныя на малюсенькія мячыкі, плады, лушчыла, акуратна даставала сярэдзінку, каб не раструшчыць, бо здавалася мне, што гэта зародак жыцця чалавечага, увасабленне патаемнай повязі людскога роду, камячок сонечнай энергіі, існасць. Не раз думала: чаму бабуля пасадзіла каля хаты менавіта арэх, а не таполю ці рабіну?.. Мабыць, яна ведала нейкі іншы сэнс, бачыла ў гэтым іншы знак? Сімвал роду, жыцця?!. Я буду расказваць пра дрэва сваім дзецям, унукам, мы будзем прыязджаць да яго, а значыць і да бабулі».

«Усе мы вельмі любілі зімовыя святы – Новы год, Каляды, Шчадрэц, – гэта я прыгадваю радкі з ліста ад Валянціны Данілаўны Перапечка з вёскі Саковічы Салігорскага раёна. – У тыя далёкія гады моладзі ў вёсцы было шмат, збіраліся вялікім гуртам, калядавалі. Калі я вучылася дзесьці ў класе трэцім, пасля Шчодрыка мае бацькі ўгледзелі намаляваную чарнілам сцежку ад нашай хаты да суседняй». І далей пра тое, што гэта былі штукарствы вясковай моладзі, намёк на тое, што дзяўчынка (аўтар гэтых радкоў) падабалася суседскаму хлопчыку-аднакласніку, вось яны, так сказаць, і «злучылі» гэтай сцежкай іх хаты.

«Гэта было ў сярэдзіне 1960-х, – радкі з ліста ад Валянціны Пякарскай з вёскі Сянькоўшчына Слонімскага раёна. – Скончыла школу, працавала бібліятэкарам у адной з вёсак нашага раёна. Зіма тады выдалася снежная, марозная. А ў той дзень усхадзілася завіруха. Але ж мне вельмі хацелася трапіць дадому, на Каляды». І далей пра тое, як дабіралася, спачатку на аўтобусе, потым па цемнаце, калі ані агеньчыка, ані гуку, толькі наўкол завіруха. Але ж ўсё скончылася жаданай сустрэчай з родным домам.

Успаміны пра маленства і Каляды… Мы чакаем вашых зімовых і калядных гісторый, звычайных, а можа і незвычайных. Асветленых святам Ражаства і верай толькі ў лепшае!

Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4. Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: